21 Верасень, пятніца

Вы тут

Чаго прагнуць сучасныя сем'і?


Сучасныя жанчыны становяцца ўсё больш незалежнымі, а мужчыны — больш эмацыянальнымі. Узрост для вяселля, як і час для нараджэння дзяцей, з кожным годам павышаецца. А некаторыя дзесяцігоддзямі жывуць без «штампа», не думаючы пра наступствы. Паняцці сям'і, шлюбу і кахання настолькі змяніліся, што спецыялісты заклікаюць стварыць новыя законы, якія юрыдычна абаранялі б адносіны па-за межамі шлюбу. Не пашкодзіў бы і асобны дэпартамент сям'і, дзе займаліся б усімі пытаннямі, з якімі сутыкаюцца муж і жонка. Што такое грамадзянскі шлюб насамрэч, у якім становішчы аказваюцца мужчына і жанчына, калі яны не распісаны, чаму перапоўнены рэпрадукцыйныя цэнтры і да чаго трэба імкнуцца ў сям'і?.. Падчас круглага стала «Сям'я — гэта не толькі шчасце», які прайшоў у рэдакцыі газеты «Звязда», эксперты абмяркоўвалі існуючыя рэаліі і разважалі, чаго прагнуць сучасныя сем'і.


Грамадзянскі шлюб: узаконіць нельга забараніць

У Беларусі моладзь усё часцей выбірае варыянт сям'і без афіцыйнага роспісу ў загсе. Хоць першапачаткова грамадзянскі шлюб азначае менавіта шлюб, зарэгістраваны афіцыйна. Аднак за паўстагоддзя паняцце змяніла свой сэнс з дакладнасцю да наадварот.

— Грамадзянскі шлюб можна назваць распутным сужыццём, а можна — шлюбам без штампа. Так жа гучыць лепш. Праз гэта і адбылася падмена паняццяў, — лічыць Зінаіда ВАРАБ'ЁВА, загадчык сектара сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — Пры гэтым, калі маладыя проста жывуць разам, жанчына ўсё адно знаходзіцца ў няроўным становішчы. Пасля яна можа захацець роўнасці, а хлопец ужо прывык, што ён галоўны і нічым не звязаны. Тым больш што сучасная моладзь лічыць за лепшае цяпер размяжоўваць паняцці «секс» і «сям'я».

Забараніць ці адмяніць такі шлюб, вядома, немагчыма. Ушчуваць ці пераконваць сужыцеляў — таксама. З аднаго боку, для мужчыны сумеснае жыццё без рэгістрацыі шлюбу выгаднае адсутнасцю афіцыйных абавязкаў перад сваёй выбранніцай. З другога — жанчына, якая, можа, недзе ў душы і цешыць сябе надзеяй на вяселле, пры гэтым таксама займае пазіцыю: я будую кар'еру, а не сяджу на гаспадарцы! З трэцяга — абодва яны застаюцца аднолькава неабароненымі, калі ўздымаюцца пытанні афіцыйнай прыналежнасці агульна нажытай маёмасці, дзяцей, спадчыны...

— Хоць грамадзянскі шлюб — гэта існуючая рэальнасць, ад якой нікуды не дзецца, нельга забывацца, што ў ім няма ніякай юрыдычнай абароны для абодвух бакоў. Адсюль і ўсе праблемы, — упэўнена Ірына ШЭЛЕГ, адвакат адвакацкага бюро «Тэра кансалт» Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, медыятар. — Наспеў час падумаць, як на дзяржаўным узроўні забяспечыць нейкую юрыдычную абарону адносінам па-за межамі шлюбу. З часам усё адно прыйдзецца неяк узаконьваць гэтую з'яву. Людзі пачынаюць адносіны, нараджаюць дзяцей: жанчыны сядзяць дома і глядзяць малых, мужчыны працуюць, яны разам набываюць маёмасць....

