Вы тут

У Беларусі абмеркавалі пастаўкі вырашчанага на палетках у крамы


Прадстаўнікі найбуйных вытворцаў садавіна-гародніннай прадукцыі і гандлёвых прадпрыемстваў краіны абмеркавалі праблемы, звязаныя з пастаўкамі вырашчанага на палетках у крамы Беларусі.


На Гомельшчыне, у кампаніі «Камбінат «Усход», адбылася агульная сустрэча і выстава ўсяго, што могуць выпускаць і перапрацоўваць нашы аграрыі. Дарэчы, такіх буйных прадпрыемстваў, як «Камбінат «Усход», у краіне сёння — больш за два дзясяткі. Гэтыя агракамбінаты маюць сучасныя лагістычныя цэнтры. З імі складана быць на адным узроўні, але ж, падкрэслівае намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, невялікія і сярэднія фермерскія гаспадаркі хутка будуць мець магчымасць здаваць оптам сваю сельскагаспадарчую прадукцыю ў спецыяльныя цэнтры:

— Стаіць задача — стварыць аптовыя цэнтры. Каб можна было скупляць, перапрацоўваць і рэалізоўваць прадукцыю аграрыяў. Сёння можна казаць пра тое, што знайшлі ўвасабленне ўсе асноўныя сельскагаспадарчыя праграмы. У краіне пабудаваны сучасныя сховішчы для бульбы і іншай гародніны. Гэта прывяло да скарачэння страт на 20—30% і ўтрыманню стабільнай цаны на працягу сезона. Да таго ж, у такіх цэнтрах, як тут, ёсць магчымасць прымяняць самыя розныя тэхналогіі перапрацоўкі. Некалі перад намі была пастаўлена задача: накарміць людзей. Людзі сёння накормлены. Наша краіна спакойна забяспечвае ўнутранага спажыўца самай разнастайнай прадукцыяй. Цяпер задача іншая: даць спажыўцу тое, што ён жадае. Гаворка пра тыя ж прадукты, але спецыяльна апрацаваныя, ачышчаныя, замарожаныя, у малой расфасоўцы. Бульба можа быць шліфаваная, марожаная, чышчаная, у вакууме... Нам важна ведаць думку спажыўцоў, каб разумець, куды далей рухацца.

Начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Гомельскага аблвыканакама Аляксандр Качан адзначае, што самая важная задача на сённяшні дзень — фарміраванне стабілізацыйных фондаў:

— Мы плануем, што нашы асноўныя культуры: бульба, капуста, цыбуля, морква, буракі будуць закладзены на ўзроўні мінулага года. Садавіны будзе закладзена больш на 11%, чым летась.

Між тым, генеральны дырэктар Гомельскай абласной асацыяцыі вытворцаў плодаагародніннай прадукцыі Валерый Папкоў лічыць, што вельмі высокія тэмпы росту цэн на тэхналагічныя складнікі сельскай гаспадаркі не адпавядаюць росту цэн на рынку гародніны:

— На фоне невысокай пакупніцкай здольнасці насельніцтва атрымліваецца застой садавіны і гародніны ў сховішчах. І гэтаму «садзейнічаюць» буйныя гандлёвыя сеткі, якія закупляюць цыбулю і бульбу з Крыма і Егіпта, а сваю прадаюць па цане, суадноснай з імпартаванымі аналагічнымі прадуктамі. Мы цыбулю адпускаем оптам па 25 капеек за кілаграм. У буйных крамах яна каштуе да 90 капеек. Гэта надбаўка куды вышэй за леташнюю — ад 30 да 50%. Атрымліваецца, буйныя гандлёвыя сеткі душаць і вытворцаў, і насельніцтва.

Дыскусія паміж вытворцамі і распаўсюджвальнікамі сельскагаспадарчай прадукцыі павінна быць на карысць канчатковага спажыўца, адзначае Міхаіл Русы. І абяцае, што яшчэ сёлета абодва бакі сустрэнуцца, каб яшчэ раз вызначыць меру адказнасці як гандляроў, так і ў пастаўшчыкоў вітаміннай прадукцыі для беларусаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Карысна, але не танна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.