Вы тут

У Гомелі адраджаюць салоны


Салоны, якія некалі арганізоўвалі велікасвецкія дамы, адышлі ў мінулае, лічыце вы? Магчыма, што так. Але ў Гомелі такую традыцыю паспрабавалі адрадзіць. Здаецца, паспяхова. Дарэчы, на гэты раз умовай збору прадстаўніц прыгожага полу, якія ўваходзяць у абласную арганізацыю Беларускага саюза жанчын, былі наяўнасць доўгай сукенкі і высокіх абцасаў.


Падставай стала адкрыццё выстаўкі ў карціннай галерэі імя Гаўрыіла Вашчанкі. Экспазіцыя, між тым, адпавядае духу мерапрыемства. Старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Пашэд гаворыць, што магчымасць «выгуляць» прыгожыя строі — не галоўнае для самадастатковых і ўпэўненых у сабе жанчын, за спінай у якіх вялікія калектывы і адпаведная адказнасць:

Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Пашэд.

— У такіх нефармальных абставінах хутчэй завязваюцца кантакты і нараджаюцца новыя крэатыўныя ідэі. У нас атрымаўся не проста прыём актыўнай жаночай грамадскасці, а паўнавартасны імправізаваны баль.

Дрэс-код імкнуліся выканаць практычна ўсе госці. Яны вырваліся ў свет мастацтва з нарад і калегій, узялі тайм-аўт у дзяцей і мужоў. З цікавасцю і захапленнем пагрузіліся ў зусім іншую эпоху, прымералі вобразы дам мінулых стагоддзяў. Выстава «Ах, ужо гэтыя жаночыя штучкі...» прадставіла рарытэтны антыкварыят, які некалі знаходзіўся ў будуарах.

Парцалянавыя падсвечнікі, мудрагелістыя гадзіннікі, фігуркі вытанчаных танцорак і кранальныя чайныя цырымоніі ў мініяцюры, пастаральныя сцэны на карцінах і габеленах, размаляваныя талеркі, бронзавая скульптура... І побач — традыцыйныя жаночыя аксесуары: пальчаткі, флаконы для духоў, сумачкі для балю, наборы для шыцця і шмат чаго яшчэ. Прыватны калекцыянер Сяргей Пуцілін наўмысна сабраў «жаночую» экспазіцыю, якая нагадвае пра часіны, добра вядомыя па кніжках ці гістарычных фільмах:

— На працягу трох гадоў я набываў гэтыя рэчы, якімі карысталіся некалі жанчыны розных краін у ХVІІІ—ХХ стагоддзях. Тут прадстаўлены, напрыклад, кабінет у стылі Дрэздэнскага барока і жаночы сакрэтнік эпохі Напалеона ІІІ. Ва ўсе часы жанчыны акалялі сябе кветкамі і марылі пра каханне.

Кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Гомель-Ратон» Антаніна Яжова.

Між тым арыгінальныя рамантычныя аксесуары займалі не толькі дам мінулых стагоддзяў. Сумачкі, прыгожыя галаўныя ўборы, вееры, статуэткі, выявы купідонаў абавязкова натхняць жанчын, якія здольныя сваімі рукамі ствараць цуд у ХХІ стагоддзі, лічыць бізнес-лэдзі Лілія Калюжная, якая ўтрымлівае краму, дзе майстрыхі з усёй Гомельшчыны размяшчаюць свае арыгінальныя хэнд-мэйд творы:

— Кожная жанчына — нечая муза, яна ўпрыгожвае дом, гадуе дзяцей... Сёння дамы паглядзяць, а потым перашыюць, прыдумаюць і створаць цікавыя сучасныя рэчы, якія можна будзе апрануць на наступнае мерапрыемства.

У іншай зале гомельскай галерэі імя Вашчанкі — паказ адзення ад сучасных мадэльераў горада над Сожам. На імправізаваным подыуме — дэманстрацыя новай вясенне-летняй калекцыі жаночага і дзіцячага адзення. Не абышлося таксама без розыгрышаў прызоў і музыкальных віншаванняў. Маляўнічыя фотазоны з россыпам кветак, гучанне саксафона і гітары і ўвогуле пяшчотны настрой пераконваюць, што мілыя і моцныя жанчыны сабраліся разам не дарма. Прыгожыя дамы — самі ўвасабленне вясны, якая прыйшла, хоць пакуль відавочна і не вельмі заўважная.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Яшчэ тыя штучкі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.