Нашы суседзі-расіяне, між іншым, ужо прапанавалі ў якасці адной з паправак у Сямейны кодэкс магчымасць прыраўноўваць сумеснае пражыванне на працягу пяці гадоў і наяўнасць агульнага дзіцяці да шлюбных адносін.

Тым не менш нават грамадзянскія шлюбы можна зрабіць моцнымі і адказнымі, калі з самага нараджэння немаўляці выхоўваць у яго эмацыянальную сферу, эмацыянальны мозг, а не толькі рацыянальнае стаўленне да жыцця. Вучыць узаемадзейнічаць, разумець адно аднаго, паважаць, размаўляць проста жыццёва неабходна. У сям'і гэтаму не вучацца, і школа таксама не вучыць. Няма прадмета, які б з маленства рыхтаваў дзяцей да будучага сямейнага жыцця ў сферы ўзаемаадносін паміж мужчынам і жанчынай. Зніклі ўрокі этыкі і псіхалогіі сямейнага жыцця, разважае Зінаіда Вараб'ёва:

— Дзяржаве жыццёва неабходная структура, якая б займалася непасрэдна сямейнымі пытаннямі ад нараджэння чалавека да пахавання. Пры службе сацыяльнай абароны карысна стварыць дэпартамент сям'і, дзе аб'яднаць усіх спецыялістаў, якія павінны працаваць з сям'ёй: сацыяльных педагогаў, псіхолагаў, органы апекі і іншых. А ў нас усё раскідана. Сацыяльная абарона сабе, медыцына — сабе, адукацыя — увогуле за ўсё ў адказе.

Развод. Ганьба ці эвалюцыя

Умовы заключэння шлюбу ў Беларусі з цягам часу настолькі спрасціліся, што, здаецца, больш ужо няма куды. Адменена прывязка роспісу да месца жыхарства — заяву можна падаваць у любы загс ці нават заказваць яго супрацоўніка на правядзенне цырымоніі ў пэўным месцы: установах культуры, помніках архітэктуры, іншых, спецыяльна адаптаваных для ўрачыстасцяў памяшканнях. Трохмесячны тэрмін «на роздум» таксама кануў у Лету. Ён цяпер скарочаны да трох дзён. А пры асаблівых абставінах, напрыклад пры пагрозе жыццю, — нават у дзень падачы заявы.

— Узрост першага заключэння шлюбу ў Беларусі павялічваецца. Раней жаніліся ў 20—22 гады, цяпер — у 25—27 і ажно ў 29-30. Гэта тэндэнцыя кажа пра тое, што мы рэгіструем ужо гатовыя сем'і, калі людзі жывуць разам не адзін год, а часта ўжо маюць дзяцей, — акрэсліла становішча Жанна ЗАХАРАВА, начальнік упраўлення натарыята і загсаў Міністэрства юстыцыі Беларусі. — Мы павінны ісці ў нагу з часам і падстройвацца пад патрабаванні людзей. Няма чаго працівіцца існуючым рэаліям, каб на нас не глядзелі як на архаічных людзей.

Прысутныя аднагалосна згаджаюцца ў тым, што вяртанне да патрыярхальных устояў сям'і ўжо немагчымае, і шлюб не будзе мець такой значнасці, як раней.

— Яшчэ да савецкіх часоў, калі замест рэгістрацыі ў загсе маладыя вянчаліся ў царкве, а бацюшка пасля перыядычна адведваў маладых, адсочваў іх жыццё ды бачыў у царкве, быў пастаянны ўплыў на сям'ю, яе падтрымка. Цяпер такое немагчыма, — лічыць Наталля ФІЛІМОНАВА, начальнік аддзела ЗАГС Адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска.

Пэўным чынам «эвалюцыянавала» стаўленне не толькі да шлюбу, а і да яго скасавання. Раней развод лічыўся трагедыяй і ганьбай, а цяпер стварэнне трэцяй-чацвёртай сям'і — ледзьве не падстава для гонару, як здаецца на першы погляд.

