Вы тут

У Акцябрскай адсвяткуюць два юбілеі


Напярэдадні сотай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі карэспандэнты «Звязды» пабывалі ў аграрным гарадку Акцябрская Віцебскага раёна.


Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Тут актыўна рыхтуюцца адсвяткаваць не толькі юбілей рэвалюцыі. Ёсць для вяскоўцаў, бадай, больш важная гістарычная падзея: 45 гадоў таму ганаровае званне «Імя 50-й гадавіны СССР» прысвоілі саўгасу «Сялюты». Дзякуючы яму і развівалася Акцябрская. І так цудоўна ўсё прадумалі, што праект забудовы атрымаў залаты медаль і дыплом 1-й ступені на конкурсе Усесаюзнай выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі! А потым пабудаванае адзначылі прэміяй урада БССР. Старажылы памятаюць візіты сюды Машэрава і Гарбачова, іншых вядомых усім людзей.

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Калісьці тут былі фантан і нават кінастудыя. Вышэйшы пілатаж гульні паказвалі хакейная і валейбольная каманды.

Хакейная каманда саўгаса «Сялюты» і яе капітан Леанід Хамуськоў. Пачатак 80-х.

Эксперыментавалі шмат

З абласнога цэнтра сюды можна даехаць на рэйсавым аўтобусе. Таму тутэйшыя жартуюць, што яны сельскія гарадскія. І, безумоўна, з часам аграгарадок можа стаць часткай горада. У Віцебску, дарэчы, ёсць Кастрычніцкі раён.

Калісьці адзін з самых прыкметных будынкаў вёскі — чатырохпавярховік на цэнтральнай плошчы — упрыгожвала рэльефная кампазіцыя з сярпа, молата, сонца і шасцярні. Як растлумачылі ў сельскім выканкаме, эмблема — неафіцыйны сімвал аграгарадка. З часам барэльеф прыйшоў у аварыйны стан і быў дэманціраваны. Цяпер застаўся толькія яго адбітак, які кідаецца ў вочы сваёй загадкавасцю. Ініцыятыўныя жыхары закупілі матрэыялы і зрабілі эскіз, каб аднавіць спадчыну. Для нанясення графічнага малюнка па контуры засталося знайсці пад'ёмнік.

У гэтыя дні шмат чаго робяць у парку імя 50-годдзя СССР. Ужо ўсталявалі стэнды, прысвечаныя гісторыі вёскі. Стварылі куточкі для сямейнага адпачынку.

У Акцябрскую на работу штодня прыязджае нямала гараджан. Напрыклад, ва ўстановы сацыяльнага прызначэння. Гарадскіх вабяць і сельскія даплаты — 20%. А ў савецкі час тут было прасцей вырашыць жыллёвае пытанне. У эксперыментальны пасёлак, першапачаткова разлічаны на 1200 жыхароў, пераязджалі людзі з усяго Савецкага Саюза. Зразумела, у асноўным маладыя сем'і. Да 1974 года ў Акцябрскай пражывала 600 чалавек, у 1978 годзе — 800. У канцы 1970-х у саўгасе працавала каля 1,3 тысячы чалавек!

Цэнтральная плошча з дзеючым фантанам. Сярэдзіна 70-х.

На сёння ў вёсцы больш за 2,6 тысячы пастаянна пражываючых.

— Гісторыя аграгарадка непарыўна звязана з саўгасам «Сялюты». Населены пункт — цэнтральная сядзіба гаспадаркі. Яе стварылі 6 сакавіка 1959 года як прыгарадную — па вытворчасці малака, гародніны і мяса, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Ганна Ліпава.

Саўгасныя святы ў 1980-я гг.

З 1964 года кіраваць саўгасам пачаў Уладзімір Арцёмавіч Адамовіч. З гэтага часу пачынаецца будаўніцтва вёскі. А ў 1967 годзе саўгас быў уключаны ў рэспубліканскі план эксперыментальнага сельскага будаўніцтва.

Там, дзе цяпер прыгожы гарадок, шмат папрацававлі меліяратары. Асушылі балота, прывезлі зямлю — ёсць аналогія з будаўніцтвам Санкт-Пецярбурга.

У кінастудыі Палаца культуры.

Вёска — савецкая мара!

Прысваенне ў 1972 годзе гаспадарцы ганаровага звання імя 50-годдзя СССР стала вяршыняй працоўнай славы калектыву.

