Вы тут

1918-ы год для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты


Сто гадоў таму на нашай зямлі адбываліся надзвычай цікавыя, у многім неадназначныя і нярэдка лёсавызначальныя для нашага народа падзеі. Беларускі край быў знясілены вайной, узбуджаны рэвалюцыйнымі падзеямі. Што адбывалася ў той час, якімі ідэаламі жылі людзі, якія, бадай, упершыню ў гісторыі ўсвядомілі сябе менавіта беларусамі? Ці гатовыя былі мы да гэтага вялікага падарунка сусветнага лёсу — магчымасці заявіць сваё права на будаўніцтва сваёй дзяржавы? У якіх формах мы спрабавалі гэта права рэалізаваць, і што з гэтага атрымалася? Сто гадоў — менавіта той перыяд, калі гісторыя становіцца гісторыяй, калі можна, адкінуўшы эмоцыі, з далечыні іншага стагоддзя і нават тысячагоддзя аб'ектыўна разважаць пра падзеі, ужо бясспрэчна пазначаныя мінулым часам.

Менавіта гэтымі меркаваннямі мы кіраваліся, арганізаваўшы ў рэдакцыі «Звязды» круглы стол пад назвай «1918-ы для нашай дзяржаўнасці: набыткі і страты». Удзел у абмеркаванні гэтай тэмы прынялі Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, Міхаіл КАСЦЮК, акадэмік, доктар гістарычных навук, Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук, Сяргей ТРАЦЦЯК, загадчык аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук, Валянцін МАЗЕЦ, кандыдат гістарычных навук, Рыгор КАСТУСЁЎ, старшыня БНФ «Адраджэнне».


«ЗВЯЗДА»:

— Роўна сто гадоў назад на тэрыторыі Беларусі, калі гаварыць аб станаўленні нашай дзяржаўнасці, склалася цікавая і неадназначная сітуацыя. У снежні 1917 года адбыўся 1-ы Усебеларускі з'езд, на якім упершыню было заяўлена аб намеры стварыць нацыянальную беларускую дзяржаву. Бальшавікі, якія з'езд напачатку падтрымалі, урэшце яго разагналі, але ж ідэю яны гэтым не знішчылі. Тым часам наступіў 1918-ы — адзін з самых складаных і неадназначных у нашай гісторыі. Ці маглі ў тым паслярэвалюцыйным ваенным хаосе скласціся перадумовы для практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці? Што спрыяла, што перашкаджала?

Аляксандр КАВАЛЕНЯ:

— У рэчышчы нашай размовы неабходна нагадаць, што беларускія землі спрадвеку не знаходзіліся ўбаку ад дзяржаваўтваральных працэсаў, якія адбываліся на еўрапейскай прасторы і ў многім былі абумоўлены асаблівасцямі грамадска-палітычнага і духоўна-культурнага развіцця ўсходнеславянскіх тэрыторый. Важна нагадаць, што Беларусь, знаходзячыся на геапалітычным скрыжаванні, на духоўным разломе еўрапейскай прасторы, пастаянна адчувала неаднаразовыя спробы цывілізацыйнага ўціску і з аднаго, і з другога боку (дарэчы, мы гэта назіраем і сёння). Акрэсленыя асаблівасці геапалітычнага месцазнаходжання беларускіх зямель стрымлівалі аб'ектыўныя працэсы этнагенезу, культурна-духоўнага развіцця і будаўніцтва нацыянальнай дзяржаўнасці.

Нягледзячы на шматлікія войны, палітычныя і эканамічныя ўзрушэнні, беларускі народ выстаяў, не знік з гістарычнай авансцэны, захаваў традыцыі і духоўна-культурныя каштоўнасці, абараніў сваё права на самастойнае развіццё. Менавіта глыбінная нацыянальная самабытнасць беларускага народа з'явілася аб'ектыўным фактарам таго, што Беларусь ніколі ў гісторыі не была ні залежнай тэрыторыяй, ні, тым больш, калоніяй Захаду або Усходу. Насуперак усяму — не дзякуючы, а менавіта насуперак — мы здолелі адбыцца як суверэнная дзяржава. Важна падкрэсліць, што нашы продкі з глыбокай старажытнасці мелі самабытных лідараў, якія адстойвалі інтарэсы народа. Так было ў Полацкай дзяржаве, у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і ў Савецкім Саюзе.

Як бачна, дзяржаваўтваральныя працэсы беларускага народа вядуць адлік не з ХХ стагоддзя, яны маюць глыбінныя карані. Вядома, 1918 год стаў тым рубіконам, калі і грамадства, і нацыянальныя лідары саспелі для таго, каб абвясціць аб стварэнні самастойнай рэспублікі з назвай Беларусь. І абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў той час не было выпадковай з'явай. Менавіта ў той няпросты і празмерна супярэчлівы гістарычны перыяд з'явіліся аб'ектыўныя і суб'ектыўныя ўмовы для рэальнага абвяшчэння нацыянальнай дзяржаўнасці.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Гаворачы пра 1918 год, мы не павінны забываць аб тым, што працэс станаўлення беларускай дзяржаўнасці — тысячагадовы. Сёння ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі распрацавана канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці, у адпаведнасці з якой мы разглядаем дзяржаўнасць як унутраны патэнцыял народа, які забяспечвае яго здольнасць да працяглага самастойнага існавання. І гэты ўнутраны патэнцыял сапраўды фарміраваўся тут тысячагоддзямі, бо шматлікія пакаленні нашых продкаў жылі менавіта на гэтай зямлі. І на гэтым геапалітычным скрыжаванні яны набылі найбагацейшы вопыт выжывання, адстойвання сваіх інтарэсаў. Паглядзіце, колькі ўзброеных канфліктаў прайшло праз нашу зямлю, але мы здолелі захавацца як народ. У нашай дзяржаўнасці былі як гістарычныя формы — дзяржаўныя ўтварэнні на нашай тэрыторыі, пачынаючы ад Полацкага княства, так і нацыянальныя — калі ў назве загучала слова «Беларусь, беларуская». Вось гэтыя нацыянальныя карані і бяруць свой пачатак у 1918 годзе, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Так, яна не стала сапраўднай дзяржавай, але гэта была першая спроба практычнай рэалізацыі ідэі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. І гэта вельмі важны момант у нашай тысячагадовай гісторыі.

