На мінулым тыдні сястра распавяла, што напякла тонкіх блінцоў і пачаставала імі сваіх суседзяў па лесвічнай пляцоўцы. Яны іншаземцы, таму пра Масленіцу пачулі ўпершыню. Шматдзетная мама вельмі ўзрадвалася такому знаку ўвагі. Сказала, што дзеці і муж дагэтуль згадваюць «Аліўе», якое Наташа прыносіла ім на Новы год. «Днямі я перабрала рэчы сына, з якіх ён ужо вырас, і таксама прапанавала ёй некалькі пакетаў. Маўляў, выберы, што падыдзе. Астатняе можаш у царкву аддаць, магчыма, там камусьці з прыхаджан спатрэбіцца».
Добры прыклад заразны. Суседка таксама прынесла і пачаставала Наташу і яе сям’ю хлебам, які пячэ сама. Сястра злавіла сябе на думцы, што для яе большае шчасце — даваць, чым атрымліваць. І дадала: «Недарэмна ў чалавека дзве рукі. Прымаючы левай, трэба раздаваць правай». Галоўнае — рабіць гэта ад чыстага сэрца. А не так, як адна мая знаёмая, якая ўсё аддае са словамі «вазьмі, бо мне гэта не патрэбна, усё адно буду выкідваць». Як кажуць у народзе, «на табе, Божа, што мне нягожа».
«Вы заўважылі, што мы ў дом усё нясём, нясём, нясём, а з дома... хіба памыйнае вядро выносім, — разважае псіхолаг Марына Таргакава. — Мала добрага з дому выносім. Вось такія мы, а не такія, як пра сябе думаем. А цяпер добра пра сябе думаем, асабліва калі ў нас шмат падпісчыкаў. Цяпер свет лічбаў. Мы з вамі пазнаёміліся — і адразу лічбы глядзім. Так сабе праглядаў, так сабе... Ну а проста ўявіце: мы ж перастаём бачыць адно аднаго! На Усходзе гэта вельмі добра раней ведалі, таму абсалютна ўсе бабулі пяклі штосьці і абавязкова частавалі суседзяў. І сёння кожнаму з нас варта больш аддаваць. Прычым рабіць гэта з радасцю і лёгкім сэрцам». Дарэчы, аддаваць можна не толькі рэчы і грошы... «А што яшчэ?» — спытаеце вы. Адказ знойдзеце ў прытчы.
Жыў-быў бядняк. Ён назіраў, як удала ў яго знаёмых ідзе гандаль, як яго суседзі багацеюць. Вось толькі ў яго самога ўсё ніяк не ладзілася. Аднойчы хмуры, стомлены, ён цягнуўся па дарозе і ўбачыў мудраца.
— Чым ты засмучаны? — спытаў мудрэц.
— Я ніяк не магу выбрацца з беднасці, — прызнаўся чалавек. — Зусім не ведаю, як мне выправіць сітуацыю. Спрабаваў займацца гандлем, навукай, але нічога не выходзіць.
— Ты бедны, бо ты не ўмееш быць шчодрым, — адказаў мудрэц.
— Але як мне быць шчодрым? У мяне няма грошай. Я нават не магу купіць сабе новае адзенне, мне няма на што пабудаваць лодку. Я б і рады нешта падарыць людзям, але мне і на сябе не хапае.
— Хіба шчодрасць праяўляецца толькі ў грошах? Кожны чалавек, незалежна ад таго, ці ёсць у яго грошы, усё адно багаты. Настолькі, наколькі сабе дазваляе. У кожнага з нас ёсць сем крыніц багацця, матэрыяльныя даброты — гэта толькі адна з іх. Так, у цябе няма адной, але ёсць іншыя шэсць.
— І што ж гэта за крыніцы?
— Гэта тваё сэрца, твае думкі, твае вочы, твая ўсмешка, твае словы і твае рукі. Сэрца: ты можаш проста шчыра жадаць усім без выключэння шчасця. Думкі: яны заўсёды павінны быць добрыя. Вочы: ты можаш глядзець з надзеяй, любоўю, шчырасцю на гэты свет. Усмешка: ты можаш дарыць бясконцую колькасць усмешак дарослым, дзецям, жывёлам, раслінам, небу. Словы: ты можаш жадаць дабра, захапляцца прыгажосцю, казаць добрыя рэчы. Рукі: ты можаш кожны дзень рабіць нешта карыснае для тых, хто мае патрэбу. Дапамажы пажылому суседу прыбраць яго агарод. Дапамажы дзіцяці зрабіць цацку. Дапамажы суседцы паднесці цяжкія цюкі.
— Добра, я зразумеў. Дзякуй табе, — у вачах бедняка з’явілася надзея.
— І памятай галоўнае, — ненадоўга спыніў яго мудрэц. — Дары тое, што ў тваіх сілах, проста так, не чакаючы і не просячы нічога ўзамен. Няхай маўчыць той, хто даў, і кажа той, хто атрымаў. І сапраўднае багацце ад свету абавязкова да цябе прыйдзе, цалкам верагодна, ад зусім іншых людзей, іншых спраў. І не забывай яшчэ пра адну мудрасць: «Багаты не той, у каго шмат, а той, каму дастаткова».
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».