Вы тут

Шматдзетная сям'я амаль год чакае, каб ім распрацавалі праект дома


Яўген і Вольга БЕГУНОВЫ і іх пяцёра дзяцей жывуць у аграгарадку Мышкавічы Кіраўскага раёна. Жывуць дружна, але цесна. Чакаюць, калі нарэшце змогуць пераехаць ва ўласны прасторны дом. Праўда, дом для шматдзетнай сям'і будаваць яшчэ нават не пачыналі. А яго праект, які паабяцалі аплаціць яшчэ ў канцы мінулага года, так і не гатовы.


Сям'я БЕ­ГУ­НО­ВЫХ амаль у поў­ным скла­дзе.

Ордэн Маці і страшны дыягназ

«Праходзьце, — запрашае Вольга Бегунова. — Не глядзіце, што фарба адлупліваецца: тут такая вільгаць у доме! Кожны год веранду фарбаваць даводзіцца. А з цвіллю за батарэямі не ведаем ужо, што рабіць: нічога не дапамагае».

Пра тое, што тут жыве шмат дзяцей, здагадваешся яшчэ на ўваходзе: тумбачка забіта маленькімі чаравікамі і тапачкамі. Уся сям'я дома амаль у поўным складзе. Няма толькі трохгадовай Вары: малая цяпер у дзіцячым садку. Старэйшаму з дзяцей, Косцю, 11, малодшай Каці — усяго год.

Некалькі месяцаў таму Вольга атрымала Ордэн Маці (ім уганароўваюць жанчын, якія нарадзілі і годна выхавалі пяць і больш дзяцей). Узнагарода дагэтуль вісіць прышпіленая да сукенкі, у якой Вольга ездзіла на ўрачыстае ўручэнне. Жанчына прызнаецца: вялікая сям'я для яе не ў навіну — у яе бацькоў было шасцёра дзяцей.

Стары дом, дзе цяпер жывуць Бегуновы, — службовы. Гаспадарка «Світанак», дзе Вольга працавала вядучым інжынерам па ахове працы і тэхніцы бяспекі, выдзеліла яго ў 2013 годзе. Тады дзяцей у сям'і было двое і 45 квадратных метраў жылой плошчы хапала. А цяпер няма нават месца, каб шафу добрую паставіць.

Самім пабудаваць ці набыць свой дом — задача, здаецца, нерэальная. Муж Яўген — галоўны кармілец — два гады таму атрымаў інваліднасць. У той час ён матаўся ў Расію, каб зарабіць, браўся нават за самую цяжкую працу. У адзін з тых дзён шчыраваў на будоўлі. І раптам — кальнула ў шыі. Боль быў такі востры, што мужчына нават не застаўся дапрацоўваць на аб'екце — хутчэй паехаў дадому.

Аказалася, што ў Яўгена кіста ў шыйным аддзеле спіннога мозгу. Апісанне дыягназу займае ў медкартцы некалькі радкоў: «цэрвікальная міелапатыя пасля ўдару спіннога мозгу на шыйным узроўні...». Усё, што можна зрабіць, — прымаць падтрымліваючыя лекі.

— Мы ездзілі нават да прафесара ў Мінск на кансультацыю. Думалі, можна выдаліць кісту. Але ён нам адкрыта сказаў: «Дарма абнадзейваць не буду. Рабіць аперацыю не возьмуцца ні ў нашых медыцынскіх цэнтрах, ні ў замежных клініках», — расказвае Вольга.

Працу на будоўлях і рамонт мэблі Яўгену прыйшлося кінуць. Дапамагае жонцы весці дамашнія справы. Таму цяперашні даход сям'і — пенсія бацькі па інваліднасці і дзіцячыя дапамогі. На жыццё больш-менш хапае, але адкладваць грошы, зразумела, не атрымліваецца.

Ва ўласнасці сям'і ёсць толькі зямельны ўчастак у Мышкавічах з нежылой пабудовай. Набылі яго неяк даўно, ды так і не паспелі прывесці ў парадак. Падлога ў той пабудове прагніла, вокны ледзь не рассыпаюцца.

Учас­так, дзе па­він­ны па­бу­да­ваць но­вы дом.

Кватэра — не варыянт

Вольга падавала заяву на паляпшэнне жыллёвых умоў. Паколькі сям'я пражывае ў сельскай мясцовасці, то мае права на бясплатнае будаўніцтва дома. Плошча будучага дома — каля 200 квадратных метраў (згодна з Указам Прэзідэнта №13, будаўніцтва для шматдзетных сем'яў на вёсцы крэдытуецца з разліку 30 «квадратаў» на чалавека). Ужо амаль распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. Засталося толькі зрабіць праект газа- і электразабеспячэння. Але ўзнікла праблема.

