Вы тут

Да спадчыны — творчы падыход


На жаль, на Лёзненшчыне няшмат помнікаў архітэктуры, гістарычнай спадчыны. Але тое, што засталося, беражліва захоўваецца мясцовай уладай. Усталёўваюцца і новыя помнікі, прысвечаныя славутым землякам, створаны і распрацоўваюцца турыстычныя маршруты.


Арыгінальны памятны знак на месцы храма ў Лёзне.

Самы вядомы — Шагал

Дарэчы, да Лёзна зручна дабірацца турыстам, бо райцэнтр знаходзіцца ўсяго за 40 кіламетраў ад Віцебска, — можна даехаць на дызелі, аўтобусах, маршрутках. Расклад руху дазваляе гэта рабіць кожную гадзіну да вечара. Такім чынам, нават тым, у каго няма магчымасці прыехаць на аўто, будзе зручна.

Многія так і робяць, каб убачыць не толькі Віцебск Шагала, але і Лёзненшчыну, дзе, як вядома, жылі яго сваякі. Сусветна вядомы мастак часта бываў тут. На фасадзе ўстановы культуры ў Лёзне на мемарыяльнай дошцы можна прачытаць: «На гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям'і, з якой паходзіў мастак Марк Шагал».

Актыўныя ў пытанні захавання і аднаўлення аб'ектаў, якія маюць турыстычныя перспектывы,і сельскія выканкамы. У прыватнасці, у Адаменках, якія побач з Лёзнам, энтузіяст аднаўляе былую панскую сядзібу. І не толькі для сябе.

— Ён набыў дом, частка якога захавалася з дарэвалюцыйнага часу. А ў наваколлі пасля добраўпарадкавання створаны цудоўны парк. І цяпер гэты прыгожы куточак прыроды, дзе, як мяркуецца, любіў гуляць Шагал, таксама натхняе мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, — нагадала старшыня Лёзненскага сельвыканкама Святлана Пукава.

На Лёзненшчыне нарадзіўся і ўдзельнік Крымскай і руска-турэцкай войнаў генерал-фельдмаршал Іосіф Гурко. Тут шмат гадоў жыў паэт і фалькларыст Аляксандр Рыпінскі і іншыя... Пра знакамітых выхадцаў з раёна можна даведацца не толькі ў музеі, але і ўбачыўшы «Алею славы», прысвечаную ім.

Дом культуры ў Лёзне, дзе калісьці жылі сваякі Шагала.

Сунічны край

Калі глыбачане ў добрым сэнсе выкарыстоўваюць імідж вішнёвага краю, то на Лёзненшчыне ў якасці брэнда вырашылі прадставіць суніцы. Тэматычныя творчыя ідэі, якія былі рэалізаваны, выклікалі добры рэзананс у СМІ і сярод турыстаў.

А ўсё пачыналася з абласнога фестывалю самадзейных паэтаў і песеннікаў «Песні сунічных бароў». Спачатку ён многія гады насіў статус раённага і праводзіўся ў Доме культуры аграгарадка Дабрамыслі. Удзел у ім бяруць паэты, музыкі, рамеснікі, іншыя творчыя людзі. З мэтай падтрымкі таленавітых асоб у 2014 годзе быў зацверджаны творчы брэнд «Сунічка». Усе ўстановы культуры актыўна ўключыліся ў яго распрацоўку і прасоўванне. За кароткі прамежак часу зрабілі разнастайную фірменную сувенірную прадукцыю. Майстрыхі аднавілі ручнікі пачатку мінулага стагоддзя, у арнаменце якіх ёсць выява суніц. Усё гэта можна ўбачыць у раённым Доме рамёстваў.

У бібліятэках праводзіцца шэраг тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных брэнду. Народны клуб «Флора» кожны раз здзіўляе незвычайнымі кулінарнымі вырабамі з абавязковым кампанентам — суніцамі. Як кажуць, заўсёды нарасхват сунічны чай. І клубныя ўстановы культуры пры арганізацыі мерапрыемстваў усяляк прапагандуюць творчы брэнд. Пры цэнтры культуры створана аматарскае аб'яднанне «Сунічкі».

Ужо двойчы Лёзненскі раён станавіўся лаўрэатам першай ступені за прэзентацыю брэнда. Гэта было на «Дажынках» у Гарадку ў 2014 годзе і на «Славянскім базары ў Віцебску» ў 2015-м. А ў снежні 2015 года ўручылі прэмію «Сунічка» творчым людзям, якія працягваюць традыцыі продкаў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.