Вы тут

На Шуміліншчыне гаспадары прывялі ў парадак 121 пустуючы дом


На Шуміліншчыне, пачынаючы з 2012-га, калі быў падпісаны Указ № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», і да канца мінулага года ў грамадзян прынялі 136 апавяшчэнняў аб намеры выкарыстоўваць дамы. Гаспадары прывялі ў парадак 121 пустуючы дом. Знесена 219 старых будынкаў.


Паводле распараджэння старшыні райвыканкама ў адпаведнасці з патрабаваннямі ўказа дзейнічае камісія па абследаванні стану такога жылля ў сельскай мясцовасці. Яе работа сістэмная: яна плануецца, рэгулярна праводзяцца пасяджэнні.

— Падчас фарміравання праектаў бюджэтаў пярвічнага ўзроўню на чарговы фінансавы год прадугледжваюцца сродкі на знос, а каб у сельвыканкамах разумелі ўсе нюансы пры выкананні ўказа, праводзяцца семінары, — расказвае старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.

На сесіях раённага і сельскіх Саветаў, пасяджэннях прэзідыума райсавета, сельвыканкамаў разглядаюцца пытанні па рэалізацыі ўказа. Штогод абследуюцца ўсе сельскія населеныя пункты, зацвярджаюцца адпаведныя спісы. На сходах грамадзян, падчас Дзён работы з насельніцтвам людзям расказваюць пра наступствы безгаспадарчага ўтрымання жылля...

Дзеянне Указа № 100 накіравана на скарачэнне колькасці пустуючых і старых дамоў. А, значыць, у першую чаргу на прывядзенне ў парадак сельскіх сядзіб і зямельных участкаў, якія засталіся незапатрабаваныя. Прадугледжаны і знос не прыдатных да выкарыстання дамоў. Дакладнае выкананне палажэнняў указа патрабуе сур'ёзнай карпатлівай работы з уласнікамі па прывядзенні ў парадак пустуючых будынкаў, вызначэнні мэт далейшага выкарыстання дамоў, прызнаных
рашэннямі суда нічыйнымі.

— Знос, дарэчы, ужываецца як крайняя мера. Яна датычыцца ў большай ступені старых, непрыдатных будынкаў, якія не выкарыстоўваюцца па прызначэнні больш за тры гады, — працягвае Ірына Новікава.

За 2017 год у раёне знеслі 58 старых дамоў. У тым ліку за дзяржаўныя грошы (6,2 тысячы рублёў) — 17 старых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі.

Як адзначыла Ірына Новікава, найбольш актыўна рэалізуецца ўказ на тэрыторыях Лаўжанскага, Мішневіцкага, Обальскага сельсаветаў.

Знос старых дамоў адбываецца па рашэнні суда або сельвыканкама са згоды ўласніка (праваўладальніка).

— У прыватнасці, калі памерлі ўладальнікі, а сваякі не ўступілі ў правы спадчыны, і догляд за домам і зямельным участкам не ажыццяўляецца. Дзеянне Указа № 100 дазваляе законна прыняць меры па прывядзенні іх у парадак. Спадчыннікі маюць права прыняць рашэнне аб далейшым лёсе дома паводле прадпісання сельвыканкама. У выпадку непрыняцця мер з боку нашчадкаў, лёс дома і зямельнага ўчастка вырашае суд, — расказвае старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч.

Быў выпадак, калі гаспадары памерлі, іх сыну і дачцэ дом, як яны пацвердзілі, не быў патрэбны. Рыхтаваліся дакументы на знос дома па рашэнні сельскага выканаўчага камітэта са згоды ўласніка (праваўладальніка). Але неўзабаве прыехаў трэці сын, які пажадаў выкарыстоўваць бацькоўскі дом. Сёння дом прыведзены ў парадак...

— Таму трэба дакладна ведаць, колькі сваякоў засталося пасля смерці ўласнікаў, каму з іх можа спатрэбіцца жыллё, — тлумачыць Мікалай Будневіч. — А яшчэ былі складанасці з пошукам расіян, якія ў свой час купілі дамы «з рук у рукі», і доўгі час не прыязджалі. Жыллё заставалася без нагляду, рамонту. Насамрэч праблема іх знайсці. Але атрымліваецца! У Санкт-Пецярбургу, напрыклад. Адпраўляем лісты, у якіх падрабязна ўсё тлумачым. Цярпліва чакаем адказы.

Мікалай Будневіч падлічыў, што ў сярэднім на руйнаванне дома разам з гаспадарчымі пабудовамі з бюджэту трэба патраціць больш за 400 рублёў. Усяго падчас дзеяння ўказа на тэрыторыі сельсавета знеслі больш за 50 дамоў, у тым ліку летась — 10.

— Два дамы разабралі ратавальнікі. Будаўнічыя адходы ў адпаведнасці з патрабаваннямі экалагічнага заканадаўства падзялялі па відах: драўніну выкарысталі для кацельнай, рэшткі бітага шкла, металалому здалі ў якасці другаснай сыравіны. А дробненую цэглу, шыфер і г. д. адвезлі на палігон камунальных адходаў.

Зямельныя ўчасткі пасля зносу і рэкультывацыі выкарыстоўваюцца для будаўніцтва жылля, агародніцтва, вядзення асабістых падсобных гаспадарак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Каб быў парадак...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.