Вы тут

Мінула 4 гады пасля хвалі аптымізацыі сельсаветаў цэнтральнага рэгіёна


Прайшло чатыры гады пасля апошняй хвалі аптымізацыі сельсаветаў цэнтральнага рэгіёна. Мінская вобласць стала першапраходцам у гэтай справе. Ці апраўдала ўзбуйненне адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак пярвічнага ўзроўню чаканні ўладаў і жыхароў, высвятляла «Мясцовае самакіраванне».


На сесіях абласнога Савета дэпутатаў разглядаліся пытанні аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання раёнаў Мінскай вобласці. аптымізацыя сельсаветаў прадыктавана часам. Усё, як кажуць, цячэ і мяняецца. І, бясспрэчна, патрабуе ўдакладненняў, новых падыходаў. Папярэдні аналіз паказаў, што аптымізацыя дасць магчымасць больш эфектыўна вырашыць пытанні канкрэтнай тэрыторыі з улікам эканамічных, сацыяльных, дэмаграфічных аспектаў, упарадкаваць работу дзяржаўных служачых. Пры гэтым абавязковая ўмова — на тэрыторыі новай аб'яднанай мясцовай адміністрацыі павінны знаходзіцца адна-дзве сельгасарганізацыі і пражываць не менш як 2 тыс. чалавек.

Дадам, што Мінская вобласць падышла да выканання адпаведнага даручэння кіраўніка дзяржавы адказна. Тут і да гэтага праводзілася аптымізацыя адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. У 2006 годзе такія змены адбыліся ў Салігорскім, Пухавіцкім, Мядзельскім раёнах, у 2007-м — у Клецкім і Бярэзінскім. У 2009 годзе ў цэнтральным рэгіёне былі скасаваны 32 сельсаветы. У Барысаўскім, Лагойскім, Мядзельскім, Старадарожскім і Слуцкім раёнах растлумачылі, што неабходнасць аб'яднання некаторых малаколькасных сельсаветаў пакуль яшчэ не наспела з розных прычын.

Вядома, перш чым прыняць рашэнне па аптымізацыі, галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы Мінаблвыканкама, абласны Савет дэпутатаў вывучылі прапановы дэпутатаў раённых Саветаў, райвыканкамаў. На агульных сходах з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады сваё меркаванне наконт змен выказалі і жыхары рэгіёнаў. Не ўсе былі згодныя з узбуйненнем сельсаветаў. «Чаму менавіта нас далучаюць, а не суседзяў да нас?» — такое пытанне гучала падчас практычна ўсіх грамадскіх абмеркаванняў, дзе давялося пабываць. Людзей можна было зразумець: кожнаму хацелася застацца бліжэй да цэнтра сельсавета. Хвалявала іх і магчымае закрыццё сацыяльных, медыцынскіх, гандлёвых аб'ектаў, пытанні транспартных зносін з цэнтрам сельсавета.

— Мы зрабілі ўсё неабходнае, каб ліквідацыя сельсаветаў не пацягнула за сабой закрыццё аб'ектаў інфраструктуры, каб не знізілася прыцягальнасць населеных пунктаў, якасць паслуг, не пагоршылася становішча людзей, каб яны маглі без праблем дабрацца да цэнтра сельсавета. Там, дзе ўзнікла патрэба, асабліва ў аддаленых вёсках, арганізавалі дадатковыя маршруты грамадскага транспарту. Напрыклад, у Пухавіцкім раёне павярнулі аўтобус літаральна ў супрацьлеглы ад маршруту бок. Ён падвозіць людзей у цэнтр сельсавета і на зваротным шляху забірае дадому. У тым жа Пухавіцкім раёне ў вёсцы Браткава пакінулі спецыяліста сельсавета, які прымае жыхароў ў канторы калгаса. Мы імкнуліся захаваць аб'екты сацыяльнай сферы паводле сацыяльных стандартаў. У прыватнасці, фельчарска-акушэрскі пункт мэтазгодна трымаць там, дзе пражываюць 600 чалавек. Але мы не закрылі медыцынскія ўстановы нават там, дзе налічваецца 200—300 чалавек. Людзі прывыклі да выгод, і мы не можам дапусціць пагаршэння іх становішча, узроўню жыццезабеспячэння, — расказаў старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван ЛІПНІЦКІ.

