Вы тут

Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага


Сёлета спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай прозы, публіцыста, крытыка, літаратуразнаўцы — Максіма Гарэцкага.


Восенню 1912 года віленская «Наша ніва» пачала друкаваць замалёўкі і карэспандэнцыі, а ў 1913 годзе і мастацкія творы, дасланыя з горада Горкі Магілёўскай губерні і падпісаныя псеўданімам Максім Беларус. А праз год рэдакцыя газеты выказала шчырую ўдзячнасць маладому пісьменніку за плённае супрацоўніцтва і надзеі на далейшае развіццё яго таленту: «Максіму Беларусу. Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прысылалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас «памножана будзе слава слаўнай айчыны нашай. Калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца». Гэтым маладым пісьменнікам быў Максім Іванавіч Гарэцкі. Словы, дасланыя з рэдакцыі, сталі прарочымі.

Максім Гарэцкі пражыў кароткае жыццё. І абарвалася яно гвалтоўна ў час росквіту творчых сіл пісьменніка. Лёс не песціў Гарэцкага неспадзяванымі ўдачамі, не адорваў незаслужанымі ўзнагародамі і шчадротамі. Наадварот, жыццёвая сцяжына была не роўнай, не гладкай, а пакручастай. На ёй раз-пораз узнікалі непрадбачаныя перашкоды, цяжкасці. Нярэдка даводзілася вырашаць складаную дылему: у якім кірунку ісці далей, каб застацца самім сабою, не здрадзіць чалавечаму, пісьменніцкаму пакліканню. І мы бачым, што выбар Гарэцкага, як правіла, быў беспамылковы, бо ў сваіх памкненнях і ўчынках ён кіраваўся высокімі прынцыпамі гуманізму, ідэй праўды, дабра і справядлівасці.

Максім Гарэцкі ўвайшоў у літаратуру следам за Янкам Купалам і Якубам Коласам, з якім асабіста быў знаёмы. Сёння ён — агульнапрызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Сваё кароткае жыццё Гарэцкі прысвяціў высакароднай справе духоўнага адраджэння роднай краіны, выхаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў.

У вёсцы Малая Багацькаўка на Магілёўшчыне прайшло яго маленства. Максім быў здольным, цікаўным хлапчуком. Любіў кнігі, шмат чытаў. Ужо ў дзяцінстве маленькі Максімка, паводле сведчання яго брата Гаўрылы Іванавіча, быў на ўсё жыццё зачараваны дзівоснымі казкамі дзядзіны Хрысціны, ціхімі песнямі сваёй матулі Ахрасінні, у казках і песнях пазнаваў ён цяжкую гісторыю сацыяльна і нацыянальна прыняволенага беларускага народа.

Найвялікшы пісьменніцкі клопат у Гарэцкага быў у тым, каб акрэсліць, пратарыць шляхі паяднанасці нацыянальнай інтэлігенцыі з народам, з «родным карэннем», з вытокамі. Яшчэ ў сваім раннім артыкуле «Развагі і думкі» (1914 год) пісьменнік, звяртаючыся да свайго маладога сучасніка, пісаў: «Калі не хочаш ты расчаравацца ў жыцці, калі-ткі ты папраўдзе ёсць інтэлігент і жывеш не так, што «наеўся, напіўся, і хвосцік завіўся», — не глушы ў сваім дэмакратычным сэрцы беларускіх здаровых народных пачуццяў. Дай веры, не расчаруешся. Не бяжы ад народа, а бяжы да народа. Ён цябе разварушыць. А ў падзяку таму, хто даў табе сэнс жыцця, ты папрацуй шчыра». Словы, прамоўленыя сто гадоў таму, не страцілі сваёй актуальнасці і ў нашы дні.

Усё, напісанае рукою выдатнага майстра слова, і сёння мае вялікую мастацкую каштоўнасць. Творы пісьменніка-грамадзяніна, наватара не перастаюць здзіўляць і захапляць сваім глыбокім пранікненнем у сутнасць народнага жыцця, чалавечай душы.

У Разанцаўскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — сярэдняя школа распрацавана праграма святкавання 125-годдзя з дня нараджэння знакамітага земляка Максіма Іванавіча Гарэцкага. У лютым прайшло шмат мерапрыемстваў: выстаўка твораў пісьменніка, конкурс малюнкаў «Зямля бацькоў — зямля святая», які захапіў амаль кожнага вучня, былі арганізаваны заняткі «Чытаем Максіма Гарэцкага разам», на якіх вучні сярэдняга звяна пазнаёміліся з апавяданнямі «Панская сучка», «Смачны заяц», «У панскай кухні», якія ўваходзяць у зборнік «Досвіткі». Вучні старшых класаў з цікавасцю рыхтаваліся да заняткаў «Рукапісы не гараць. Максім Гарэцкі: жыццё праляцела як адзін дзень». Засталіся неабыякавымі навучэнцы пасля чытання і абмеркавання зборніка Гарэцкага «Рунь». Вучаніца 11 класа Хрысціна Бінеўская заўважыла: «Творы пісьменніка пазначаныя высокай ступенню мастацкай праўдзівасці і глыбінёй пранікнення ў характар і псіхалогію чалавека». «Чытаючы апавяданні Максіма Гарэцкага, змешчаныя ў яго зборніку «Рунь», заўважаеш, як тактоўна ставіцца пісьменнік да сваіх герояў», — падтрымлівае гаворку яе аднакласніца Анастасія Гоманава. І, сапраўды, думаеш: апавяданні Гарэцкага — гэта свайго роду першаадкрыццё новага і незнаёмага мацерыка — голасу душы чалавека, беларуса ў акіяне людской нематы. Адраджаць чалавека ў беларусе — было асноўнай і адраджэнскай, і жыццёвай праграмай самога Гарэцкага, марай і сэнсам яго жыцця.

Крэда ўсяго жыцця Максіма Гарэцкага заключана ў яго ж словах: «Ахвярую сваім «я» ва ймя святога ўсім нам Адраджэння». Так ён і жыў, адзін з найлепшых сыноў Беларусі.

Тамара Ерасценка

Загаловак у газеце: «У акіяне людской нематы»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.