Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўчора наведаў мінскі Дом дзіцяці № 1 і ўручыў падарункі, а таксама медыцынскае абсталяванне (канцэнтратар кіслароду). Педагогі і выхаванцы ўстановы падрыхтавалі Каляднае прадстаўленне, якое і паказалі гасцям.
Як адзначыў міністр аховы здароўя Валерый Малашка, акцыя «Нашы дзеці», у якой прымаюць удзел у тым ліку чыноўнікі і кіраўніцтва Беларусі, праходзіць не першы год. Сёлета папярэднія яе вынікі сведчаць, што ў нашай краіне ўсе дзеці, у тым ліку і тыя, што знаходзяцца пад медыцынскім наглядам, на навагоднія і калядныя святы атрымалі ўвагу і падарункі.
Валерый Малашка засяродзіў увагу на новых формах работы, якія з мінулага года дзейнічаюць у дамах дзіцяці.
— У апошнія гады колькасць дзіцячых інтэрнатных устаноў зніжалася. У краіне развівалася апякунства, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Мінулы год у гэтым сэнсе стаў для нас рэвалюцыйным. Выйшла некалькі нарматыўных дакументаў, і работу дамоў дзіцяці ўдалося трансфармаваць. Сёння ў іх, акрамя здаровых, знаходзяцца і дзеці, якія маюць патрэбу ў паліятыўнай дапамозе, — расказаў міністр.
У прыватнасці, у Доме дзіцяці № 1 абсталявана аддзяленне рэанімацыі на 12 ложкаў, дзе дзяцей падключаюць да апаратаў штучнай і дапаможнай вентыляцыі лёгкіх.
— У Мінску яшчэ 11 дзяцей з аналагічнымі захворваннямі знаходзіцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх у сваіх сем'ях, — адзначыў Валерый Малашка. — Бацькі прынялі рашэнне ўзяць на сябе гэтую няпростую місію, і нашы нарматыўныя дакументы, пра якія я згадваў, далі магчымасць забяспечыць іх адпаведнымі апаратамі, расходнымі матэрыяламі і медыцынскім суправаджэннем. Такое ўзаемадзеянне наладжана праз структуры дамоў дзіцяці.
Паводле інфармацыі Валерыя Малашкі, сёння ў краіне патрэбу ў паліятыўнай дапамозе маюць каля 1300 дзяцей, і яна наладжваецца праз інтэрнатныя ўстановы — бацькі, якія самастойна даглядаюць такіх дзяцей, атрымліваюць неабходную дапамогу. Акрамя таго, бацькі маюць магчымасць часова змяшчаць дзяцей у дамы дзіцяці (тады догляд будзе весціся медыцынскімі работнікамі), каб сям'я атрымала невялікую перадышку.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі нагадаў, што ў савецкія часы царкву адлучылі ад адукацыі і выхавання, і гэта не прынесла станоўчых вынікаў. Свяшчэннікі павінны ўдзельнічаць у выхаванні чалавека пачынаючы з ясляў і дзіцячых садкоў.
— Евангелле скіравана на тое, каб несці людзям дабро, яго трэба перадаваць дзецям у самым раннім узросце, найперш у сям'і. Бацькі павінны ствараць такую абстаноўку, каб не было стрэсу ў дзіцяці. Я ўдзячны сваім бацькам, бо ніколі не чуў, каб маці і тата высвятлялі адносіны. Я толькі потым даведаўся, што ў іх, як і ва ўсіх, былі праблемы. Але на дзіцячым выхаванні гэта не адбівалася, — расказаў Мітрапаліт Павел.
Добраахвотніцкі рух храма «Усецарыца», з дапамогай якога сабраны падарункі, аказвае дапамогу дзіцячым хоспісам, падапечным паліятыўных палат і дамоў дзіцяці. Сёлета сабрана больш за 1700 падарункаў, якія атрымалі дзеці ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
Алена КРАВЕЦ
Фота БЕЛТА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?