Вы тут

Анатоль Ісачанка правёў выязны прыём грамадзян


З самымі рознымі пытаннямі звярнуліся жыхары Салігорскага раёна падчас выязнога прыёму грамадзян да старшыні Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанкі. Адны праблемы вырашаны на месцы, іншыя патрабуюць дадатковага вывучэння. Адказы на іх будуць дадзены ў адпаведнасці з заканадаўствам.


Жыхар аграгарадка Зажэвічы Аляксей Іванавіч паскардзіўся, што вуліца Піянерская, дзе ён пражывае, у не надта добрым стане, асабліва пасля дажджоў, непагадзі. І грэйдзіруецца нерэгулярна, апошні раз работы па ўладкаванні вясковай артэрыі выконваліся ў канцы жніўня мінулага года. На думку мужчыны, праблему можна вырашыць раз і назаўсёды, калі пакласці тут асфальт.

Вуліцы аграгарадка абслугоўвае прадпрыемства «Жыллёва-камунальная гаспадарка «Комплекс». Выконваючы абавязкі дырэктара Дзмітрый Люцко растлумачыў, што ў мінулым годзе грэйдар пастаянна выязджаў у населены пункт. Спецтэхніка пабывала ў аграгарадку сямнаццаць разоў.

З пытаннем асфальтавання пад'язной дарогі звярнуўся і Валерый Сцяпанавіч з вёскі Пружанка.

Райвыканкам вызначаецца з тым, якія дарогі ў першую чаргу трэба асфальтаваць, бетанаваць, грэйдзіраваць, адзначыў губернатар. Але яны павінны ўтрымлівацца ў парадку ў адпаведнасці з нормамі і правіламі. «Зразумейце, я не дам каманду неадкладна зрабіць цвёрдае пакрыццё менавіта ў вашай вёсцы. Я не магу забраць у кагосьці сродкі на гэтыя мэты і аддаць вам, — звярнуўся Анатоль Ісачанка да заяўніка. — Ёсць план фінансавання на ўзроўні аблвыканкама, ён абаронены. Тое, што запланавалі, будзем выконваць».

Кацярына Качаноўская з мужам выхоўваюць траіх дзяцей: адзінаццаці, чатырох гадоў і адзінаццаці месяцаў, жывуць у інтэрнаце. З 2007 года яны стаяць на агульнай чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Пасля таго як у 2017-м нарадзілася немаўля, іх паставілі на чаргу як шматдзетную сям'ю. У гэтым спісе яны значацца пад нумарам 439.

У раёне вядзецца жыллёвае будаўніцтва. І, як вынікае з адказу спецыялістаў, сям'і прыйдзецца пачакаць яшчэ гады два-тры, каб здзейсніць жаданне.

— Падлічыце, што зможаце ў гэтым годзе пабудаваць з улікам магутнасцяў, выдзеленых участкаў і чарговасці. Думаю, раёну трэба паскарацца, — рэзюмаваў Анатоль Ісачанка.

Жыхар Салігорска Андрэй Уладзіміравіч паскардзіўся, што ў адным пакоі яго кватэры цёпла, а ў другім халадней на некалькі градусаў. Тым больш што ў суседзяў дастаткова камфортная тэмпература. Камунальнікі не выявілі нейкіх дэфектаў. Уласнік прасіў яшчэ раз правесці замеры з дапамогай спецыяльнага абсталявання. Калі пакажа, што цяпло «выпараецца» па яго віне, то ён гатовы за свой кошт выпраўляць недахопы. Анатоль Ісачанка даручыў спецыялістам задаволіць просьбу заяўніка.

Фёдар Ігнатавіч з садовага таварыства лічыць, што ўладальнікі двух участкаў самавольна іх пашырылі, тым самым забраўшы частку вулічнага праезда. Акрамя таго, ён паскардзіўся на інтэрвал руху некаторых маршрутаў гарадскіх аўтобусаў. А ў мясцовай бальніцы, на яго думку, не так уладкаваны душавыя кабінкі, туалеты.

Па зямельным пытанні працавала адпаведная камісія, якая прыйшла да высновы, што ўсе ўчасткі аформлены ва ўстаноўленым парадку, даўжыня не перавышае памераў, якія пазначаны ў праваўстаноўчых дакументах, самавольнага захопу зямлі не выяўлена. Адмяніць дзяржаўную рэгістрацыю на права валодання участкам можа толькі суд.

— Усе пытанні мы ўзялі «на аловак», яны будуць вывучаны. Што датычыцца графіка руху аўтобусаў, то гэтым зоймуцца спецыялісты абласной службы, — канстатаваў Анатоль Ісачанка.

Віктар Паўлавіч з гарадскога пасёлка Старобін звярнуўся наконт выдзялення яму ўчастка для стварэння базы па рамонце спецтэхнікі.

Справа ў тым, што раней быў зацверджаны акт выбару, на аснове якога прадпрымальнік павінен быў падрыхтаваць праект і прайсці экспертызу, пасля чаго звярнуцца па адвод зямлі. Але ён паспяшаўся: паставіў вакол капітальную агароджу. Атрымліваецца, самавольна заняў зямлю і разгарнуў недазволенае будаўніцтва, за што атрымаў штраф. Адпаведна зямельнаму заканадаўству мужчына павінен знесці незаконную пабудову, прывесці ўчастак у першапачатковы стан і пачаць працэдуру па новай.

— Вядома, ён парушыў закон. Але паспрабуем падысці да яго з разуменнем. Вазьміце пытанне на кантроль, няхай разбярэцца ў ім камітэт эканомікі, будзем прымаць рашэнне ў адпаведнасці з законам, — рэзюмаваў губернатар.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Пачуць і дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.