— Хоць людзі цяпер і не саромеюцца разводаў і нават недзе могуць і пахваліцца сваім трэцім-чацвёртым шлюбам, гэта не значыць, што ў душы яны не перажываюць, што менавіта так складваецца іх лёс, — не па чутках ведае Вольга АГЕЙКА, дацэнт кафедры псіхалогіі кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат псіхалагічных навук.

Разам з тым актыўная маладосць з рознымі партнёрамі і чаканне таго самага адзінага сапраўднага мае не толькі псіхалагічныя, але і фізічныя наступствы.

Рэпрадукцыйныя цэнтры ў краіне перапоўненыя, запіс туды на паўгода наперад. Сёння нават маладыя і цалкам здаровыя людзі часам не могуць займець дзіця, кажуць спецыялісты. Медыкі, псіхолагі і валеолагі доўга шукалі прычыну. Аказалася, што на немагчымасць зачацця ўплывае колькасць сексуальных партнёраў. Чым больш іх было ў мужа і жонкі, тым меншая імавернасць, што ў іх будзе дзіця.

— Кожны з партнёраў прыўносіць у мікрафлору арганізма чалавека, з якім мае кантакт, нешта ад свайго цела. У выніку са здароўем, здаецца, усё добра, аднак паміж людзьмі несумяшчальнасць. І прычына яе — блуд, — расказала Вольга Агейка. — Заканамерна, што чым большы ўзрост і больш партнёраў, тым менш шанцаў зацяжарыць. І большая магчымасць нарадзіць хворае дзіця.

Мужчынскі і жаночы полюсы

...У сучасным свеце таксама мяняюцца месцамі, упэўнены спецыялісты. Невялікае анкетаванне сярод студэнтаў паказала сумную тэндэнцыю. Матыў выйсці замуж з прычыны кахання 78 % дзяўчат увогуле не выбралі ў якасці варыянта. А хлопцы, наадварот, дэманстравалі большую эмацыянальнасць. Яны ўдвая часцей, чым дзяўчаты, адказвалі, што гатовыя стварыць сям'ю, калі будуць адчуваць, што кахаюць.

— Гэта сведчанне таго, што дзяўчаты пачынаюць па-спажывецку ставіцца да хлопцаў, — абазначыла Вольга Агейка. — Жанчыны больш не хочуць сядзець дома і пячы пірагі. Яны жадаюць быць нароўні з мужчынамі, а часам і вышэй за іх. Але толькі ў асобных пазіцыях, якія выгадныя жанчынам. А па некаторых яны прытрымліваюцца ранейшага меркавання, што мужчына павінен быць галоўны. Гэта зноў жа пазіцыя спажывецкая, а то і праяўленне фемінізму.

Безумоўна, такое становішча не можа не насцярожваць, аднак прычыны для з'яўлення гэтай тэндэнцыі могуць быць розныя.

— Мне здаецца, яна вынікае з таго, што дзеці часта гадуюцца ў няпоўных сем'ях, дзе іх выхоўваюць матуля і бабуля. У выніку мужчыны вырастаюць больш жаноцкімі, а дзяўчаты, бачачы, як маці бярэ на сябе ролю галавы сям'і, — становяцца больш мужнымі і вынослівымі, — мяркуе Жанна Захарава.

З іншага боку, нават у поўнай сям'і можна ўбачыць столькі негатыву, што жах. А каб з хлопчыка вырас прыстойны мужчына, жанчына, якая гадуе яго адна, павінна перш за ўсё сама быць асабіста шчаслівая, лічыць кандыдат псіхалагічных навук:

— Калі жанчына на нейкім этапе жыцця будзе адчуваць сваю непаўнавартасць, нерэалізаванасць ці незапатрабаванасць у плане работы, кахання ці пяшчоты, яна зробіць усё, часта падсвядома, каб сын застаўся побач з ёй. У літаратуры гэтая з'ява называецца «феномен бабыля». Менавіта адсюль вынікае мужчынская інфантыльнасць.