— Практычна кожны тыдзень сустракалі розныя дэлегацыі: з рэспублік Савецкага Саюза, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, ГДР, Францыі, Аўстрыі, Кубы, В'етнама, КНДР і іншых краін. Тройчы наведваў гаспадарку Пётр Машэраў. Быў тут з візітам Міхаіл Гарбачоў, сакратар ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы, будучы генеральны сакратар, — працягвае Ганна Ліпава.

Візіт Гарбачова ў саўгас «Сялюты», 1983 год.

У 1970-я гады ў вёсцы ўзводзяцца эксперыментальныя дамы гарадскога тыпу з сучаснымі бытавымі выгодамі. Два жылых сектары былі аб'яднаны грамадска-гандлёвым цэнтрам і зонай адпачынку. У комплексе: Палац культуры (з глядзельнай залай на 400 месцаў), бібліятэка, музычная школа, садок, амбулаторыя, гандлёвы цэнтр з прамтаварнай і харчовай крамамі, кафэ-сталовая. Узвялі і чатырохпавярховы адміністрацыйна-бытавы комплекс. Там знаходзіліся кантора саўгаса, сельсавет, паштовае аддзяленне, ашчадная каса, АТС, камбінат бытавога абслугоўвання. І, у гэта цяжка цяпер паверыць, гасцініца.

Было праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі, разбіты паркавыя зоны, створаны штучны вадаём. А на цэнтральнай плошчы запрацаваў фантан.

Найлепшыя выпускнікі ВНУ марылі працаваць у вёсцы. Дзеці пайшлі вучыцца ў новую школу. Напрыканцы 1970-х запрацавала ПТВ механізацыі сельскай гаспадаркі. Яно і цяпер функцыянуе.

У 1980 годзе адкрылі Дом быту. Установа аказвала жыхарам вёскі звыш 20 відаў паслуг. А ў наступным годзе, напярэдадні кастрычніцкага свята, адкрылі адзін з найлепшых у СССР дзіцячы садок-яслі.

Велікану прысвячаецца

У музеі можна ўбачыць выставу, прысвечаную піянерскаму руху і 100-й гадавіне рэвалюцыі. Аднак тут шануюць не толькі савецкае мінулае. Завяршаецца стварэнне экспазіцыі «Веліканаў хутар» — пра самага высокага ў свеце беларуса Фёдара Махнова (гады жыцця — 1878—1912). Пра яго «Звязда» расказвала. І ў наш час даследчыкі спрачаюцца, якім менавіта быў яго рост. Мяркуецца, што больш за 285 сантыметраў!

Сярод экспанатаў — фанерны сілуэт велікана. Можна прымерыць «яго штаны», далонь, вусны, копію кальца дыяметрам з рубель царскіх часоў... Плануецца ўсё, што звязана з Махновым, прымусць працаваць на брэнд раёна.

Дар'я Андронава, загадчыца аддзела аматарскай творчасці Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці, падзялілася планамі аб правядзенні фестывалю, прымеркаванага да дня памяці Фёдара Махнова:

— Задумалі арганізаваць квэст «У госці да велікана», выступы цыркачоў, бо ён з цыркам пабываў у многіх краінах. Плануем таксама парад веліканаў, інсталяцыі вялікіх прадметаў быту, спаборніцтва «Волаты Віцебшчыны» і іншае.

Дарэчы, Акцябрская — не адзінае месца, дзе можна даведацца пра самага высокага ў свеце беларуса. У вёсцы Старое Сяло Віцебскага раёна ў школе таксама ёсць тэматычны куточак, там можна ўбачыць асабліва каштоўны экспанат — каркас ложка велікана. Захавалася і магіла недалёка ад хутара, дзе ён жыў.

Акцябрская, як бачым, здолела захаваць шмат энтузіястаў, якія шчыра любяць месца, дзе жывуць і працуюць.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота з архіва музея.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?

Сваім вопытам дзеляцца чэшскія спецыялісты.

Эканоміка

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Цэны на жыллё палезлі ўгору?

Праўда, эксперты кажуць, што гэта ілюзія.

Грамадства

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я — пра жыццё ў інтэрнаце, агульны бюджэт і будучыню

Студэнцкая сям'я Бабак расказала, як яны дзеляць дамашнія абавязкі, дзе збіраюцца падпрацоўваць і хто першы ідзе мірыцца.

Грамадства

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

Піратэхнічны выраб — гэта фактычна тое ж выбуховае рэчыва

«Звязда» пагутарыла з афіцыйным прадстаўніком МНС Віталем НАВІЦКІМ.