Вы тут

Трох мінчан затрымалі дзяржінспектары ў Маладзечанскім раёне


Трох мінчан затрымалі дзяржінспектары ў Маладзечанскім раёне на вадаёме каля вёскі Ізабеліна. Два з іх, экіпіраваныя для падводнага палявання, ноччу займаліся здабычай рыбы пры дапамозе асвятляльных прыбораў, што правіламі забаронена.


Не было ў рыбакоў і адпаведных дакументаў. Паколькі налавіць шмат рыбы парушальнікі не паспелі, у адносінах да іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Трэці ж таварыш, які чакаў рыбакоў на беразе, цішком выцягнуў з аўтамабіля два пакеты і, кінуўшы іх на зямлю, паспрабаваў нагой запіхнуць пад днішча аўто. Ён выкінуў у траву і невялікі скрутачак з фольгі. Інспектары знайшлі выкінутыя прадметы. У пакетах было рэчыва расліннага паходжання, як меркавалася, марыхуана. Скрутак з фольгі быў падобны на прыстасаванне для курэння. Экспертыза здагадку пацвердзіла: у пакетах сапраўды была марыхуана вагой 26 грамаў. Прызначаны таксама экспертызы скрутачка і змываў з рук падазраванага. За незаконнае захаванне наркотыку мінчаніну пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

У Дзяржінспекцыі нагадалі, што гэта не адзіны выпадак, калі дзяржінспектары выяўляюць небяспечныя наркотыкі. У жніўні—верасні супрацоўнікі Гомельскай аблінспекцыі падчас палявых кантрольных мерапрыемстваў знайшлі два месцы з каноплямі — поле каля гектара ў Буда-Кашалёўскім раёне і 0,3 гектара ў Гомельскім раёне. Небяспечная расліннасць была знішчана міліцыянерамі.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб рыбалка была «ў кайф»?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.