Многія праблемы ў сям'і можна было б вырашыць з дапамогай псіхолага. Аднак большасць людзей дагэтуль стэрэатыпна ставіцца да гэтага спецыяліста. Першая рэакцыя на такую прапанову: «Я не хворы!», адзначыла Ірына Шэлег:

— Я сама па большай частцы даведалася, што такое псіхалогія і сутыкнулася з ёю, толькі калі пайшла на медыяцыю. На юрыдычным факультэце ў нас не было ніводнай лекцыі па гэтай дысцыпліне. Мы дагэтуль не ведаем, што такая галіна ведаў можа выкарыстоўвацца ў звычайным жыцці. І матулі, якая засталася адна, неабавязкова самой усё цягнуць на сабе. Звярнуцца да псіхолага, каб ён дапамог ёй калі не знайсці сябе, то хаця б зразумець, што і без мужчыны можна быць задаволенай сваім жыццём. Пра гэта важна гаварыць.

Варта заўважыць, што бясплатную дапамогу сямейнага псіхолага можна атрымаць у Цэнтры дапамогі сям'і і дзецям і дзевяці цэнтрах пры сацыяльна-педагагічных цэнтрах кожнага раёна Мінска. А пры ўсіх паліклініках існуюць кабінеты, дружалюбныя да дзяцей, дзе працуюць дзіцячыя псіхіятры і псіхатэрапеўты.

Замежнае каханне і нацыянальныя традыцыі

Грамадзянскі шлюб, аднаполыя сем'і, пары чайлдфры і іншыя сучасныя выклікі сям'і ў яе класічным разуменні сёння вымушаюць спецыялістаў пэўным чынам падстройвацца пад існуючыя рэаліі. Як, напрыклад, у выпадку з міжнароднымі шлюбамі.

— Калі беларускі рэгіструюць адносіны са сваім выбраннікам за мяжой, ім варта мець на ўвазе, што шлюб будуецца на нацыянальных традыцыях кожнай краіны. Калі ў нас палітыка скіравана на тое, што дзіця перш за ўсё павінна быць з мамай, то ў іншых краінах гэта можа быць зусім не так, — раіць Марыя ЖАНДАРАВА, начальнік аддзела выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі. — Трэба разумець, што, сутыкнуўшыся з пэўнымі пытаннямі, напрыклад з тымі ж аліментамі, не заўжды магчыма вырашыць іх без праблем. Калі ў Беларусі ёсць дагавор з краінай, адкуль родам чалавек, з якога мяркуецца атрымліваць аліменты, то ёсць магчымасць абараніць свае правы. Калі не — усё залежыць ад волі замежнай дзяржавы.

З большасцю еўрапейскіх дзяржаў у нашай краіны няма дамоўленасці на спагнанне аліментаў, і яны не пагаджаюцца на заключэнне дагавораў, бо ўдзельнічаюць у шматбаковых міжнародных канвенцыях. Між тым міграцыя ў нас даволі распаўсюджана, і пытанні спагнання аліментаў і іншыя праблемы ўзнікаюць не так рэдка. Каб абараніць правы беларусаў і дзяцей, якія жывуць у краіне, у сакавіку 2017 года Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб міжнародным парадку спагнання аліментаў на дзяцей і іншых формаў утрымання сям'і. Дакумент уступіць у сілу, як мяркуецца, сёлета ў чэрвені.

Гаворачы пра асаблівасці шлюбаў з замежнікамі, спецыяліст падкрэсліла, што перш за ўсё законы скіраваныя на абарону правоў дзяцей:

— Беларусь — удзельнік Канвенцыі аб правах дзіцяці, дзе гаворыцца, што ў непаўналетняга павінны быць бацькі, месца жыхарства і ў першую чаргу мусяць быць абаронены яго правы. І мы менавіта на гэта звяртаем увагу, а не на абарону правоў мамы ці таты. Існуе таксама Гаагская канвенцыя аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей. Яна таксама грунтуецца на абароне правоў дзіцяці. Увогуле, аб'ект усіх спрэчак — гэта менавіта правы дзіцяці.

