Вы тут

У Віцебску праходзіць XXX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі


У Віцебску праходзіць XXX Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (ІFMC), найстарэйшы на тэрыторыі былога СССР. У ім бяруць удзел прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны, Аўстрыі, іншых краін. Cярод ганаровых гасцей зорка кінематографа Сяргей Бязрукаў. І невыпадкова!


Сяр­гей Бяз­ру­каў.

Артыст перад пачаткам фэсту ўдзельнічаў у паказе фільма «Пасля цябе», у якім сыграў галоўную ролю танцора, харэографа. Дзе амаль усё, што патрабавалася, станцаваў без дублёра. Прафесіянальныя танцоры высока ацанілі ўбачанае. Прагучала меркаванне, што палова трупы Вялікага тэатра сучасны танец так добра не выконвае. Білеты ў кінатэатр раскупілі хутка. На вуліцы пыталіся лішні білет.

Персанаж Бязрукава — майстар, які ў маладосці быў зоркай Вялікага тэатра. Танцор вымушаны быў спыніць кар'еру пасля цяжкай прафесійнай траўмы і скандалу. Вярнуўся дамоў у правінцыйны горад, заснаваў школу танца, валодаў аптэчнай сеткай. Навіна пра цяжкую хваробу натхніла на геніяльную пастаноўку...

Cтаршыня жу­ры кон­кур­су Ра­ду Па­клі­та­ру.

Пасля дэманстрацыі фільма Бязрукаў выступіў перад гледачамі. Разам з жонкай, сцэнарыстам, рэжысёрам стужкі Ганнай Мацісон і знакамітым харэографам Раду Паклітару, членам творчай групы. У «Доме кіно» яблыку не было дзе ўпасці. Для прадстаўнікоў СМІ паставілі «нулявы рад». Але і гэтага не хапіла, падчас абмеркавання карціны некаторыя слухалі спікераў стоячы.

Зорны артыст каля 40 хвілін адказваў на пытанні гледачоў і журналістаў. Сказаў, што яму заўсёды прыемна бываць у Беларусі. Успомніў пра тое, як здымаўся ў серыяле «У чэрвені 41-га». Распавёў пра новую ролю ў кіно — рок-музыканта... Больш падрабязна пра гэтую сустрэчу — у наступных нумарах «Звязды».

На цырымоніі адкрыцця фестывалю сучаснай харэаграфіі з рук акцёра спецыяльную ўзнагароду за значны ўклад у развіццё сучаснай харэаграфіі і асабісты ўклад у развіццё ІFMC у Віцебску атрымала кіраўнік тэатра-студыі Цэнтра культуры «Віцебск» Дзіяна Юрчанка.

Сяргей Бязрукаў разам з жонкай, сцэнарыстам і рэжысёрам Ганнай Мацісан.

Па добрай традыцыі падчас фестывалю адбываецца аншлаг. Гэта можна растлумачыць і тым, што ўжо не адно пакаленне гараджан з нецярпеннем чакаюць чарговага свята танца. Сярод тых, хто шчыра любіць ІFMC, і старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», ён як сустаршыня аргкамітэта канстатаваў, што ўладай робіцца многае, каб выступалі зоркі, пры гэтым цэны на білеты дэмакратычныя. Паводле яго слоў, віцебскі фэст — без перабольшвання — значная падзея ў маштабах Еўропы.

Шчыры прыхільнік фэсту і кіраўнік міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску, дырэктар Цэнтра культуры «Віцебск» Аляксандр Сідарэнка. З танцамі многае звязана ў яго сям'і. Жонка займалася, а цяпер і дочкі. Ім 6 і 7 гадоў. І ён з камандай аднадумцаў стараецца зрабіць усё магчымае, каб кожны фестываль быў самага высокага ўзроўню.

На ад­крыц­ці фес­ты­ва­лю.

Як заўсёды, галоўнай падзеяй фестывалю стане конкурс сучаснай харэаграфіі. Сёлета ён праходзіць у нацыянальным фармаце (без замежных канкурсантаў). Старшыня міжнароднага журы — сусветна вядомы харэограф, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, народны артыст Малдовы Раду Паклітару. Ён сам калісьці быў канкурсантам у Віцебску.

Пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі. У гонар юбілею арганізатары падрыхтавалі адмысловы сюрпрыз для верных прыхільнікаў ІFMC: канцэрт лаўрэатаў конкурсу розных гадоў.

У рамках фестывалю праходзяць майстар-класы, адкрытыя пасяджэнні экспертнага савета, прэзентацыі тэматычных кніг і выстаў.

Фэст, які па праве стаў адной з візітовак сучаснай культуры Беларусі, завершыцца ў нядзелю.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: І страсці па Бязрукаве

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.