Міхаіл КАСЦЮК:

— Калі казаць пра больш глабальныя перадумовы стварэння беларускай дзяржавы, тут варта канстатаваць устойлівасць этнічных каранёў беларусаў і іх імкненне да дзяржаўнасці. У наяўнасці была жывучасць традыцый дзяржаўнасці на беларускіх землях, якія ў 1918-м набылі новае ўвасабленне...

Несумненна, адной з самых важных падзей 1918 года было стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі. БНР — не спантанная, не выпадковая грамадска-палітычная з'ява. Не варта забывацца, што яна вырасла з 1-га Усебеларускага з'езда — надзвычай прадстаўнічага органа беларускага народа.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Я хачу звярнуць увагу на істотны момант. На 1-м Усебеларускім з'ездзе, які вы згадалі, размова аб незалежнай Беларусі не ішла. Прынятая рэзалюцыя гаварыла аб праве беларусаў на аўтаномію ў складзе Расійскай рэспублікі. Але трэба ўяўляць, у які складаны час адбываліся падзеі, якія абмяркоўваюцца намі, — ішла вайна, палова нашай тэрыторыі была акупаваная германскімі войскамі.

Сяргей ТРАЦЦЯК:

— Так, 1-ы Усебеларускі з'езд не прымаў рашэнне аб стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы. Але падчас з'езду яго дэлегаты паспелі прагаласаваць толькі за першы пункт рэзалюцыі — «Аб уладзе». Калі казаць пра 1918 год, не трэба забывацца і пра падзеі, якія адбываліся ў другой яго палове. Летам 1918 года ў Маскве, скліканы Беларускім нацыянальным камісарыятам і беларускімі камуністычнымі секцыямі, прайшоў з'езд бежанцаў з Беларусі, які па сутнасці быў працягам 1-га Усебеларускага з'езда і прыняў тыя рэзалюцыі, якія на з'ездзе прыняць не паспелі. У тым ліку і аб вывадзе ўсіх замежных войскаў з тэрыторыі Беларусі, аб стварэнні беларускіх узброеных сіл, аб самавызначэнні Беларусі шляхам рэферэндуму, які меркавалася правесці пасля вываду іншаземных войскаў. А 30 снежня ў Смаленску збіраецца 6-я паўночна-заходняя канферэнцыя расійскай кампартыі бальшавікоў, якая абвяшчае сябе 1-м з'ездам кампартыі Беларусі і прымае рашэнне аб стварэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (ССРБ). Яе карані таксама там, у 1-м Усебеларускім з'ездзе.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Мне надзвычай блізкая пазіцыя калегі Сяргея Траццяка. Але мушу зрабіць некалькі ўдакладненняў. Слушна, нельга толькі стваральнікаў БНР лічыць правапераемнікамі ідэй 1-га Усебеларускага з'езда. Больш таго, дэмакратычнага мандата і легітымнай правапераемнасці з Усебеларускім з'ездам Рада БНР насамрэч не мела, бо Усебеларускі з'езд ніколі патрабаванняў незалежнасці не агучваў. Легітымным пераемнікам і прадаўжальнікам ідэй Усебеларускага з'езда быў Белнацкам. Так, з'езд разагналі бальшавікі Заходняга фронту, бо не жадалі дзяліцца ўладай з прадстаўнікамі беларускага народу. Але ж з'езд здолеў адбыцца і быць такім прадстаўнічым менавіта таму, што бальшавіцкае цэнтральнае кіраўніцтва, а дакладней — асабіста Ленін і Сталін, падтрымала яго правядзенне. Нагадаю — дэлегаты прынялі рэзалюцыю, у якой прызнаюць Савецкую ўладу. Дэлегаты прынялі рашэнне аб усталяванні ў Беларусі рэспубліканскага ладу, прызнавалі цэнтральны ўрад і не прызнавалі Аблвыкамзах як структуру франтавога паходжання. Разгон з'езду быў самавольствам Мяснікова, Кнорына і Ландэра. Іх пазіцыю, як слушна паказаў у сваіх публікацыях Вадзім Гігін, рэзка раскрытыкавалі ў Петраградзе, запатрабавалі правесці новы з'езд. Натуральна, што крытыка гэтая зыходзіла з падачы тых беларускіх дзеячаў, якія самі былі ўдзельнікамі Усебеларускага з'езда. У Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцяў, якім кіраваў Сталін, 31 студзеня 1918 года, паводле дэкрэта Леніна, стварылі ў Петраградзе Беларускі нацыянальны камісарыят. Менавіта гэты орган адыграў выключную ролю ў стварэнні беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Такім чынам, ад пачатку 1918 года ў беларускім руху існавалі і сапернічалі дзве плыні — «белнацкамаўцы» і «бэнээраўцы». Кожная з гэтых плыняў адмаўляла іншую, абвінавачваючы ў здрадзе беларускай справе і беларускаму народу. Аб'ектыўна ж — і тыя, і другія працавалі на карысць Беларусі, імкнуліся да стварэння беларускай дзяржаўнасці. Дарэчы, і тыя, і другія былі прадстаўнікамі розных партый сацыялістычнага кірунку.

