Вы тут

Як палепшыць даступнасць дашкольнай адукацыі?


Дзіцячыя сады ў Беларусі змогуць адкрываць платныя групы. Магчымасць рэалізацыі праграмы дашкольнай адукацыі на платнай аснове прадугледжана ў праекце новага Кодэкса аб адукацыі.


— Дзяржаўныя ўстановы дашкольнай адукацыі змогуць адкрываць платныя группы. Такая патрэба выказвалася бацькамі, адпаведна, да нас паступалі запыты ад дзіцячых садзікаў, — расказала журналістам намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна ДАВІДОВІЧ. — Наколькі будуць запатрабаваныя такія групы, пакажа час, але мы такую магчымасць забяспечым. Што датычыцца прагназуемага кошту наведвання платных груп, то прадстаўнік міністэрства адзначыла, што яна будзе залежаць ад набору паслуг, якія рэалізуюцца ў кожнай канкрэтнай групе: «Калі ў адной групе дзеці будуць вывучаць англійскую мову, а ў іншай, акрамя замежнай мовы, будзе яшчэ і харэаграфія, то і аплата, адпаведна, будзе адрознівацца. Можна, вядома, у гэтым выпадку правесці аналогію з прыватнымі дзіцячымі садкамі, але кошт наведвання платных груп у дзяржаўных установах адукацыі будзе істотна ніжэйшы».

Між іншым, па стане на 1 верасня ў нашай краіне дзейнічалі 3817 устаноў дашкольнай адукацыі, з іх толькі 10 прыватных. Як зазначыла Альбіна Давідовіч, апошнім часам вельмі запатрабаваныя бацькамі групы кароткатэрміновага знаходжання (ад 2 да 7 гадзін у дзень) рознай накіраванасці. Яны функцыянуюць у фармаце сезонных гульнявых пляцовак, адаптацыйных груп, мацярынскіх школ, груп вячэрняга знаходжання, выхаднога дня, прагулачных груп. Карыстаюцца попытам таксама групы па падрыхтоўцы дзяцей да школы.

Напрыклад, у дзіцячых садзіках Мінскай вобласці за апошнія тры гады колькасць груп кароткачасовага знаходжання вырасла на 120.

— Гэта звязана з тым, што ў Мінскім раёне існуе праблема забяспечанасці месцамі. Таму мы стараемся максімальна, дзе гэта магчыма, арганізаваць групы кароткачасовага знаходжання на базе ўстаноў адукацыі, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Ірына МАШКЕТАВА. — На цяперашні момант у вобласці функцыянуе 709 груп кароткачасовага знаходжання: гэта і адаптацыйныя групы, і мацярынскія школы. Іх наведвае больш за 5 тысяч дзяцей, з іх 3,5 тысячы раней не наведвалі дзіцячы сад.

У Мінску дзейнічае 451 група кароткатэрміновага знаходжання і шэсць сямейных груп. Для сталіцы гэта адносна новая форма ў адрозненне ад сельскай мясцовасці. Сямейныя групы адкрыты ў Фрунзенскім, Маскоўскім і Цэнтральным раёнах — там, дзе пражываюць шматдзетныя сем'і, дзе ёсць сацыяльнае жыллё і вядзецца актыўнае будаўніцтва.

— У нас пакуль не выконваецца нарматыў забяспечанасці месцамі ў Мінскім раёне, у Брэсце і ў Фрунзенскім раёне сталіцы. Аднак сітуацыя паступова паляпшаецца. У бягучым годзе ў краіне былі ўведзены ў строй 11 устаноў дашкольнай адукацыі, яшчэ пяць будуць узведзены да канца года. Летась былі пабудаваныя 12 дашкольных устаноў. Мы перакананыя, што да 2020 года, як гэта было даручана кіраўніком дзяржавы на прайшоўшым Рэспубліканскім педсавеце, праблема будзе вырашана, — дадала Альбіна Давідовіч.

Што датычыцца ўдасканалення якасці дашкольнай адукацыі, то прадстаўнік Міністэрства адзначыла, што ў найбліжэйшы час будзе скарэктаваны і абноўлены змест вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі: «Мяркую, што да пачатку 2019/2020 навучальнага года ў нас будзе новая праграма дашкольнай адукацыі, адкарэктаваная з улікам прынцыпаў пераемнасці з першай ступенню агульнай сярэдняй адукацыі. Таксама мы абновім і вучэбныя выданні ў адпаведнасці са зместам новай праграмы».

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.