Вы тут

Кітайская мова выйдзе за сцены сталічных школ


Цэнтр кітайскай культуры і пісьменства ўрачыста адкрыўся ў сталічнай гімназіі №12.

У падарунак ад пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь навучальная ўстанова атрымала сучасны камп'ютарны клас.


Класы па вывучэнні кітайскай мовы з'явіліся ў 12-й гімназіі адзінаццаць гадоў таму, а сёлета адбыўся першы выпуск навучэнцаў, якія пачалі спасцігаць азы мовы Паднябеснай з першага класа.

Сёння 150 дзяцей з 3-га па 11-ы клас вывучаюць кітайскую мову як першую замежную і каля 200 вучняў асвойваюць яе факультатыўна.

Гімназісты з'яўляюцца пераможцамі алімпіяд і шматлікіх конкурсаў па кітайскай мове, напрыклад фестывалю «Дыялог культур», конкурсу «Акно ў Паднябесную» і іншых. Навучэнцы ездзяць па абмене ў Кітай. Зусім нядаўна яны адпачывалі ў міжнародным летнім лагеры ў Пекіне. Установа часта прымае гасцей з пасольства КНР у Беларусі. Тут працуюць і выкладчыкі з Кітая. У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца як айчынныя, так і кітайскія дапаможнікі. А некалькі гадоў таму ў абітурыентаў з'явілася магчымасць здаваць па кітайскай мове ЦТ.

— Сёння, калі ў нас павялічваецца тавараабарот з Кітайскай Народнай Рэспублікай, калі мы актыўна развіваем інвестыцыйную дзейнасць у рамках праграмы «Вялікі Шаўковы шлях» і стварэння парка «Вялікі камень», кітайская мова становіцца надзвычай актуальнай для ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці, — адзначыў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця цэнтра міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Сумесна з КНР у нас рэалізуецца шэраг адукацыйных праектаў. Зусім нядаўна адбыўся візіт міністра адукацыі Кітая ў нашу краіну. Гэта быў першы візіт за ўвесь час суверэннага развіцця Беларусі. Тады ў межах форуму рэктараў вышэйшых навучальных устаноў быў падпісаны шэраг пагадненняў у галіне адукацыі, якія закранаюць не толькі пытанні вывучэння кітайскай мовы, але і сумесныя навуковыя даследаванні, адукацыйную дзейнасць з выдачай двайных дыпломаў, шырокі спектр стажыровак як кітайскіх, так і беларускіх студэнтаў.

— Задача сістэмы адукацыі — стварыць умовы для таго, каб кітайская мова вывучалася, каб яна была запатрабаваная ў розных відах дзейнасці: не толькі ў эканамічнай, але і ў культурнай, адукацыйнай, творчай. Мы ставім задачу, каб у рэгіёнах былі базавыя школы, дзе б вывучалася кітайская мова як вучэбны прадмет, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Таму адкрыццё цэнтра кітайскай культуры і пісьменства — знакавая падзея, новы адпраўны пункт для руху наперад у гэтым напрамку. Перакананы, што напрацоўкі, вопыт і веды, якія ёсць у педагогаў гімназіі, паспрыяюць выхаду кітайскай мовы за сцены сталічных школ у рэгіёны і дапамогуць у падрыхтоўцы педагагічных кадраў.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.