«ЗВЯЗДА»:

— Першы раз ідэя менавіта беларускай нацыянальнай аўтаноміі была агучана ў 1884 годзе ў часопісе «Гоман». З таго моманту да 1918 года прайшло ў межах гісторыі зусім няшмат часу. Можа, беларусы тады яшчэ паспелі прыйсці да разумення, да адчування неабходнасці нацыянальнай дзяржавы? Купала, канешне, сказаў ужо: «Людзьмі звацца!», але ці многія тады разумелі, што гэта ім сказана і пра іх? Бо той жа дзеяч нацыянальнага руху Язэп Дыла падчас 1-га Усебеларускага з'езда наракаў: «Малаверы-беларусы, якія ў сваёй душы разам з беларускай баязлівасцю і нерашучасцю ўзгадавалі і поўны, безнадзейны недавер да здольнасці беларуса ўсвядоміць сябе»...

Валянцін МАЗЕЦ:

— У сувязі з гэтым вельмі добра выказаўся сябар Рады БНР Аляксандр Іванавіч Цвікевіч, ужо калі асэнсоўваў, аналізаваў падзеі 1918 года: «У змаганні за беларускую дзяржаўнасць, як і ва ўсякай барацьбе, трэба спадзявацца перш за ўсё на свае ўласныя сілы, на арганізаваныя сілы беларускага народа. Толькі беспасярэдняя воля народу, выражаная ў актыўным чыне, здольна стварыць дзяржаву. Але калі такой волі яшчэ няма, або яна недастатковая, то наша галоўная задача — яе выхоўваць, культываваць, шанаваць і ўсяляк пашыраць».

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Яшчэ мы не павінны забываць, якім выпрабаваннем для Беларусі была Першая сусветная вайна, якая завяршылася ў лістападзе 1918 года. Краіна была спустошана, яе тэрыторыю пакінула каля 1,5 мільёнаў насельніцтва, сотні тысяч былі мабілізаваны ў войска. Зразумела, што і з-за гэтага не было масавай ахопленасці ідэяй дзяржаўнага будаўніцтва, бо на першым плане былі менавіта сацыяльныя праблемы, якія патрабавалі неадкладнага вырашэння, літаральна чым накарміць сям'ю і дзе жыць.

Рыгор КАСТУСЁЎ:

— А пра тое, што людзі не ведалі і не разумелі ў той час дзяржаўных памкненняў, я гатовы спрачацца. Мой дзед Максім Баравікоў, які быў родам з Магілёўшчыны, у той час служыў у Чырвонай арміі. Пра 1918 год ён калісьці расказваў, што чырвонаармейцы, выхадцы з Беларусі, збіраліся разам і абмяркоўвалі, што адбываецца ў іх на радзіме. Да іх не даходзіла назва БНР, да іх не даходзілі нейкія іншыя дэталі, але тое, што беларусы збіраюцца жыць самастойна, асобна ад Расіі, яны ўспрымалі станоўча.

Калі ж вярнуцца ад сведчанняў прыватных да дакументальных, можна гаварыць, што рэзалюцыю, прынятую ў снежні 1917 года на 1-м Усебеларускім з'ездзе, якая ставіла мэтай стварэнне асобнай беларускай дзяржавы, прымалі прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва. Сярод амаль 1900 дэлегатаў — уражвае вельмі вялікая для таго часу і тых умоў іх колькасць — былі і рабочыя, і сяляне, і салдаты.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Давайце ашчадна ставіцца да фактаў. Усебеларускі з'езд не супрацьпастаўляў сябе Савецкай цэнтральнай уладзе ў Петраградзе, Саўнаркаму. Паўтаруся, у рэзалюцыі Усебеларускага з'езда прама гаворыцца пра прызнанне Савецкай улады і неабходнасці будаваць новую рэспубліку на савецкім падмурку. Таксама падкрэсліваецца неабходнасць падтрымліваць дзяржаўную сувязь з Расійскай дэмакратычнай рэспублікай. Слушна, гэта праграма дэманструе ідэалагічную пераемнасць беларускага руху. Бо падобныя патрабаванні мы можам знайсці ў згаданым часопісе «Гоман», што выдаваўся ў 1884 годзе беларускімі народнікамі. Фактычна ўжо ў 1917 годзе павінна была з'явіцца на свет Беларуская савецкая рэспубліка. З такой мэтай Саўнаркам і падтрымаў правядзенне 1-га Усебеларускага з'езда.

Такім чынам, беларусы жадалі мець уласную дзяржаўнасць, але на прынцыпах, агучаных на Усебеларускім з'ездзе. Большасць беларусаў у той момант жадала і ўласнай дзяржаўнасці, і саюзу з Савецкай Расіяй адначасова.

«ЗВЯЗДА»:

— У нашым менталітэце спрадвеку закладзена адназначна адмоўнае стаўленне да акупацыі і акупантаў. БНР была створана на акупаванай тэрыторыі са згоды акупацыйнага рэжыму. Здаецца, што гэты факт здольны паставіць пад сумненне ўсе высакародныя памкненні яе стваральнікаў...

Аляксандр КАВАЛЕНЯ:

— Канешне, не так усё адназначна. Але з пункту гледжання гісторыі — я як ваенны гісторык кажу — гэта яшчэ адно сведчанне таго, што мы навучыліся «дзякуючы» нашаму горкаму досведу нават ва ўмовах акупацыі жыць, выжываць і заставацца сабой. Прыходзяць акупанты ў 1918-м — робім спробу стварыць нацыянальную дзяржаву, прыходзяць у 1941-м — ідзём у партызаны і ствараем цэлыя свабодныя ад фашыстаў зоны — іх было больш за дваццаць, у якіх нават сельсаветы дзейнічалі. Ні ў адной краіне такога не было. І рух партызанскі жыў менавіта дзякуючы суцэльнай падтрымцы народа, інакш ён быў бы знішчаны дазвання за некалькі месяцаў... Гэта сапраўды ўжо на генным узроўні — не дзякуючы, а насуперак.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— У гісторыі ўвогуле вельмі мала падзей, якія адназначна можна ацэньваць станоўча ці адмоўна. Так, БНР абвяшчалася пад германскай акупацыяй, і без згоды акупацыйных улад рабіць нешта было немагчыма. Гэта была складаная з'ява, з'ява свайго часу, і там былі розныя моманты. А мы павінны аб'ектыўна яе вывучаць, бо гэта наша гісторыя.