Змяншэнне колькасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак пацягнула за сабой і скарачэнне штатаў. Разам з тым гэта паўплывала на якасны склад кадраў. Павялічылася колькасць маладых работнікаў, работнікаў з вышэйшай адукацыяй. Між іншым, знайшлося новае месца працы і для былых старшынь і спецыялістаў сельвыканкамаў.

Што датычыцца вызваленых будынкаў сельсаветаў, то сёння яны максімальна выкарыстаны пад сацыяльныя аб'екты і жыллё. Як правіла, будынкі месцяцца ў цэнтрах населеных пунктаў, знаходзяцца ў асноўным у добрым стане. Таму частка перайшла на баланс мясцовых сельгасарганізацый, частка прададзена на аўкцыёнах, некаторыя пакуль чакаюць гаспадара.

— І ўсё ж, ці будзе працягвацца аптымізацыя адміністрацыйных тэрыторый цэнтральнага рэгіёна? — пацікавілася ў Івана Ліпніцкага.

— Сельсавет можа функцыянаваць у нармальным рэжыме, калі на яго тэрыторыі пражывае 2—4 тысячы чалавек. У Мінскай вобласці больш паловы сельсаветаў налічвае да 2 тысяч жыхароў, — адзначыў мой суразмоўца. — Яны, па ідэі, павінны быць аб'яднаныя. Але ў інтарэсах нашых грамадзян мы не пайшлі на гэты крок. У такім выпадку людзям будзе далёка дабірацца да цэнтра сельсавета. Мы выбралі іншы варыянт — скарацілі штаты. У многіх сельвыканкамах засталіся толькі адзінкі старшыні, кіраўніка спраў і галоўнага спецыяліста. Таму далейшае аб'яднанне, лічым, пакуль немэтазгоднае.

А як паўплывала ўзбуйненне тэрыторый на жыццё канкрэтнага рэгіёна?

— У 2009 годзе ў нас было 18 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у 2013-м — 14. На сённяшні дзень засталося 8, у тым ліку адзін пасялковы Савет у Івянцы, дзе пражываюць пяць тысяч чалавек. Вядома, спачатку не ўсе жыхары адназначна ўспрынялі новаўвядзенні. Было шмат пытанняў: як дабірацца да цэнтра сельсавета з аддаленай вёскі, як будзе арганізаваны прыём на месцах... Але з цягам часу, як кажуць, усе эмоцыі ўлягліся, — расказаў старшыня Валожынскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей ГЛІНСКІ. — У прынцыпе нашы людзі не надта патрабавальныя. Галоўнае, каб да населенага пункта вяла добрая дарога, каб своечасова прыязджалі аўталаўка і хуткая дапамога, а фельчарска-акушэрскія пункты выконвалі сваю функцыю. Адзінае, мы скарацілі штат сельвыканкамаў, а будынкі перадалі на баланс гаспадарак, якія выкарыстоўваюць іх пад свае патрэбы.

Праўда, як прызнаўся Сяргей Францавіч, складаней стала працаваць старшыням сельвыканкамаў: вялікія тэрыторыі — у асобных выпадках да 80 кіламетраў. Напрыклад, у Валожынскім сельсавеце 85 вёсак, дзе пражывае 3950 чалавек. За адзін дзень усе не аб'едзеш, не сустрэнешся з кожным жыхаром. Як правіла, у састарэлых людзей няма ў доме інтэрнэту, каб накіраваць запыт у сельвыканкам па электроннай пошце. Звычайна яны выкарыстоўваюць тэлефонную сувязь. Па іх званках спецыялісты выязджаюць на месца, задавальняюць іх просьбы, выдаюць неабходныя даведкі. Дапамагаюць ім сацыяльныя работнікі.

— Зрэшты, нягледзячы на вялікую нагрузку, напружаную работу, работнікі сельвыканкамаў са сваімі абавязкамі і функцыямі спраўляюцца, кампенсуюць выдаткі, як кажуць, не колькасцю, а сваім прафесіяналізмам і ўменнем, — сказаў напрыканцы Сяргей Глінскі.

У вы­ні­ку чар­го­вай хва­лі ап­ты­мі­за­цыі ў 2013 го­дзе коль­касць ад­мі­ніст­ра­цый­на-тэ­ры­та­ры­яль­ных адзі­нак Мін­скай воб­лас­ці змен­шы­ла­ся з 281 да 223. Ця­пер тут на­ліч­ва­ец­ца 216 сель­скіх, 5 па­сял­ко­вых і 2 га­рад­скія Са­ве­ты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: На хвалі аптымізацыі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.