Вы тут

Болевыя кропкі школьнага харчавання


Дзеці хочуць, каб у школе іх кармілі смачна. Для бацькоў важна, каб гэта было яшчэ і танна. А як усё адбываецца ў рэчаіснасці? Што ўключае школьнае меню, чым гандлююць школьныя буфеты, чаму кошт школьнага абеду істотна вар'іруецца ў розных рэгіёнах? Усё гэта стала прадметам праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю. Напярэдадні новага навучальнага года ў сценах КДК адбылася сур'ёзная размова з запрашэннем усіх зацікаўленых бакоў: міністраў адукацыі і аховы здароўя, прадстаўнікоў міністэрстваў антыманапольнага рэгулявання і гандлю, фінансаў, дзяржаўнай санэпідслужбы, а таксама мясцовых органаў улады.


Макарона замест рыбы

— Сёння харчаваннем ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ахоплены амаль адзін мільён навучэнцаў, пры гэтым каля паўмільёна школьнікаў харчуюцца бясплатна — за кошт сродкаў бюджэту, — паведаміў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід АНФІМАЎ. — Забеспячэнне харчаваннем — важная мера сацыяльнай абароны навучэнцаў. Датацыі з бюджэту на гэтыя мэты складаюць штогод каля 135 мільёнаў рублёў, або 70 мільёнаў долараў. Таму кожная капейка павінна быць выдаткавана так, каб потым не даводзілася чырванець ці яшчэ горш — адказваць па ўсёй строгасці закона. Гэту задачу павінна вырашаць уся вертыкаль улады: пачынаючы ад Савета Міністраў — да старшынь райвыканкамаў. Аднак праведзеная намі праверка паказала, што адпаведная работа праводзіцца не на належным узроўні.

Але спачатку некалькі фактаў, якія выявілі дзяржаўныя кантралёры. Натуральныя нормы харчавання (а пад імі трэба мець на ўвазе задавальненне сутачных фізіялагічных патрэб дзіцяці ў пажыўных і мінеральных рэчывах) не выконваюцца амаль паўсюдна. Так, у адной з магілёўскіх школ каларыйнасць сутачнага рацыёну аказалася ніжэйшай за ўстаноўленую на 30—40% (у залежнасці ад узросту).

— Натуральныя нормы не захоўваюцца яшчэ на этапе планавання двухтыднёвага меню, — паведаміла начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК Алена МАСУРНОЎСКАЯ. — Так, у прыкладным меню зацверджаным у камбінаце школьнага харчавання Фрунзенскага раёна сталіцы на асенне-зімовы перыяд, сярэднядзённы расход прадуктаў складаў па рыбе ўсяго толькі 30 працэнтаў ад натуральнай нормы харчавання, садавіне — 40%, соках — 30%, смятане — 45%. У той жа час па макаронных вырабах, крупах і бабовых назіралася перавышэнне на 132%.

У двухтыднёвым меню камбіната школьнага харчавання Партызанскага раёна сталіцы сярэднядзённы расход прадуктаў адставаў ад натуральных нормаў па 25 найменнях з устаноўленых 33. Затое натуральныя нормы харчавання перавышаліся па сухафруктах, каўбасных і кандытарскіх вырабах.

Варта зазначыць, што сітуацыя з выкананнем натуральных нормаў значна лепшая там, дзе пытаннямі арганізацыі харчавання займаюцца органы кіравання адукацыяй. Напрыклад, у Віцебскай вобласці ў школах, дзе за гэта пытанне адказваюць аддзелы адукацыі, выкананне натуральных нормаў складае 98—99%, а ва ўстановах, якія абслугоўваюць спецыялізаваныя арганізацыі грамадскага харчавання, толькі 80—90 працэнтаў.

"Свабодныя" цэны

У Камітэце дзяржаўнага кантролю лічаць праблемай той факт, што ў сістэме адукацыі адсутнічае адзіны падыход да арганізацыі харчавання навучэнцаў. У Мінскай вобласці гэту функцыю ўзялі на сябе аддзелы і ўпраўленні адукацыі рай- і гарвыканкамаў, у сталіцы амаль цалкам — спецыялізаваныя камбінаты школьнага харчавання (КШХ). Па краіне школьным харчаваннем займаюцца таксама арганізацыі спажывецкай кааперацыі і іншыя юрыдычныя асобы. Як вынік — адсутнічаюць адзіныя падыходы да цэнаўтварэння.

Для прыкладу, у Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях узровень гандлёвых надбавак на сыравіну не быў абмежаваны і нацэнкі школьнага харчавання прымяняліся да свабодна сфарміраваных рознічных цэн, што дазваляла арганізатарам харчавання прымяняць на прадукцыю свабоднае цэнаўтварэнне. Пры гэтым у Мінску, нават ва ўмовах абмежавання гандлёвых надбавак і нацэнак, завышаліся рознічныя цэны на гатовыя вырабы. Парушэнні дапускаліся ўсімі камбінатамі школьнага харчавання. Гандлёвая надбаўка прымянялася не да адпускной цаны арганізацыі-вытворцы ці імпарцёра, а да цаны пасярэдніка, які ўжо прымяніў аптовую набаўку.