Рыгор КАСТУСЁЎ:

— І мы павінны ведаць пра тое,што пасля стварэння БССР у 1919 годзе бальшавікі выдалі дакументы, якія забаранялі нават згадкі пра БНР. І ва ўсе савецкія часы пра БНР нічога не ведалі, гэта тэма была, лічы, пад забаронай ці падавалася выключна ў негатыўнай афарбоўцы. І ў значнай колькасці нашых суграмадзян успрыманне БНР тагачаснае, савецкае. Аб аб'ектыўнасці тут пакуль гаварыць няма як..

Міхаіл КАСЦЮК:

— Які асноўны заклік дзеячаў БНР? «Беларусь — незалежная і вольная дзяржава». Вельмі актуальны для сучаснай краіны.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ:

— Мы не павінны судзіць гісторыю. Мы павінны яе вывучаць і ў яе вучыцца. Гісторыя не церпіць умоўнага ладу — «што было б, калі...» яна не прымае. 1918 год — гэта перыяд гістарычнага працэсу, які найбольш выразна ўпершыню паказаў, што ў нас ёсць патэнцыял стварыць сваю нацыянальную дзяржаву. І гэта ідэя была пасеяна ў розумы ўсяго насельніцтва і была ўспрынятая. Вось у чым важнасць палітычных працэсаў 1918 года, а не ў тым, удалося ці не ў той момант рэалізаваць ідэю дзяржаўнасці.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Галоўнае тут, лічу, усё ж тое, што нельга было стаць дзяржавай ва ўмовах замежнай акупацыі. Нагадаю пералік прычын паразы палітычнага праекта БНР. Немцы не падтрымлівалі ідэю БНР, хоць яе лідары і разлічвалі на іх апеку — гэта першае. Другое — не было народнай падтрымкі. Тыя людзі, што стваралі БНР, з'яўляліся прадстаўнікамі палітычных сіл, якія прайгралі выбары ва Устаноўчы сход. Партыі, якія ўдзельнічалі ў стварэнні БНР, перш за ўсё — БСГ, іх прайгралі. Акрамя таго, не было падтрымкі з боку астатніх партый краю.

Іншая справа, што, безумоўна, гэта падзея выключнай важнасці. Упершыню ў палітычнай гісторыі Беларусі было прадэкларавана права нашай нацыі на незалежную дзяржаву.

Нельга не пагадзіцца і з Анатолем Сідарэвічам, які паказаў, што Устаўная грамата 25 сакавіка аб незалежнасці Беларусі была вымушаным крокам, ініцыяваным Антонам Луцкевічам пад уплывам вонкавых прычын. Такіх вонкавых прычын можна вылучыць тры: праект польска-нямецкай зделкі «Беларусь за Познаншчыну»; імавернасць падзела Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расіяй; прэтэнзіі Літвы на беларускія землі.

Непасрэднымі ж імпульсамі да прыняцця Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка былі Брэсцкі мір, прызнанне Германіяй незалежнасці Літвы 23 сакавіка 1918 года і атрыманае ў той самы дзень паведамленне з Берліну, што Германія БНР не прызнае.

Дарэчы, у свой час такі выбітны знаўца праблемы, якім быў Круталевіч, адзначаў, што ўстаўныя граматы БНР і мірная дамова ў Брэсце былі несумяшчальнымі.

«ЗВЯЗДА»:

— Ці не ёсць прычынай няўдачы праекта пад назвай БНР і тое, што спробу дзяржаўнасці ажыццяўлялі летуценнікі без досведу дзяржавабудаўнічай і кіраўніцкай справы?

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— А хто з беларусаў тады меў такі досвед? Хіба што тыя, хто працаваў у дзяржаўных структурах яшчэ Расійскай імперыі. Беларуская нацыянальная эліта, першыя ідэолагі нацыянальнай дзяржавы сфарміраваліся ў Расійскай імперыі. І гэта натуральны працэс, не трэба гэтага цурацца. І менавіта ў імперыі гэтыя людзі здолелі зразумець, што найлепшым чынам адстойваць інтарэсы свайго народа можна толькі ў незалежнай нацыянальнай дзяржаве.

Міхаіл КАСЦЮК:

— Дзеячы БНР былі высокаадукаваныя людзі не толькі на той час, а нават у цяперашнім уяўленні. Прайшло сто гадоў, а мы так і не зразумелі, не дапрацавалі гэта разуменне для саміх сябе, што гэта была за апантаная кагорта. Іх эпісталярная спадчына, іх выступленні, іх меркаванні вартыя асобнага вывучэння, калі мы хочам зразумець, адкуль і з чаго бралі пачатак ідэя нацыянальнай дзяржавы і яе першае ўвасабленне.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Але ж былі дзеячы Белнацкама — нашы нацыянальныя героі, вартыя самага годнага ўшанавання ўдзячных нашчадкаў. Камісарам Белнацкама да мая 1918 года з'яўляўся Аляксандр Чарвякоў. Большасць у кіруючым актыве складалі менавіта ўдзельнікі Усебеларускага з'езда. Прыгадаем імёны найбольш знакавых беларускіх дзеячаў: Багдановіч, Вазіла, Дварчанін, Душэўскі, Жылуновіч, Канчар, Лагун, Сабалеўскі, Тарашкевіч, Турук, Усціловіч.

