Вы тут

Восеньскі догляд саду


Догляд саду ў восеньскі перыяд складаецца з комплексу работ, якія абавязкова трэба праводзіць у тэрмін і па ўсіх правілах.


Чырвонымі стрэлкамі паказаны ваўчкі.

У верасні-кастрычніку рэкамендуецца здымаць лоўчыя паясы з дрэў і прыбіраць усе тыя плады, што засталіся на зямлі або прыпсаваныя.

Догляд пладовых дрэў у кастрычніку заключаецца ў дбайнай праверцы раслін, абразанні і выдаленні парасткаў і ваўчкоў, а таксама пабелцы штамбаў.

У лістападзе неабходна сабраць і спаліць апалыя або зрэзаныя галіны і лісце.

Пасля збору ўраджаю абавязкова правядзіце апошнюю падкормку саду.

У якасці сухога ўгнаення можна ўнесці суперфасфат з разліку 100 г на 1 кв. м прыствольнага круга і калійныя ўгнаенні з разліку 50 г на 1 кв. м. Пасля правядзення падкормкі глебу ў прыствольным крузе варта атуліць пластом скошанай травы — яна будзе выконваць ролю мульчы.

Абрэзка

Восенню ў садзе праводзяць санітарную абрэзку. Яна заключаецца ў выдаленні з дрэва ўсіх слабых і скрыжаваных парасткаў, а таксама зламаных і падсохлых галін. Гэта трэба рабіць таму, што на такіх галінках могуць хавацца шкоднікі або ўзбуджальнікі хвароб.

Яблыні, грушы, слівы і іншыя пладовыя дрэвы вельмі зручна абразаць менавіта ўвосень, пасля збору пладоў. Звычайна абразаць дрэвы можна да першых замаразкаў. У лістападзе ўжо не варта трывожыць расліны: для гэтага ўжо даволі холадна.

Каб усё зрабіць правільна, уважліва агледзьце дрэвы, пераканайцеся, што галіны кожнага растуць правільна і не ствараюць перашкод адна адной. Усё, што перашкаджае, можна выдаліць. Сфарміраваць крону дрэва можна пры дапамозе секатара (зразае галінкі дыяметрам да 26 мм) і сучкарэза (зразае галіны дыяметрам да 40 мм).

Ваўчкі — гэта моцныя парасткі з вялікім лісцем і слабаразвітымі пупышкамі. Часцей за ўсё яны ўтвараюцца на старых шкілетных галінах. Звычайна ваўчкі вырастаюць са спячых пупышак, пачынаючы актыўна развівацца. Чым жа так небяспечныя ваўчкі? Яны адбіраюць у дрэва сілу, загушчаючы яго крону, і на іх ніколі не завязваюцца плады.

Ваўчкі вырастаюць на маладой пладовай культуры пасля таго, як дрэва было пашкоджана. Напрыклад, вы зрэзалі вялікую галіну ці яна зламалася сама. У старых пладовых дрэў парасткі, якія жыруюць, могуць з'явіцца пасля абрэзкі. Таксама справакаваць рост ваўчкоў можа празмерная падкормка азотным угнаеннем і багаты паліў.

Пазбавіцца ад ваўчкоў можна з дапамогай абрэзкі. Яе мэта ў гэтым выпадку — не толькі прарэдзіць і асвятліць крону дрэва, але і сфарміраваць новыя маладыя галінкі, накіраваць іх па такой траекторыі, каб яны не загушчалі крону. Выдаляць галінкі, якія жыруюць, унутры кроны трэба на кольца. Пасля зразання ваўчкоў раны на дрэве трэба апрацаваць садовым варам.

Абарона кары

Рэзкія перапады тэмпературы пры змене надвор'я часта прыводзяць да таго, што на кары пладовых дрэў узнікаюць расколіны (маразабоіны). Разломы гэтыя даволі глыбокія і наносяць раслінам істотную шкоду. Акрамя таго, расколіны могуць узнікаць пад дзеяннем актыўнага сонца (сонечныя апёкі), моцнага ветру або начных халадоў. Таксама прычынай з'яўлення расколін на кары могуць стаць шкоднікі пладовых культур.

Каб абараніць дрэвы, восенню ствалы трэба пакрываць пабелкай або адмысловым ахоўным валакном. Гэта робіцца для таго, каб засцерагчы ствол ад прамых сонечных прамянёў. Пабелку можна прыгатаваць самастойна. Для гэтага развядзіце ў 10 л вады 2,5 кг вапны, 0,5 кг меднага купарвасу для дэзынфекцыі і 0,1 кг сталярнага клею для больш трывалага «счаплення» з карой.

Каб абараніць дрэвы ад пашкоджання насякомымі або грызунамі, неабходна выкарыстоўваць спецыяльныя ахоўныя сеткі, якімі абмотваюць ствол.

Падкормка

Восеньскую падкормку дрэва праводзяць пасля ўборкі ўраджаю. Яна выконваецца для паляпшэння глебы, якая вычарпалася за сезон. Увосень пладовыя дрэвы трэба падкормліваць фосфарна-калійнымі ўгнаеннямі, пажадана без азоту.

Фосфарныя ўгнаенні. Сярод фосфарных угнаенняў у продажы часцей за ўсё сустракаецца суперфасфат і амафос. Суперфасфат бывае просты і двайны. Мэтазгодней выбіраць двайны, паколькі ён змяшчае ў два разы больш аксіду фосфару і менш гіпсу.

Амафос — больш канцэнтраваны прэпарат, але для восеньскай падкормкі сада ён не вельмі падыходзіць, паколькі ў ім змяшчаецца высокая доза азоту. Гэта ўгнаенне лепш выкарыстоўваць вясной.

Калійныя прэпараты. Галоўнымі калійнымі ўгнаеннямі з'яўляюцца сернакіслы і хлорысты калій. Абодва гэтыя прэпараты змяшчаюць аднолькавы працэнт аксіду калію. Хлорысты калій таннейшы, але ў ім ёсць хлор, які можа прыгнятаць садовыя культуры. Праўда, такое ўздзеянне ён аказвае ў асноўным на кусты, дрэвы ж ад яго не пакутуюць.

Фосфарна-калійныя ўгнаенні. Існуе таксама вельмі добрае змяшанае ўгнаенне — монакалійфасфат, які змяшчае 52% фосфару і 34% калію. Перавага гэтага саставу ў тым, што ён цалкам засвойваецца раслінамі. Аднак і каштаваць гэта ўгнаенне будзе даражэй, чым іншыя фосфарна-калійныя падкормкі. Таму яго можна выкарыстоўваць, калі трэба падкарміць пераборлівыя культуры, якія не вельмі добра зімуюць.

Угнаенні ўносяць у прыствольныя кругі — пад карані дрэў. Пазакаранёвая падкормка ў гэты час года бескарысная. Ад таго, якія ўгнаенні вы выбіраеце (вадкія ці сухія), залежыць прынцып іх унясення.

Вадкія ўгнаенні ўносяць у спецыяльныя канаўкі, зробленыя ў прыствольным крузе вакол дрэва. Чым больш раўчукоў — тым лепшы эфект.

Для ўнясення сухіх угнаенняў спачатку трэба зняць верхні пласт глебы (1—2 см) у прыствольным крузе, раўнамерна размеркаваць угнаенні і вярнуць зямлю назад.

Увосень лепш за ўсё ўжываць другі варыянт падкормкі, паколькі так угнаенні будуць засвойвацца раслінамі паступова, паступаючы да каранёў разам з расталым снегам. Вадкія саставы больш эфектыўныя вясной і летам.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.