Вы тут

Наталля Качанава сустрэлася з паслом Азербайджана


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджанскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ульві Бахшаліеў завяршае дыпламатычную місію ў нашай краіне. У асобе Старшыні Савета Рэспублікі ён выказаў удзячнасць беларускаму боку за падтрымку азербайджанскага народа і садзейнічанне ў развіцці ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі. 


«Мы заўсёды рады любым ініцыятывам і прапановам»

Як падкрэсліла спікер верхняй палаты парламента, для беларусаў Азербайджан — не проста сяброўская краіна, а краіна, якая падтрымлівае нас. «І мы падтрымліваем азербайджанскі народ, — удакладніла Наталля Качанава. — Тыя задачы, якія сёння стаяць перад намі ў нашым супрацоўніцтве, для нас вельмі знакавыя. Нашы народы сябруюць. І, вядома, тон гэтым адносінам паміж нашымі краінамі задаюць нашы лідары».

Старшыня Савета Рэспублікі нагадала пра нядаўнюю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з Ільхамам Аліевым на палях Сусветнага саміту па барацьбе са змяненнямі клімату ў ААЭ, якая, па яе словах, уяўляла сабой не проста сустрэчу двух лідараў, а размову добрых сяброў. Па словах спікера, трэба зрабіць усё для таго, каб адносіны, якія звязваюць нашы народы, захаваць. 

Наталля Качанава адзначыла, што добрыя сяброўскія адносіны складваюцца і паміж парламентарыямі Беларусі і Азербайджана. Старшыня Савета Рэспублікі расказала, што накіравала сваёй калезе Сагібе Гафаравай запрашэнне наведаць Беларусь з афіцыйным візітам. «Будзем рады сустрэць у нашай краіне маю калегу і дэлегацыю нашых калег-парламентарыяў Азербайджана, — падкрэсліла яна. — У нас шмат цікавых праектаў. Па ўсіх кірунках, якія ёсць у нашым узаемадзеянні, мы гатовы ўключыцца ў гэтую работу. Думаю, гэта будзем абмяркоўваць і ў ходзе афіцыйнага візіту».

Наталля Качанава расказала, што пры Савеце Рэспублікі створана Група сяброўства паміж Беларуссю і Азербайджанам. «Для нас Азербайджан — гэта стратэгічны партнёр, — акцэнтавала ўвагу спікер. — Мы падтрымліваем адзін аднаго на міжнародных пляцоўках у гэты складаны час. Гэтая падтрымка дарагога варта». Па яе словах, у канфліктных сітуацыях, якія разгортваюцца па ўсім свеце, важна мець верных і надзейных таварышаў, сяброў, якія дапамогуць у вырашэнні ўсіх пытанняў і задач. 

Сёлета Азербайджан падтрымаў маладзёжны праект «Цягнік Памяці», які ў свой час ініцыявалі верхнія палаты парламентаў Беларусі і Расіі. У наступным годзе юнакі і дзяўчаты з гэтай краіны будуць прымаць у ім удзел. Старшыня Савета Рэспублікі таксама выказала ўдзячнасць за прадстаўнічую дэлегацыю азербайджанскіх спартсменаў на ⅠⅠ Гульнях краін СНД. Праз два гады гэтае спартыўнае мерапрыемства будзе прымаць Азербайджан.

«Мы заўсёды рады любым ініцыятывам і прапановам, якія будуць сыходзіць з азербайджанскага боку, — рэзюмавала спікер верхняй палаты парламента. — У нас сапраўды склаліся вельмі добрыя, сяброўскія і канструктыўныя адносіны».

Кажучы аб маючым адбыцца афіцыйным візіце азербайджанскіх парламентарыяў у Беларусь, Наталля Качанава адзначыла, што самае галоўнае, каб былі прыняты рашэнні, якія ў далейшым будуць садзейнічаць эфектыўнай рабоце нашых парламентаў, накіраваны на ўмацаванне эканомік дзвюх краін. 

«У любы час мы заўсёды знаходзіліся побач»

«Нам прыемна працаваць у сяброўскай краіне, а калі гэтая краіна яшчэ і брацкая, нам удвая прыемна, — адзначыў Ульві Бахшаліеў. — Той высокі ўзровень даверу, якія існуе паміж нашымі прэзідэнтамі, надае нам імпульс і настройвае на далейшае паглыбленне нашых адносін».

У размове з журналістамі Ульві Бахшаліеў падзякаваў беларускаму боку за добрае супрацоўніцтва. «Нашы адносіны развіваюцца ва ўсіх сферах: гэта высокі ўзровень палітычных адносін, паглыбляюцца эканамічныя і гуманітарныя адносіны, — канкрэтызаваў пасол Азербайджана ў Беларусі. — У Рэспубліцы Беларусь я заўсёды адчуваў цеплыню сяброўскіх адносін і, натуральна, павагі да маёй краіны. Паміж нашымі краінамі склаліся даверлівыя адносіны».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


У тэму 

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы:

— Лідары нашых дзяржаў дамовіліся па буйнамаштабнай і поўнамаштабнай рабоце па супрацоўніцтве і па стварэнні цэлых галін. За гэты час у Гянджы былі пабудаваны філіялы Мінскага трактарнага завода і Мінскага аўтамабільнага завода. З дапамогай Беларусі ў Азербайджане з’явілася цэлая галіна сельгасбудавання. Узаемнае супрацоўніцтва вельмі перспектыўнае. Вельмі добра ідзе развіццё па лініі сельскай гаспадаркі. Інвестыцыі Азербайджана назад ідуць у Рэспубліку Беларусь — такім чынам, ажыццяўляецца рух у два кірункі. Вельмі шмат дапамагалі ў арганізацыі малочнай вытворчасці ў Рэспубліцы Азербайджан. У Габале была пабудавана цудоўная малочна-таварная ферма, кансультавалі нашы спецыялісты. Мільярд таваразвароту — гэта рэальна.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.