Хоць замуж не хадзі...

На жаль, пра дзіця, яго думкі і надзеі часта забываюцца людзі, якім перш за ўсё трэба было б кіравацца яго інтарэсамі, — уласна бацькі.

— Руйнуючы адносіны паміж сабой, дарослыя часта не думаюць, што яны турбуюць сваё дзіця. Яно становіцца прадметам таварна-грашовых адносін, і бацькоў не непакояць пачуцці маленькага чалавека, — ацэньвае сітуацыі пры разводах псіхолаг. — Дарослых трэба неяк навучыць азірацца на тое, што яны робяць. Хоць дастукацца да мамы і бацькі падчас скасавання шлюбу амаль немагчыма.

Асабліва калі паміж былымі сужэнцамі крыўда, якая засціць вочы, і адзінае, чаго прагнеш, — любым чынам паболей насаліць былой палове. Напрыклад, праз спагнанне аліментаў.

— Здараецца, што нават у заможных сем'ях спагнанне аліментаў становіцца прынцыповым пытаннем, каб зрабіць на злосць, — сведчыць Вольга ГРАБОЎСКАЯ, галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі і прымусовага выканання ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. — Цяпер памер аліментаў прывязаны да паловы бюджэту пражытковага мінімуму.  А калі жанчына ведае, што былы муж зарабляе больш, чым прапісана афіцыйна, яна хоча атрымаць ад яго яшчэ больш грошай. Пачынае пісаць скаргі, што ён ухіляецца ад выплат. Ён, у сваю чаргу, лічыць, што раз плаціць аліменты, то можа мець больш стасункаў з дзіцем. І нават у другую (новую) сям'ю сваёй былой паловы ўмешваецца. Пры гэтым дзіця пакутуе больш за ўсіх.

Папярэдзіць і вырашыць праблемы, якія могуць здарыцца, калі сям'я раптам перастане існаваць, у пэўнай ступені можа дапамагчы шлюбны дагавор. У гэтым дакуменце можна прапісаць і ўдакладніць абсалютна ўсе моманты, што датычацца сямейнага жыцця, маёмасці і дзяцей. Аднак у Беларусі шлюбны дагавор, як правіла, не складаюць, бо гэта супярэчыць нашаму менталітэту, заўважылі прысутныя. Дамаўляцца пра нешта перад шлюбам лічыцца нечым няправільным. Пры гэтым нават калі такія дакументы рыхтуюцца да шлюбу, яны датычацца перш за ўсё маёмасных адносін, і аніякія пытанні па дзецях там не закранаюцца.

Увогуле шлюбны дагавор, як правіла, складаюць, ужо калі справа пра скасаванне шлюбу знаходзіцца ў судзе. Разам з тым пачынае зараджацца адна цікавая тэндэнцыя, што датычыцца характару шлюбных дагавораў, якія складаюцца да вяселля.

— Літаральна за адзін месяц да мяне прыйшлі два маладыя мужчыны ва ўзросце да 30 гадоў з аднолькавай справай — скласці шлюбны дагавор, — расказала адвакат. — У абодвух у дакуменце былі такія ўмовы, што хоць замуж не хадзі. Абазначаны сумы, якія будучы муж выплаціць за нараджэнне дзіцяці. Дакладна акрэслена, якая і каму належыць маёмасць. Прапісана, колькі выдзяляецца на ўтрыманне жонкі і дзіцяці. У выніку ў будучай сям'і яшчэ да яе стварэння абсалютна адсутнічала паняцце агульнай маёмасці. Усё было падзелена па капейчынах і працэнтах. І такое стаўленне да шлюбу пачынае ўжо перарастаць у тэндэнцыю.

