Вы тут

Выступленне Міхаіла Мясніковіча на закрыцці сесіі Нацыянальнага сходу


Выступленне старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мясніковіча М. У. на закрыцці трэцяй сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.


Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя!

Сёння завяршаецца работа трэцяй сесіі Савета Рэспублікі шостага склікання. Парламент прыняў бюджэт на 2018 год. Вызначаны паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на трэці год пяцігодкі. Ухвалены Дэкрэт №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» — ключавы дакумент з «пакета па садзейнічанні бізнесу». Падрыхтаваны праект плана законапраектнай дзейнасці на 2018 год, у якім улічаны законапраекты, прапанаваныя Саветам Рэспублікі.

Прашу звярнуць асаблівую ўвагу на дапрацоўку праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах». Без сумневу, ён валодае асаблівай, выключнай важнасцю. Бо гэта «закон аб законах», які замацоўвае больш высокі ўзровень прававога рэгулявання сферы нарматворчасці ў параўнанні з сістэмай, якая дзейнічае зараз.

Нароўні з законапраектнай дзейнасцю нам трэба ўдасканальваць інстытут парламенцкага маніторынгу. Гаворка ідзе не пра нейкі від кантролю. Савет Рэспублікі павінен мець зваротную сувязь з месцаў: як працуюць прынятыя законы, наколькі эфектыўныя іх нормы і правапрымяняльная практыка, што варта зрабіць для ўдасканалення заканадаўства.

Паважаныя калегі!

У цэлым мы павінны зыходзіць з таго, каб Саветам Рэспублікі былі прыняты ўсе неабходныя меры па безумоўным выкананні ў 2018 годзе паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Сесія, якая прайшла, была насычанай. Па яе выніках Савет Рэспублікі ўхваліў 45 законапраектаў і прыняў да ведама 5 дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Важным кірункам дзейнасці парламентарыяў па-ранейшаму з'яўляецца аказанне членамі Савета Рэспублікі ўсебаковай дапамогі грамадзянам у рашэнні іх надзённых праблем.

Толькі за трэці квартал гэтага года членамі Савета Рэспублікі разгледжана 1788 зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, прынята па асабістых пытаннях 1303 чалавека. Калі чалавек ідзе да парламентарыя — гэта давер да ўлады і гэтым трэба даражыць.

Пра работу з насельніцтвам мы гаворым пастаянна. Здавалася б, ёсць сістэма, ёсць органы мясцовага кіравання і самакіравання. Аднак колькасць зваротаў звычайных людзей да службовых асоб вялікая. І, як правіла, па справе. Значыць, не заўсёды пытанні жыццядзейнасці насельніцтва вырашаюцца якасна.

Змястоўным аказаўся сесійны перыяд і па пытаннях саюзнага будаўніцтва. Члены Савета Рэспублікі актыўна прасоўвалі выпрацаваныя намі прапановы, якія датычацца прыярытэтных кірункаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018—2022 гады. Мы маем намер і далей весці актыўную, наступальную дзейнасць, мэта якой — фарміраванне адзінай прававой прасторы Беларусі і Расіі.

Парламенцкі семінар па пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў кастрычніку 2017 года ў Пскове, і актыўная работа членаў Савета Рэспублікі ў камісіях Парламенцкага сходу стварылі добрую аснову для парламенцкіх слуханняў па збліжэнні беларускага і расійскага заканадаўства для забеспячэння роўных правоў грамадзян. Яны завяршыліся літаральна на днях у рамках 53-й сесіі Парламенцкага сходу.

Асобна хачу спыніцца на найважнейшым мерапрыемстве, якое адбылося 19 снежня ў Савеце Рэспублікі — адкрытых парламенцкіх слуханнях на тэму «Партнёрства галін улады як неабходная ўмова паспяховага дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця». Наша краіна мае добры зачын для дасягнення Мэт устойлівага развіцця, накіраваных на рашэнне трох праблем чалавецтва — эканамічнай, сацыяльнай і экалагічнай.

Мэты ўстойлівага развіцця, вядомыя таксама як Глабальныя мэты, з'яўляюцца кіраўніцтвам да дзеяння для 193 краін, якія падпісалі ў 2015 годзе ў ААН Парадак дня ў сферы ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

13 снежня з удзелам кіраўніка дзяржавы адбыўся ІІ З'езд вучоных Беларусі. Прыняты смелыя стратэгічныя рашэнні па пытаннях навуковага і інавацыйнага развіцця краіны на перыяд да 2040 года. Задача Савета Рэспублікі — фарміраваць сістэмнае заканадаўства, якое забяспечвае выніковую навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць.

Высокі Сенат!

28 лістапада мы паспяхова правялі пасяджэнне Парламенцкай асамблеі парламенцкага вымярэння Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы. Удзел у гэтым саміце прадстаўнікоў парламентаў 13 краін з 18 дзяржаў — членаў ЦЕІ замацавала аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне, стварыла добрую аснову для партнёрскіх адносін з Еўрапейскім саюзам. Беларусь у 2017 годзе старшынствавала ў гэтай арганізацыі з асноўным лозунгам «Прасоўваючы сумяшчальнасць у Вялікай Еўропе».

Растуць нашы міжпарламенцкія сувязі. Як па колькасці, так і па маштабах сумесных задач. Да нашай краіны вялікая цікавасць у замежных парламентарыяў, і гэта абавязвае працаваць больш вынікова.

Паважаныя калегі! Падсумоўваючы сказанае вышэй, сфармулюю некаторыя агульныя задачы на найбліжэйшую перспектыву. Прынятыя кіраўніком дзяржавы акты па лібералізацыі бізнесу — гэта вельмі важны, але толькі першы этап вялікай работы. Задача — у самыя кароткія тэрміны прывесці ў адпаведнасць з імі велізарны масіў дакументаў, якія рэгламентуюць гэту работу, забяспечыць інфармацыйную падтрымку іх рэалізацыі. Працягваючы сваю дзейнасць у міжсесійны перыяд, нельга забываць аб неабходнасці забеспячэння эфектыўнасці законаў: прынятыя намі акты не павінны ператварацца ў «бібліятэку заканадаўства», а павінны працаваць. Важнай задачай на найбліжэйшы перыяд для членаў Савета Рэспублікі, якія працуюць у Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, ды і ўсіх сенатараў, з'яўляецца ўніфікацыя і гарманізацыя заканадаўства нашых дзвюх краін.

Паважаныя сябры! Дазвольце падзякаваць вам за сумесную плённую сесійную работу, павіншаваць з надыходзячым Раством і Новым годам, пажадаць вам і вашым блізкім здароўя, міру і дабра.

Будзьце шчаслівыя!

Загаловак у газеце: Законы павінны працаваць эфектыўна

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.