Вы тут

У Брэсце паказалі больш за 200 народных касцюмаў


Паказ фрагментаў з народных абрадаў і дэфіле ў бабуліных строях, а таксама сучасных, стылізаваных пад мінулае, адбыліся ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры. Свае скарбы прывезлі іх збіральнікі — работнікі культурных устаноў з усіх раёнаў вобласці. І паказалі ўзоры адзення бабуль, вельмі прыгожыя, яркія, з арнаментам і вышыўкай, часам нечаканыя, з мудрагелістымі галаўнымі ўборамі. Бездзежскія фартушкі з Драгічыншчыны, маларыцкія спадніцы-буркі, убранне дывінскай свацці, несумненна, можна лічыць унікальнымі ўзорамі народнага касцюма. А на Брэстчыне гэтых узораў, на шчасце, захавалася нямала.


Сцепаніда СЦЕПАНЮК.

Сучасным гледачам цікава было ўбачыць, як апраналіся продкі ў канцы пазамінулага стагоддзя альбо на пачатку ХХ. На мерапрыемстве касцюмы дэманстравалі не толькі на манекенах, іх галоўным чынам паказвалі ўжывую з дапамогай мадэляў. Напрыклад, народны фальклорны гурт з вёскі Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна «Завіца» паказаў фрагмент вясковага вяселля. Атрымаўся невялікі спектакль з апрананнем нявесты, блаславеннем бацькоў, абрадавымі песнямі. Гледачы падтрымалі самадзейных артыстаў шчырымі апладысментамі. Дырэктар Ганцавіцкага дома рамёстваў Маргарыта Саланевіч звярнула ўвагу на тое, што ў раёне праглядаюцца два кірункі фасонаў і ўзораў народнага строю. І яны вельмі адрозніваюцца. Дык вось імправізаванае вяселле было паказана ў касцюмах з рэгіёна ў кірунку вёсак Люсіна, Малькавічы, Раздзялавічы. Жаніх апрануўся ў строй з Люсіна — вёскі, вядомай нам з коласаўскага «На ростанях».

А бярозаўскія ручнікі і фартушкі асаблівыя сваімі вясёлымі жыццярадаснымі ўзорамі. Любому наведвальніку краязнаўчага музея ў Бярозе, дзе яны захоўваюцца, скажуць: «Такія ружы на арнаменце, такіх коннікаў на ручніках вы не сустрэнеце нідзе». І нават на кашулі з танюсенькага лёну, якой сто гадоў, здзіўляе роўная, нібы машынай зробленая, вышыўка. Рэч кожнай майстрыхі эксклюзіўная, хоць і выкананы яны ў адным стылі — так, што ўзорамі абавязкова выдаюць рэгіён альбо месца дыслакацыі майстра.

Вось, скажам, маларыцкі строй не пераблытаеш з іншым. Тут яшчэ ў 70—80 гадах вясковых бабулек хавалі ў сукенках, якія дасталіся ім ад сваіх бабуль і маці. Адна з іх наказвала дзецям хоць бы пакласці такое адзенне ёй у дамавіну: «Бо як мяне на тым свеце пазнаюць, чыя я і адкуль?» Пра гэта расказалі супрацоўнікі Маларыцкага цэнтра творчасці. А на свята ў Брэст прыехала знакамітасць гэтага Цэнтра — майстар па ткацтве, жывая энцыклапедыя народнага жыцця 82-гадовая Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк. Маларыцкі плат завязаць сёння не кожны здолее, а Сцепаніда Аляксееўна многа можа не толькі расказаць пра гэтую дэталь гардэроба, а таксама правесці майстар-клас па завязванні плата.

Строй з названага раёна з яго непаўторнымі ўзорамі і адмысловым галаўным уборам — платам — даўно набыў вядомасць у нашай краіне. Пра адзенне напісаны манаграфіі, без узораў гэтых спадніц, фартушкоў, кашуль не абыходзіцца ніводная выстаўка. Але сапраўдных касцюмаў з бабуліных куфэркаў застаецца ўсё менш. Таму ў Цэнтры творчасці паставілі задачу — паўтарыць строй з характэрным узорам на сучаснай тканіне і тым самым не даць памерці векавой традыцыі. Займаюцца вырабам і рэканструкцыяй касцюма не толькі ў Маларыце, але і Ганцавічах, іншых раёнах. Таму канцэрт-паказ, што атрымаў назву «Модны стыль — народны тэкстыль» не абышоўся без калекцый сучасных майстроў і іх інтэрпрэтацый народнай тэматыкі. Такім чынам, на адной сцэне можна было ўбачыць больш за 200 аўтэнтычных і рэканструяваных касцюмаў з усіх куткоў Брэсцкай вобласці. Падчас мерапрыемства таксама прайшла прэзентацыя фотакаталога «Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага касцюма Брэстчыны», у якім сабраны ілюстрацыі больш як сотні арыгінальных строяў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Загаловак у газеце: Строй народны заўсёды модны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».

Грамадства

Як працуюць сапёры?

Як працуюць сапёры?

Больш за ўсё «сюрпрызаў» з часоў Вялікай Айчыннай вайны было знойдзена ў Докшыцкім, Талачынскім, Асіповіцкім і Лагойскім раёнах.