Вы тут

Усе звароты будуць разгледжаны ў межах заканадаўства


Сем грамадзян запісалася на асабісты прыём да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі, які прайшоў ва Уздзенскім раёне. Аднак два пытанні, што рыхтаваліся да разгляду, адпалі самі па сабе — заяўнікі не з'явіліся.


Жыхары рэгіёна звярталіся да губернатара не толькі са сваімі праблемамі. У прыватнасці, Алена Берасневіч спецыяльна прыйшла паведаміць, што яе пытанне вырашана. За што жанчына шчыра падзякавала мясцоваму кіраўніцтву і губернатару. Справа ў тым, што яе зямельны ўчастак падчас дажджу залівала вадой з суседніх вуліц. Але напярэдадні прыёму грамадзян жыллёва-камунальная гаспадарка зрабіла вадасцёк. Анатоль Ісачанка запытаўся, ці задаволена гаспадыня якасцю работ, і атрымаў станоўчы адказ.

Адна з жыхарак горада прасіла губернатара пасадзейнічаць у асфальтаванні вуліцы Набярэжнай. Старшыня Уздзенскага райвыканкама Сяргей Ляўковіч растлумачыў, што ў горадзе ёсць вуліцы, якія знаходзяцца ў горшым стане. Іх трэба рамантаваць у першую чаргу. У райцэнтры агульная працягласць трас 90 кіламетраў, у тым ліку 28 кіламетраў гравійныя. Кожны год асфальтуецца па 1—2 вуліцы. Напрыклад, сёлета заасфальтавалі частку вуліцы Школьнай, плануецца пракласці асфальт на вуліцы Марата Казея. Таму, па словах кіраўніка раёна, і ў далейшым уладкаванне гарадскіх артэрый будзе весціся ў залежнасці ад фінансавых магчымасцяў.

Марына Уладзіміраўна хоча павялічыць свой зямельны ўчастак у вёсцы Кухцічы, выдзелены ў 2008 годзе. Жанчына патрабуе, каб сельвыканкам узнавіў яго межы ў тых памерах, што былі ўстаноўлены ў 1994-м. Анатоль Ісачанка даў даручэнне карпатліва разабрацца і ўзяў сітуацыю на кантроль.

Адзін з членаў садаводчага таварыства паскардзіўся на свайго старшыню, які адмовіўся прыняць у яго заяву. Прычым вельмі груба і нетактоўна. Мужчына з лютага дабіваецца справядлівасці праз усе магчымыя інстанцыі. Аднак безвынікова. Анатоль Ісачанка параіў яму звярнуцца з заявай у міліцыю.

А вось два былыя кіраўнікі сельгасарганізацый, якія ўзначальвалі гаспадаркі па 10 гадоў, звярнуліся з пытаннем даплаты да пенсіі. Па Тарыфным пагадненні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Беларускім аграпрамысловым саюзам, Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу ім магчымыя даплаты ў памеры адной базавай велічыні. Як высветлілася, гэты дакумент носіць не абавязковы, а рэкамендацыйны характар. Між іншым, Анатоль Ісачанка заўважыў, што ёсць даяркі, механізатары, аграномы, якія адпрацавалі па 25 гадоў. Чаму яны не маюць права атрымліваць дадатковыя выплаты? «Я не супраць даплат, калі ў арганізацыі прымуць такое рашэнне. Але прымушаць да гэтага не буду, гэта проста не этычна. Я вывучу гэтае пытанне і дам адказ», — дадаў губернатар.

Старшыня Мінаблвыканкама ўважліва выслухаў усіх заяўнікаў і паабяцаў, што ўсе звароты будуць разгледжаны ў межах заканадаўства.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.