— Кошт праекта, які нам агучвалі ў арганізацыі, — 1400 рублёў. 500 з іх заплаціў мой калгас, астатнія 900 абяцаў перавесці райвыканкам яшчэ ў снежні мінулага года. Так дагэтуль і не разлічыўся. У выніку праект да канца не гатовы, будаўніцтва не пачалося, — дзеліцца жанчына.

За гэты год яна столькі разоў была ў выканкаме, што на прапускной нават дакументы паказваць не просяць: ужо ведаюць у твар.

Сям'і некалькі разоў прапаноўвалі кватэру ў Кіраўску, але Бегуновы адмаўляліся.

— Па-першае, нам патрэбна свая гаспадарка. Цяпер у нас ёсць агарод, козы, качкі, куры, трусы. Для шматдзетнай сям'і гэта значная эканомія — мяса ў краме дарагое, — тлумачыць Вольга. — Па-другое, нашы родныя — мая мама, свякроў — жывуць тут, у Мышкавічах. Я часта ў бальніцы з сынам ляжу (у двухгадовага Віці ІІ ступень страты здароўя з-за ДЦП. — Аўт.), трэба, каб было каму за дзецьмі на гэты час прыглядзець. А ў Кіраўску ў нас нікога няма.

У аграгарадку і садок са школай непадалёк знаходзяцца. Дзеці, кажа Вольга, стараюцца вучыцца: амаль выдатнікі. Ходзяць у Палац культуры на гурток малявання — старэйшы Косця, напрыклад, марыць быць архітэктарам.

— Хочацца, каб нарэшце вырашылася гэта пытанне з жыллём, пакуль дзеці яшчэ малыя, — уздыхае жанчына. — Мы з мужам пацерпім, а дзеці павінны расці ў нармальных умовах.

Ор­дэн Ма­ці да­гэ­туль ві­сіць пры­шпі­ле­ны  да су­кен­кі, у якой Воль­га ез­дзі­ла  на ўра­чыс­тае ўру­чэн­не.

«Сродкаў на раён выдзяляюць мала»

У Кіраўскім райвыканкаме запэўніваюць: сітуацыю Бегуновых яны трымаюць на кантролі.

— Разумееце, такая сям'я ў нас не адна. Бегуновы — шостыя па чарзе сярод сем'яў, дзе выхоўваюць пяць і больш дзяцей, — каментуе намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў НЯВІНСКІ. — Чаму гэта чарга ўтварылася? Бо сродкаў, якія раёну выдзяляюцца, скажам шчыра, мала. Летась мы толькі двух чалавек змаглі крэдытаваць на будаўніцтва жылля. На наступны год мы заявілі на аблвыканкам сродкі на дзесяць сем'яў. Колькі нам дадуць, я не магу прагназаваць.

На дом для Бегуновых, дарэчы, патрэбны 200 тысяч рублёў — гэта 100 тысяч долараў. Працэдура наступная. Сям'я афармляе льготны крэдыт на гэту суму, будуе дом, здае яго ў эксплуатацыю. Пацвярджае ў банку мэтавае выкарыстанне сродкаў і прапісваецца ў новым жыллі. А потым 100% крэдыту пагашае дзяржава — сям'я нічога не плаціць.

— Тут яшчэ важны момант. Раней патрабавалася 15-працэнтная гатоўнасць дома і толькі тады банк выдзяляў крэдыт. 15% — гэта мінімум фундамент. Самі разумееце: калі пяць дзяцей, муж-інвалід, пачаць самім будаўніцтва праблематычна. Але цяпер гэты пункт адмянілі, — адзначае Вячаслаў Нявінскі.

Пастанова, у якой вызначаецца, колькі сродкаў выдзяляецца для вырашэння жыллёвых праблем шматдзетных сем'яў, прымаецца ў канцы студзеня — пачатку лютага. Грошы выдаюць на шматкватэрнае і індывідуальнае будаўніцтва. Па словах Вячаслава Нявінскага, шанцы вялікія, што Бегуновы ў наступным годзе льготны крэдыт атрымаюць. Тады і будзе аплачана праектна-каштарысная дакументацыя і пачнуць узводзіць дом.

— Так, па часе ўсё вельмі расцягваецца, — згодны намеснік старшыні райвыканкама. — Мы хадайнічаем са свайго боку. Не проста фармальна заяўляем на аблвыканкам грошы: мы ўсіх, хто прэтэндуе на льготны крэдыт, каментуем, апісваем іх жыццёвыя сітуацыі.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Кіраўскі раён

Загаловак у газеце: Жыллё для семярых

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.