Без гэтых людзей не было б беларускай савецкай дзяржаўнасці, якую яны зрабілі рэальнасцю, нягледзячы на знявагу, паклёпы і супрацьдзеянне з боку кіраўніцтва Заходняй вобласці.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Усё ж галоўнай прычынай, чаму БНР не адбылася, была геапалітычная сітуацыя, якая склалася ў другой палове 1918 года. Германскія акупацыйныя ўлады нейкі час, пакуль ім гэта было патрэбна, імкнуліся выкарыстаць БНР як сродак ціску на Савецкую Расію. Адпаведна Савецкая Расія ўспрымала БНР як праект у піку яе інтарэсам. Не будзем забывацца і пра пераможцаў Першай сусветнай вайны — краіны Антанты. Яны ў 1918 годзе зрабілі стаўку на адраджэнне Польшчы ў межах Рэчы Паспалітай да 1772 года як буфера паміж імі і рэвалюцыйнай Расіяй. У такіх умовах незалежнай Беларусі проста не магло існаваць. І не існавала ніякага абароннага механізму, каб захаваць новае дзяржаўнае ўтварэнне.

Рыгор КАСТУСЁЎ:

— Яшчэ былі беларускія палкі, якім не далі дабрацца да Беларусі...

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Сапраўды, шмат беларусаў служыла яшчэ ў царскай арміі, і вярнуцца дадому яны не паспелі. Але з іншага боку, калі перад абвяшчэннем БНР беларускія ўзброеныя фарміраванні былі створаны непасрэдна на месцы, германскія акупацыйныя ўлады адразу загадалі іх распусціць,і загад быў выкананы.

Валянцін МАЗЕЦ:

— Насамрэч, я лічу, нельга казаць, што ідэя Беларускай Народнай Рэспублікі, якая адлюстроўвала імкненне беларусаў жыць у сваёй нацыянальнай дзяржаве, пацярпела паражэнне. Уся справа ў тым, што ў тых складаных, перш за ўсё геапалітычных, абставінах — а БНР абвяшчалася ва ўмовах Першай сусветнай вайны і знаходжання на беларускай зямлі акупацыйных войскаў — стварыць самастойную дзяржаву было проста немагчыма. Але ж ідэя незалежнай беларускай дзяржавы засталася. Мала таго, яна была вельмі жывучая, яна настолькі пашыралася, што бальшавікі ўжо ў канцы 1918 года былі вымушаны пагадзіцца на абвяшчэнне ССРБ. І дзеячы БНР былі згодныя на такую форму дзяржаўнасці. У перапісцы Аркадзя Смоліча з Антонам Луцкевічам адзначалася гатоўнасць падтрымаць абвешчаную беларускую дзяржаўнасць у форме ССРБ, калі беларускім савецкім урадам «будуць рэалізаваны нашы ідэалы свабоднай Беларусі». І гэта не з'яўляецца парадоксам, таму што на 1-м Усебеларускім з'ездзе разам былі і тыя, хто ствараў БНР, і тыя, хто стаяў ля вытокаў БССР. Яны фактычна ажыццяўлялі адну і тую ж ідэю праз розныя формы.

Міхаіл КАСЦЮК:

— Дзейнасць БНР сапраўды адыграла вялікую ролю ў тым, што тэрмінова ўтварылі ССРБ, а крыху пазней — БССР. Роля дзеячаў БНР тут бясспрэчная, асабліва ў кантэксце міжнародных стасункаў. Гістарычныя даследаванні сведчаць, што каля дзясятка краін ці дэ-юрэ, ці дэ-факта ўсё ж такі прызналі Беларускую Народную Рэспубліку. І гэта быў для Масквы вельмі важны сігнал — там зразумелі неабходнасць альтэрнатывы.

Валянцін МАЗЕЦ:

— Трэба адзначыць, што калі з палітычнай пазіцыі пра БНР ужо напісана і сказана шмат і рознага, дык пра сацыяльна-эканамічнае развіццё гэтага дзяржаўнага ўтварэння мы амаль не ведаем. А тут ёсць пра што гаварыць. Менавіта ў часы БНР была створана першая Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Праект увядзення першых беларускіх грошай быў распрацаваны ў часы БНР. Забяспечвацца нацыянальная валюта павінна была коштам таварнага лесу. Больш за тое, першы беларускі пашпарт — гэта пашпарт БНР. Першы закон аб грамадзянстве быў прыняты ў БНР. У ім, дарэчы, забаранялася двайное грамадзянства. А папярэднічала гэтаму выдача «Пасведчання грамадзяніна Беларусі». Падобнае пасведчанне было выдадзена ў 1918 годзе і Янку Купалу. У красавіку 1918 года на пасяджэнні Народнага Сакратарыята была прынятая пастанова, паводле якой беларуская мова абвяшчалася дзяржаўнай і абавязковай мовай Рэспублікі. І гэта таксама было зроблена ўпершыню ў айчыннай гісторыі.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Ці можна казаць пра БНР як пра дзяржаўнае ўтварэнне? Лічу, што не. Асобныя публіцысты нават дагаворваюцца да савецкай акупацыі БНР. Гэта іначай, як гістарычнай міфалогіяй, назваць нельга. Савецкай акупацыі БНР не было, бо БНР як рэальнай дзяржавы не існавала. БНР была палітычным праектам беларускіх палітыкаў, не нямецкіх, які аднак такім палітычным праектам і засталася. Тут цалкам можна пагадзіцца з беларускім палітолагам Сяргеем Богданам: «БНР была толькі праектам таму, што ніводзін урад БНР ані змог узяць пад эфектыўны кантроль аніводнага лапіка зямлі, на якую прэтэндаваў, ані сфармаваць інстытутаў незалежнай дзяржавы».

Стварэнне БССР ішло паралельна са стварэннем БНР ды было ініцыя вана беларускімі ж нацыянальнымі дзеячамі, больш прагматычнымі і рэалістычнымі за сваіх апанентаў з лагера БНР. І яны, у адрозненне ад сваіх апанентаў, дасягнулі рэальнага поспеху.