Без кахання немагчыма цярпець

Маладыя часта не могуць уявіць сабе, як гэта — пражыць з адным чалавекам усё жыццё?! Сямейныя доўгажыхары кажуць, што ўвесь сакрэт у каханні і цярпенні. Каханне, з якога пачынаюцца адносіны паміж мужчынам і жанчынай, безумоўна, алагічнае пачуццё. Гэта залежнасць аднаго чалавека ад другога. Але менавіта на ім, на каханні, трымаюцца сем'і, якія адзначаюць і сярэбраныя, і залатыя юбілеі. Каханне дапамагае цярпець усе недарэчнасці, хібы і праблемы, што ўзнікаюць на жыццёвым шляху. Калі яно сыходзіць, знікае і цярпенне, бо без кахання цярпець немагчыма, упэўнены спецыялісты.

Летась у краіне загсамі зарэгістравана 66 209 шлюбаў і 8990 разводаў. Калі параўнаць гэтыя лічбы са статыстыкай 2016 года, відаць, што ў краіне на 2600 больш пар вырашылі пажаніцца і на 70 сем'яў менш скасавалі шлюб. Дарэчы, магчыма, праз недахоп цярпення і разбураецца большасць шлюбаў? Асабліва ў першы год жыцця, які супрацоўнікі загсаў лічаць адным з самых складаных перыядаў у жыцці сям'і. «Здараецца, што і праз некалькі дзён пасля вяселля людзі прыносяць заяву на развод, а неяк пара назаўтра пасля заключэння шлюбу прыйшла», — заўважыла Жанна Захарава.

2017 год быў для беларускіх органаў ЗАГС святочным. Яны адзначалі 100-гадовы юбілей. Супрацоўнікі загсаў урачыста праводзілі кожную 100-ю цырымонію заключэння шлюбу, кожную 100-ю рэгістрацыю немаўляці і іншыя «круглыя» мерапрыемствы. За год беларусы «сыгралі» 647 «залатых» і 577 «сярэбраных» вяселляў, а амаль 40 тысяч новых шлюбаў (каля 60 % ад зарэгістраваных летась) прайшлі пад марш Мендэльсона і іншыя цырыманіяльныя «разынкі».

Урачыста адзначаць у загсе можна не толькі заключэнне шлюбу ды 25 і 50 гадоў сумеснага жыцця. Варта сустракаць з адпаведнай сімволікай і атрыбутамі кожны год сямейнага жыцця, лічаць супрацоўнікі загсаў. Летась, напрыклад, у магілёўскім загсе сужэнцы адзначалі 70 гадоў сумеснага жыцця. Гэта называецца дабрадатнае вяселле. Можаце сабе ўявіць, колькі яны разам!

— Мы прапагандуем сям'ю і яе каштоўнасці, імкнёмся павысіць аўтарытэт сям'і, скіраваць людзей да шлюбу. Таму нашы супрацоўнікі заўжды самі прыдумваюць нешта арыгінальнае для святкавання, хоць гэта і не іх прамы абавязак, — расказала Наталля Філімонава. — Да нас прыходзяць і з унукамі, і з дзецьмі, і нават са сведкамі, якія тады былі на вяселлі. А ёсць тыя, хто толькі парай, удваіх адзначае, і відаць, што ім гэта падабаецца. Нешта незвычайнае робяць і самі сужэнцы. Вось, напрыклад, муж у адной з пар у вершах напісаў гісторыю іх сям'і, і мы паклалі яе ў аснову святкавання. А на ружовым вяселлі (10-гадовы юбілей) неяк сын з букетам руж маме чытаў вершы.

Пагадзіцеся, у якім бы становішчы ні апынуўся чалавек, чым бы ні скончылася яго каханне або сямейнае жыццё, варта ўспрымаць рэальнасць без залішняй злосці ці дарэмных спадзяванняў. На долю сям'і не проста выпадае шмат іспытаў, здараецца, усё жыццё — гэта адно выпрабаванне. Аднак наступным разам, перш чым лаяцца ці скардзіцца, успомніце народную прымаўку «У сям'ю, дзе лад, шчасце дарогу не забывае».

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Сям'я — гэта не толькі шчасце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!