Вы тут

«За тыдзень бывае 50 аперацый». Малады хірург — пра асаблівасці работы


На першых курсах медуніверсіта большасць студэнтаў хоча стаць хірургамі. Але рамантыка хутка разбіваецца аб рэальнасць. Калі пачынаюцца спецыялізаваныя прадметы і практыка за аперацыйным сталом, многія перадумваюць. Яўген КРУЧОНАК не з іх ліку. Трэці год хлопец працуе рэнтгенаэндаваскулярным хірургам у 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Сёлета ён стаў найлепшым сталічным маладым спецыялістам у галіне аховы здароўя. Навошта надзяваць спадніцу падчас аперацыі і як музыка ратуе ад стомы, мы даведаліся з першых вуснаў.


«Медыкі патрэбны заўсёды»

У бальніцу Яўген трапіў па размеркаванні. Паўгода працаваў агульным хірургам у прыёмным аддзяленні, а потым атрымаў цяперашнюю спецыялізацыю. Хлопец праводзіць аперацыі ўнутры сасудаў. Расказвае, што рэнтгенаэндаваскулярная хірургія — дастаткова новая галіна медыцыны. Раней, калі парушаўся крываток, неабходна было «ўшываць» новы сасуд: рабіць разрэз на ўсе грудзі, спыняць сэрца. Цяпер жа можна «адрамантаваць» стары. Для гэтага дастаткова праколу ў сасудзе, праз які ўстановяць стэнд (гэта металічная канструкцыя, якая, як каркас, падтрымлівае сценкі сасуда і паляпшае яго праходнасць).

За тыдзень у Яўгена звычайна бывае пад 50 аперацый. Колькі часу зойме адна, залежыць ад складанасці: дыягностыка доўжыцца 40—60 хвілін, лячэнне — мінімум паўтары гадзіны.

— Пакуль працуеш, стомленасці не адчуваеш, — тлумачыць малады ўрач, калі бачыць наша здзіўленне. — Вось калі выканаў апошнюю аперацыю і прысеў у ардынатарскай папіць кавы, тады разумееш, што сіл няма. Я ўжо прывык да гэтага рытму.

Пра цяжкасці прафесіі хлопец ведаў не па чутках: яго мама працуе загадчыцай неўралагічнага аддзялення ў той жа бальніцы. Праўда, з дзяцінства стаць доктарам Яўген не марыў. Успамінае, што ў садку хацеў пайсці ў настаўнікі матэматыкі — як тата, які выкладае на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ. А ў старшых класах вагаўся: паступаць на юрфак ці ў медыцынскі (у сям'і Яўгена прыкладна пароўну медыкаў і прававедаў).

— Ціску з боку сям'і не адчуваў. Абмяркоўваліся перспектывы: калі я паступаў, юрыстаў выпускалася вельмі шмат, а вакансій для іх не было. А медыкі заўсёды патрэбны.

Сваю першую аперацыю хлопец правёў, яшчэ калі вучыўся на чацвёртым курсе. Яму даверылі выдаліць атэрому на галаве (запаленне сальнай залозы). «Я зрабіў усё сам: ад разрэзу да накладання швоў. Хваляваўся, вядома. Хоць гэта самая простая хірургічная аперацыя, але на той момант для мяне яна была маленькай перамогай», — прызнаецца суразмоўнік.

У сямікілаграмовым «касцюме»

— Слухаю, — падымае Яўген тэлефон. — Пацыент ужо на стале? Іду.

Часу сядзець у кабінеце няма. Мы з фатографам надзяваем бахілы, шапачкі, накідкі і спяшаемся за маладым урачом. Аказваемся ў пакоі, суседнім з аперацыйнай: праз вялікае шкло відаць усё, што адбываецца на хірургічным стале.

А там — амаль ювелірная работа. Арыентавацца ўнутры сасудаў урачам дапамагае рэнтген-апарат: здымкі транслююцца на вялікія маніторы. Наколькі медыкі абаронены ад апрамянення? Перад імі стаяць спецыяльныя экраны: яны прыкрываюць органы зроку і галаву. Пад халат надзяваецца свінцовая абарона: спадніца, камізэлька і фартух на шыю. Вага касцюма прыкладна 6—7 кілаграмаў.

У ангіяграфічнай аперацыйнай знаходзіцца ангіёграф, які з'яўляецца «вачамі» хірурга.

Сярод пацыентаў, што трапляюць да рэнтгенаэндаваскулярных хірургаў, — людзі, якія перанеслі інсульт, інфаркт міякарда, маюць праблемы з кровазабеспячэннем унутраных органаў. Урачы могуць спыніць нават рост пухліны: для гэтага перакрываюць сасуд, які яе жывіць. Але казаць, што хірургі сёння ўсёмагутныя, не выпадае. Асабліва гэта датычыцца злаякасных захворванняў. Якасць жыцця пры маштабных аперацыях не паляпшаецца. Таму хірург заўсёды ўзважвае, ці варта іх рабіць. Але ў першую чаргу за сваім здароўем павінен сачыць сам пацыент.

...Мы чакаем у калідоры. А потым, калі Яўген вызваліўся, цікавімся: як пацыенты ставяцца да таго, што іх лечыць такі малады ўрач?

— Не было такога, каб нехта не давяраў, — задумваецца ён. — А вось прафесіяналы часам глядзяць на цябе звысоку. Чалавек ужо навучыўся маніпуляцыям, якія ты толькі спасцігаеш, і для яго твая праца здаецца занадта павольнай. Але ж ніхто прафесарам з медуніверсітэта не выпускаецца. Трэба спачуваць маладым спецыялістам і перадаваць ім свой досвед, бо далёка не пра ўсё можна даведацца з літаратуры.

Для вас спявае... урач

Акрамя медыцыны, у маладога хірурга ёсць яшчэ адно захапленне — музыка.

— Я заканчваў музычную школу па класе акардэона. Вось туды мяне прымушалі хадзіць (смяецца). Было вельмі крыўдна, калі хлопцы пасля ўрокаў беглі дадому, ганялі мяч у двары, а я ішоў займацца. Але цяпер удзячны, што так атрымалася. Потым навучыўся іграць на гітары. А ў дзявятым класе мы з хлопцамі стварылі гурт і выступалі ў школах адзін у аднаго.

Ва ўніверсітэце творчасць Яўген не закінуў. Удзельнічаў у студэнцкай самадзейнасці — у народным тэатры «Панацэя». На адной з рэпетыцый пазнаёміўся з педагогам па вакале і стаў адточваць свае навыкі спеву. Цяпер выступае ў складзе кавер-бэнда «MОNАKО». «Я так пераключаюся і набіраюся сіл», — кажа ён.

— Падчас выступленняў на карпаратывах экстранную медыцынскую дапамогу аказваць не даводзілася?

— На шчасце, не.

Сям'я таленавітым спецыялістам ганарыцца. А я не магу не спытаць: ці не крыўдна хірургу, калі ў інтэрнэце лаюць яго прафесію?

— Крыўдна, — прызнаецца Яўген. — У нас неяк так склалася, што ўрач і пацыент па розныя бакі барыкад стаяць. Некаторым здаецца, што іх дрэнна і няправільна лечаць, бо ў інтэрнэце напісана не так. Але ж дактары не дарма вучацца сем гадоў ва ўніверсітэце. Каб усё было настолькі проста, то можна было б, пагартаўшы пару сайтаў, адкрываць свой прыватны кабінет і займацца медыцынай.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: «За тыдзень бывае 50 аперацый»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.