«ЗВЯЗДА»:

— Чаму ж, калі ўсё так развівалася, БНР як спроба рэальнага дзяржаўнага ўтварэння знікла разам з нямецкімі войскамі? У хуткім часе прыйшлі новыя акупанты — палякі. Можна было паспрабаваць дамовіцца з імі...

Валянцін МАЗЕЦ:

— Не забывайцеся, якой уласнай нацыянальнай ідэяй кіраваліся палякі. Яны абмяжоўвалі любую дзейнасць, накіраваную на культываванне і пашырэнне беларускай нацыянальна-дзяржаўнай ідэі. Так, на занятай польскімі войскамі тэрыторыі пачалі масава зачыняць беларускія школы і культурныя ўстановы. Але для змагання з бальшавікамі палякі дазволілі стварэнне Беларускай вайсковай камісіі. Праўда, дзейнасць гэтай камісіі была безвыніковай — беларускае войска так і не было створана.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— І абяцанне Пілсудскага стварыць беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію засталося толькі абяцаннем. У кожнага з акупантаў былі свае мэты. Германія, якая адкрывала тут беларускія школы і дазволіла стварэнне БНР, разглядала гэту тэрыторыю як зону палітычнага ўплыву. А Польшча разглядала яе як частку ўласнай дзяржавы, на якой напоўніцу трэба рэалізоўваць сваю нацыянальную палітыку.

Валянцін МАЗЕЦ:

— Увогуле ў адносінах да акупантаў ілюзій не было ніколі. Старшыня ўрада БНР Антон Луцкевіч, які доўгі час меў стасункі з германскімі ўладамі, пісаў у сваіх успамінах, што Германія ў дачыненні да Беларусі праводзіла «дужа паскудную палітыку».

Міхаіл КАСЦЮК:

— Але ўнікальны выпадак: і Германія, і краіны Антанты — праціўнікі ў вайне — мелі аднолькавую пазіцыю ў адносінах да БНР, яны разглядалі яе праз прызму адносін з Савецкай Расіяй. Дакументы сведчаць, што за перыяд акупацыі было адчынена каля 300 беларускамоўных школ. Але гэта зусім не сведчанне таго, што немцы так апекаваліся нашым нацыянальным рухам. Палітыка Германіі на акупаваных землях была ў супрацьпастаўленні ў першую чаргу Расіі і Польшчы. Беларусы тут аказаліся якраз дарэчы.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Гісторыкі Уладзімір Ляхоўскі і Юрый Барысёнак пераканаўча развянчалі міф аб «сімпатыях» кайзераўскага акупацыйнага рэжыму ў дачыненні да беларускай мовы і беларускай нацыі. З'яўленне беларускіх, літоўскіх, яўрэйскіх школ у зоне нямецкай акупацыі было працягам жорсткага антыпольскага курсу, які пачаў рэалізавацца ў Германскай імперыі з моманту яе стварэння ў 1871 годзе. Немцы дазволілі стварыць толькі 89 беларускіх школ у зоне Обер Ост. Большасць беларускіх казённых школ было створана ў генеральнай акрузе «Беласток — Гародня», на беларуска-польскім памежжы. Немцы, такім чынам, стваралі своеасаблівы «беларускамоўны кардон», каб спыніць польскую экспансію на ўсход акупацыйнай зоны. Таму не трэба, шаноўныя калегі, блытаць і змешваць да купы ўласную ініцыятыву беларускіх дзеячаў па стварэнні нацыянальнага школьніцтва з нямецкай палітыкай у гэтым пытанні.

«ЗВЯЗДА»:

— Увогуле «дужа паскудную палітыку» праводзілі ў тыя часы ў адносінах да Беларусі не толькі немцы і палякі. Брэсцкі мір у 1918-м заключылі фактычна без уліку беларускіх інтарэсаў. Не кажучы ўжо пра Рыжскі мір 1921 года: тады ўжо правамоцна два гады існавала БССР, вынікам падпісання дакумента было адабранне паловы беларускіх тэрыторый, а беларускіх прадстаўнікоў у Рызе не было. Купала праз год з горыччу пісаў пра гэта: «Бах! Нашу Айчыну без нашае волі, як тую аўчыну, у шматкі папаролі»...

Сяргей ТРАЦЦЯК:

— Тэма Беларусі на Брэсцкіх мірных перагаворах у 1918-м усплыла толькі аднойчы, калі генерал Макс Гофман паспрабаваў выкарыстаць інфармацыю аб разгоне бальшавікамі 1-га Усебеларускага з'езда для ціску на савецкую дэлегацыю. Але ён усцешыўся растлумачэннем, якое даў Троцкі. А для савецкай дэлегацыі беларускае пытанне тады таксама не было асноўным, бо ў любым выпадку граніца б прайшла далёка на захад ад лініі фронту 1917 года. Немцы да 1915 года не мелі кантактаў з беларускім нацыянальным рухам, яны ўвогуле да акупацыі нашай тэрыторыі наўрад ці ведалі, што ёсць такі народ. Германскі ўрад і германскія генералы да самага краху іх імперыі ў канцы 1918 года так і не ведалі, што ім рабіць з Беларуссю. Калі б беларускі нацыянальны рух быў проста нямецкай інтрыгай, як спрабавалі даводзіць нашы суседзі і з Захаду, і з Усходу, лёс Беларускай Народнай Рэспублікі склаўся б інакш. Але германскі акупацыйны ўрад рабіў стаўку на літоўскую палітычную эліту. Будучае Літоўскае каралеўства, у якое планавалі ўключыць і частку заходняй Беларусі, павінна было стаць нямецкім козырам ва ўсходнееўрапейскай палітыцы ў выпадку перамогі Германіі ў вайне. Беларусі ў тых планах і блізка не было. З Беларускай Народнай Рэспублікай «гуляла» камандаванне 10-й германскай арміі, чый штаб быў у Мінску, таму што яно мела патрэбу ў якім-небудзь мясцовым дапаможным апараце. Але ў Берліне на гэта глядзелі вельмі коса. Таму ў прынцыпе атрымалася так, што пасля Брэсцкага міру Беларусі ўвогуле не павінна было існаваць. Але 25 сакавіка 1918 года людзі, якія спачатку абвясцілі аб стварэнні БНР, а пасля — яе незалежнасць, паспрабавалі заявіць права Беларусі на існаванне ў тагачасным міжваенным і пасляваенным свеце...