Толькі адзін прыклад, як гэта адбываецца на практыцы. На камбінат школьнага харчавання было пастаўлена 300 кілаграмаў разынак па цане 6,49 рубля за кілаграм. Кантралёры высветлілі, што імпарцёр прадаў разынкі пасрэдніку па цане 2,50 рубля за кілаграм. Затым КШХ Фрунзенскага раёна вызначыў рознічную цану на згаданую сыравіну ў памеры 7,46 рубля прымяніўшы дазволеную надбаўку да цаны пастаўшчыка ў 15%. У выніку агульны памер аптовай і гандлёвай надбавак да цаны імпарцёра склалі 198,3%! Зразумела, што пры такім раскладзе фарміруецца завоблачная цана на прадукцыю ўласнай вытворчасці, а хтосьці на гэтым цудоўна зарабляе. Пры гэтым арганізацыі, якія ажыццяўляюць харчаванне навучэнцаў, вызваляюцца ад аплаты камунальных паслуг, платы за арэнду памяшканняў, што з улікам існуючых нацэнак на прадукцыю дазваляе кіраўнікам гэтых прадпрыемстваў атрымліваць заработную плату да 3 тысяч рублёў у месяц.

— На момант праверкі гэта быў большы заробак, чым у віцэ-прэм'ера ўрада і тых міністраў, што мы запрасілі на сённяшняе пасяджэнне калегіі, — заўважыў Леанід Анфімаў.

А падайце мне фарэль!

Што тычыцца работы камбінатаў школьнага харчавання, то тут выяўляліся таксама і выпадкі закупкі дарагіх прадуктаў, не прадугледжаных у рацыёнах двухтыднёвых меню для харчавання дзяцей у школах. 23 лютага і 9 сакавіка 2017 года са склада КШХ Заводскага раёна сталіцы ў 9 школьных сталовых адправілі фарэль слабасалёную фасаваную агульнай колькасцю 8 кілаграмаў па цане 8,72 рубля за ўпакоўку ў 200 грамаў і 12,80 рубля за 300-грамовую ўпакоўку. Па дакументах рыба быццам бы была рэалізаваная ў выглядзе бутэрбродаў праз свабодны продаж, а ў дзвюх школах нават была дабаўлена ў комплекс на абед і падвячорак.

— Ну як можна паверыць ў тое, што гэту рыбу з'елі школьнікі? — задае рытарычнае пытанне Алена Масурноўская. — Не паддаецца ніякаму здароваму сэнсу і наступны абуральны факт: у школьных сталовых Віцебска былі рэалізаваныя пірожныя з выкарыстаннем ...каньяку. Якімі ж гурманамі павінны быць нашы школьнікі, каб для задавальнення іх вытанчанага густу было закуплена аж пяць бутэлек каньяку? Заўважу, што гэта адбывалася ў сакавіку...

— За здароўе школьнікаў можна не хвалявацца, бо мы ўсе разумеем, што алкаголь прызначаўся зусім для іншых мэт, — пракаментаваў ўскрыты факт Леанід Анфімаў.

Ваш абед крышачку сапсаваўся

Яшчэ адна праблема — прыём наяўных сродкаў за харчаванне. Як правіла, грошы перадаюцца школьнікамі настаўнікам, а тыя перадаюць іх работнікам сталовых без атрымання чэка. Прычым у большасці школьных сталовых і буфетаў грошы на харчаванне прымаюцца без касавага абсталявання і плацежных тэрміналаў.

— У дзень назірання за прыёмам сродкаў у сталовай адной са сталічных гімназій выручка склала 2439 рублёў — гэта на 71% больш, чым тая сума, якая была атрымана за папярэдні дзень, але без нагляду кантралёраў. Сітуацыя паўтарылася і на наступны дзень: зноў у прысутнасці кантралёраў выручка была намнога большая. Значыць, без нашай прысутнасці грошы застаюцца ў кагосьці ў кішэнях, — канстатавала начальнік упраўлення.

Якія яшчэ парушэнні былі выкрыты работнікамі Дзяржкантролю? Факты выкарыстання прадуктаў з тэрмінам прыдатнасці, які скончыўся. У буфеце сталовай мінскай школы на момант праверкі ў рэалізацыі знаходзілася 11 найменняў кулінарнай прадукцыі (салаты, бутэрброды, жэле) з завершаным тэрмінам прыдатнасці. У сталовай сталічнай гімназіі было выяўлена 27 порцый рысавай кашы ў замарожаным выглядзе з завершаным тэрмінам прыдатнасці. У буфетах школ Жлобіна 80% прадукцыі складалі розныя віды ласункаў і выпечкі, а садавіна, салаты і малочныя прадукты — толькі 20%.

У адной з мінскіх гімназій дзяцей кармілі пловам, у якім недаўкладанне мяса складала... 75%. Не выключана, што хтосьці "зэканомленае" мяса выкарыстаў дома для падрыхтоўкі класічнага плову. У сталічнай гімназіі сняданак і абед адпускаліся дзецям у адзін прыём, таму на адно дзіця прыпадала больш за кілаграм (!) ежы.

У сталовай мінскай школы ў мыечным памяшканні знайшлі 2,4 кілаграма свіной лапатачнай часткі і амаль 3 кілаграмы свінога фаршу. Зразумела, што яны былі падрыхтаваныя на вынас.

— У каго крадзём? Ва ўласных дзяцей-школьнікаў? — пытанне старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю павісла ў паветры.

За дапушчаныя парушэнні больш як 160 службовых асоаў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, да юрыдычных асоб былі прыменены адміністрацыйныя штрафы. Леанід Анфімаў паабяцаў: вынікі праверкі Камітэта дзяржкантролю будуць накіраваныя ў Генпракуратуру, а прапановы Камітэта па паляпшэнні сітуацыі ў арганізацыі школьнага харчавання — у Савет Міністраў і мясцовыя органы ўлады.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У каго крадзём? На кім зарабляем?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.

Эканоміка

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Як найбліжэйшая пяцігодка зменіць сельскагаспадарчую галіну?

Гэта адна з найбольш важных даходных пазіцый для бюджэту.