Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» стала лаўрэатам конкурса «Першацвет»


Перамога нашай супрацоўніцы Ніны Шчарбачэвіч у Рэспубліканскім конкурсе маладых літаратараў «Першацвет» стала адной з найпрыемнейшых навін, якія нам прынесла Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Дарэчы, яе вынікі былі падведзены ўчора на цэнтральнай пляцоўцы нацыянальнага стэнда Беларусі. Маладая аўтарка стала адным з дзесяці лаўрэатаў у намінацыі «Паэзія», заяўкі на якую падалі больш за дзвесце чалавек, і абяцае атрымаць на міжнародных мерапрыемствах яшчэ не адну ўзнагароду, чаго рэдакцыя газеты ёй шчыра жадае.


Што да непрадузятага стаўлення да выстаўкі-кірмашу, то найбуйнейшай падзеяй яго другога дня стала пленарнае пасяджэнне ўжо чацвёртага міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік
і час». Удзел у ім прынялі госці з 21 краіны. Тры з іх былі адзначаны міністрам інфармацыі Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам за наладжванне літаратурных сувязяў — народны паэт Татарстана і перакладчык беларускай паэзіі на татарскую мову Роберт Мінулін, пісьменнік, публіцыст і старшыня Астраханскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Юрый Шчарбакоў, народны паэт і заслужаны работнік культуры Чувашскай Рэспублікі Валеры Тургай.

Удзельнікі абмеркавалі сусветную літаратуру і тэмы больш лакальныя, такія як уклад Беларусі ў сусветную культурную спадчыну, не абышлі ўвагай і Францыска Скарыну. Так ці інакш больш падрабязную інфармацыю пра тое, што гучала на пленарным пасяджэнні, шукайце ў наступным нумары «Звязды», а сёння сваімі ўражаннямі з намі падзяліліся госці сімпозіума.

 

Адам АХМАТУКАЕЎ, паэт, перакладчык (Расія, Чачня):

— Гэта ў мяне не першая сустрэча з беларускімі пісьменнікамі, з Беларуссю. Сёння я прывёз у Мінск кнігу перакладаў беларускай паэзіі, якая толькі што пабачыла свет у Грозным. Мае калегі дзівяцца, наколькі я захоплена працую як перакладчык менавіта з беларускай паэзіяй. А як не працаваць, як не захапляцца такой багатай літаратурай?! Мяне прывабліваюць класіка і сучаснасць. З асаблівай асалодай перакладаў вершы Міколы Купрэева і Аркадзя Куляшова, Янкі Купалы і Алеся Бадака... У паэзіі адлюстроўваецца твар народа, яго менталітэт. Таму і імкнуся сваім суродзічам расказаць пра Беларусь сучасную праз паэтычныя радкі.

Роберт МІНУЛІН, народны паэт Татарстана (Расія, Татарстан):

— Прыязджаў у Мінск, Смаргонь на Дзень беларускага пісьменства. Вельмі быў уражаны адкрыццямі ў Залессі, Кушлянах, іншых сакральных мясцінах Гродзеншчыны, Беларусі. А яшчэ раней пад уражаннем ад паланэза Міхала Клеафаса Агінскага напісаў верш, якім вельмі даражу. Народы аднолькавыя ў сваіх памкненнях жыць адной душой са сваёй Айчынай, аднолькавыя ў памкненнях да міралюбства, што сёння асабліва вылучае і дзяржаўную палітыку вашай краіны, і высокую грамадзянскую пазіцыю Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Амаль выпадкова даведаўся, што да майго 70-годдзя мінскае выдавецтва «Мастацкая літаратура» рыхтуе мой паэтычны зборнік у перакладзе на беларускую мову. І выйдзе ён у серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Дзякуй, беларусы!

Валеры ТУРГАЙ, паэт, перакладчык (Расія, Чувашыя):

— Беларуска-чувашскае літаратурнае сяброўства асвятляюць імёны народнага песняра Беларусі Янкі Купалы, паэта і перакладчыка Юрася Свіркі, нашых чувашскіх класікаў, якія з асаблівым піетэтам ставіліся да беларускага мастацкага свету. І я знаходжуся ў палоне гэтага святла, у палоне беларускага прыцягнення. Ваша літаратура, ваша паэзія валодаюць своеасаблівым магнетызмам, прымушаюць задумвацца над многімі складнікамі жыцця, нашага існавання ў свеце. І, пэўна, таму так цікава і перакладаць беларускую паэзію, чым я і займаюся зараз.

Святлана АНАНЬЕВА, літаратуразнаўца, крытык (Казахстан):

— У час Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі змагаліся многія казахстанскія літаратары. Усе яны пакінулі шчымлівыя творы аб Беларусі, аб простых беларускіх людзях. У Казахстане гэта добра ведаюць. Найперш ведаюць прозу Адзія Шарыпава, якая прысвечана беларускай тэме. Разам са мною на сімпозіум прыляцела Клара Шарыпава — удава пісьменніка, грамадскага дзеяча, беларускага партызана. І я рада гэтай яе сустрэчы з Мінскам. Мы ў Казахстане вельмі любім Беларусь і беларусаў і ўсямерна імкнёмся злучаць памкненні нашых краін і нашых народаў у будаўніцтве цывілізаванага, міралюбівага грамадства, здольнага супрацьстаяць многім агрэсіўным пагрозам. Дзякуй Міністэрству інфармацыі, беларускаму ўраду за такую выключную магчымасць збірацца ў Мінску пісьменнікам розных краін на міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час».

Гутарыў Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Марыны ВАРАБЕЙ і Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Дыялог на хвалі натхнення

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.