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— І мы не павінны забываць пра тое, што для бальшавікоў у той час была галоўнай ідэя сусветнай рэвалюцыі, для іх падчас падпісання Брэсцкага міру былі не прынцыповымі нейкія межы і ў стварэнні дадатковых дзяржаў яны не бачылі сэнсу. Ім проста была патрэбная перадышка, каб потым рухаць далей рэвалюцыйны пажар.

Міхаіл КАСЦЮК:

— А на заключэнні Рыжскай дамовы пазіцыя Польшчы і пазіцыя Расіі адносна Беларусі фактычна супадала. Вядомыя словы Чычэрына: маўляў, калі на перамовах будуць беларусы, яны перавернуць усе нашы камбінацыі. Дарэчы, спачатку перамовы павінны былі праходзіць у Мінску, а пасля перанеслі іх у Рыгу, бо беларусаў рашылі не клікаць.

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Калі гаварыць пра Рыжскі мірны дагавор, то гэта сапраўды нацыянальная трагедыя для беларускага народа. Зняможаная Савецкая Расія не магла працягваць вайну з палякамі, і тэрыторыя Беларусі стала свайго роду разменнай манетай. Менавіта таму беларусаў не паклікалі ў Рыгу, хоць, як ведаем, Аляксандр Чарвякоў спрабаваў туды прарвацца. Але не варта забываць пра тое, што, бальшавікі, хоць і ў межах шасці паветаў, захавалі ССРБ як дзяржаўнае ўтварэнне. Бальшавікі бачылі ў Беларусі патэнцыял і рашылі яго падтрымліваць. У 1924-м адбылося першае ўзбуйненне БССР, у 1926-м — другое. А ў 1939 годзе, дзякуючы прынцыповай пазіцыі савецкага кіраўніцтва, быў здзейснены акт гістарычнай справядлівасці — Заходняя Беларусь уз'ядналася з БССР...

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Важную ролю ў актуалізацыі беларускага пытання адыграла аб'ектыўна выгодная для бальшавікоў барацьба польскіх палітыкаў па пытанні аб усходняй мяжы іх дзяржавы ў працэсе мірных перагавораў у Рызе. Палякі, у адрозненне ад бальшавікоў, не збіраліся ісці насустрач беларускім памкненням у справе ўласнай дзяржаўнасці. Спасылаючыся на грунтоўныя працы польскага гісторыка Рамана Вапіньскага, маскоўскі гісторык, з паходжання полацкі беларус, Барысёнак паказвае, што федэралістычная канцэпцыя Пілсудскага — не што іншае, як прапаганда. Ніякай сур'ёзнай падтрымкі ідэі незалежнасці Беларусі ў Пілсудскага не было, як ніколі не было рэальнага жадання ствараць дзяржаву, пабудаваную на прынцыпах федэралізму.

Тэарэтычная платформа для беларусізацыі належыць Сталіну, як тагачаснаму наркаму па справам нацыянальнасці. Яна была створана незадоўга да падпісання мірнай Рыжскай дамовы. Рашэнні па рэалізацыі палітыкі беларусізацыі пачалі здзяйсняцца з 1921 года — з дырэктывы Сталіна, агучанай апошнім 10 сакавіка 1921 года.  У сваім дакладзе на X з'ездзе РКП(б) Сталін паставіў апошнюю кропку ў дыскусіі аб існаванні асобнага беларускага народа і асобнай беларускай мовы, як рэальна існуючай у аб'ектыўнай рэчаіснасці. «Беларускасць» Сталіна вынікала з яго сімпатый яшчэ з 1918 года да дзеячаў Белнацкама, у тым ліку і ў іх супрацьстаянні і з кіраўніцтвам Заходняй вобласці, і з цэнтралістамі-інтэрнацыяналістамі. Сталін з канца 1917 года нязменна падтрымліваў беларускі бок у спрэчцы з Мяснікянам і кампаніяй...

Але казаць аб нейкай асаблівай любові Сталіна да беларусаў не выпадае — справа была ў геапалітычным эксперыменце часткі савецкага кіраўніцтва, а заігрыванне з «самасційнымі плынямі» было аб'ектам вялікай гульні на памежжы з Польшчай. Менавіта польская палітыка, нежаданне польскага ўраду ісці на саступкі ў нацыянальна-дзяржаўных памкненнях беларусаў і ўкраінцаў прадвызначалі прынцыпова іншы падыход з боку прагматычна настроенай часткі савецкага кіраўніцтва. Такімі прагматыкамі з'яўляюцца Сталін і Чычэрын. Праекты беларусізацыі і ўкраінізацыі, скіраваныя на будаўніцтва нацый у нашай частцы Усходняй Еўропы, давалі істотныя перавагі ў барацьбе за сэрцы і душы беларусаў і ўкраінцаў, якія на «Крэсах всходніх» аб падобным маглі толькі марыць.

У той ці іншай ступені палітыка, закладзеная ў эпоху беларусізацыі, існавала да самага скону СССР. І пасля згортвання дырэктыўнай фазы беларусізацыі ў 30-х гадах беларуская мова не была выключана са сферы адукацыі, навукі і прапаганды. Ніхто не ставіў пад сумненне і факт існавання новай беларускай эліты як асобнага нацыянальнага суб'екта палітычнай эліты СССР.

«ЗВЯЗДА»:

— 1-ы Усебеларускі з'езд — БНР — ССРБ — БССР — Рэспубліка Беларусь... Адно з другога вынікае ці ўсё ж больш супярэчыць?

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Так, гэты ланцужок выглядае абсалютна лагічным. І ўся наша сённяшняя размова гэта пацвярджае. Калі мы гаворым пра беларускую дзяржаўнасць, сваю нацыянальную форму яна пачала набываць менавіта ў 1917—1918 гадах. Аналізуючы падзеі стагадовай даўнасці, мы не павінны забываць, што тады ўпершыню ў гісторыі народа мы спрабавалі стварыць сваю нацыянальную беларускую дзяржаву. Сам працэс рэалізацыі гэтай ідэі быў вельмі складаны і супярэчлівы, але ў выніку мы прыйшлі да таго, што маем сёння — незалежную краіну Беларусь.

Рыгор КАСТУСЁЎ:

— Але мы не павінны забываць, што ў гэтым ланцужку вельмі вялікая колькасць супярэчнасцяў. Нават стварэнне ССРБ адбылося ў проціпастаўленне БНР. Калі БНР стваралася праз народнае прадстаўніцтва — праз з'езд, праз дэлегатаў, дык ССРБ, а пасля і БССР — па ўказцы з Масквы...

Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ:

— Тут, я думаю, не варта супрацьпастаўляць. Галоўнае, што ідэя беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці працягвала рэалізоўвацца, толькі на іншым грунце. Калі б не было ў канцы 1918 года прынята рашэнне аб стварэнні ССРБ, не факт, што мы прыйшлі б да Рэспублікі Беларусь. Гэта быў складаны працэс, мелася шмат адмоўных момантаў, маса недахопаў, але ўрэшце мы прыйшлі да сваёй незалежнай дзяржавы.

Сяргей ТРАЦЦЯК:

— Нацыянальная дзяржаўнасць не ёсць феномен у аднойчы зададзенай форме. Наша нацыя склалася менавіта вакол дзяржавы. Не будзь тых самых шасці паветаў, якія пакінулі Беларусі пасля Рыжскага міру, — не было б вакол чаго аб'ядноўвацца.

БНР нельга абвяшчаць чужой інтрыгай. Гэта была з'ява гістарычнага развіцця Беларусі. Гэтаксама як нельга яе супрацьпастаўляць пазнейшым формам беларускай дзяржаўнасці, якія былі рэалізаваныя.

Ігар МАРЗАЛЮК:

— Лічу, што нельга спрошчваць сітуацыю. Такі ланцужок — уяўная рэч, у рэальнасці ўсё было складаней. Выток беларускай дзяржаўнасці, як і спробы па яе рэалізацыі, у рашэннях Усебеларускага з'езда. Пасля яго разгону ні на хвіліну не спынялі працы па захадах рэалізацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці ні тыя, хто абвяшчаў БНР, ні тыя, хто 31 студзеня 1918 года пачаў працаваць у Белнацкаме ў Петраградзе. Ланцужка не было. Былі дзве плыні, якія не толькі варагавалі паміж сабой, але і ўзаемадзейнічалі. І ўрад БНР Антона Луцкевіча ў 1918-м, і пазнейшы ковенскі ўрад Вацлава Ластоўскага таксама вялі перамовы з Саўнаркамам, з Белнацкамам. Дарэчы, ССРБ, абвешчаная 1 студзеня, таксама дэкларавала свой статус у якасці незалежнай дзяржавы. Пасля заканчэння польска-савецкай вайны і Рыжскай дамовы кантакты працягваліся. Антон Луцкевіч па просьбе савецкага паўнамоцнага прадстаўніцтва ў Польшчы склаў даклад аб тых мерапрыемствах, якія былі пажаданымі ў БССР з пункту гледжання заходніх беларусаў. Ён прапанаваў: 1) вырашыць пытанні пра павелічэнне тэрыторыі БССР; 2) разгарнуць культурную працу; 3) абвесціць амністыю дзеячам БНР, арганізаваць тэрытарыяльныя войскі. Мы ведаем, што ўсе гэтыя пастулаты былі выкананыя. Як вынік — 15 кастрычніка 1925 года Савет міністраў БНР прыняў пастанову аб самароспуску і прызнаў «Менск адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі». Дакумент падпісалі Цвікевіч, Заяц, Пракулевіч. Падкрэслім, што акт урада БНР аб самароспуску абапіраўся на рашэнне 2-й палітычнай нарады ў Берліне, якая прайшла таксама 15 кастрычніка 1925 года. Разглядаючы сталіцу Савецкай Беларусі ў якасці цэнтра беларускага адраджэння, нарада лічыла, што ўсякія спробы актыўнай барацьбы супраць Мінска з'яўляюцца «здрадай справе вызваленчага беларускага руху». Канферэнцыя не прызнала Рыжскі мір, падзел Беларусі ды лічыла важнейшым заданнем БССР уз'яднанне акупаваных польскімі імперыялістамі тэрыторый Заходняй Беларусі. На нарадзе прысутнічалі прадстаўнікі БССР З. Жылуновіч і Ульянаў для прыняцця, як сказана ў дакуменце, мандатаў БНР. Такім чынам, пасля гэтага БССР стала ў тым ліку і правапераемніцай традыцыі БНР. Так што Рэспубліка Беларусь успадкавала, з юрыдычнага пункту гледжання, і тую, і другую традыцыі.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ:

— Мы сёння, размаўляючы пра падзеі 1918 года, не павінны дзяліцца на «белых» і «чырвоных». Так, нашы меркаванні не будуць аднолькавыя, але яны павінны кансалідаваць нас, а не раздзяляць, бо сёння мы, вывучаючы і аналізуючы нашу агульную гісторыю, разам будуем нашу агульную незалежную краіну.

Круглы стол правяла Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.