Вы тут

Не купляйце першацветы!


Прыгожыя, а галоўнае, першыя кветкі так і прывабліваюць «пераходных» гандляроў. Толькі ў лесе зацвітуць першацветы, як з усіх бакоў табе прапануюць набыць яркі букецік з пралесак ці духмяны пучок чарамшы. І кожны год абаронцы прыроды стараюцца спыніць незаконны гандаль, каб захаваць рэдкія расліны, якія і ў лесе цвітуць менш за месяц, а ў сарваным выглядзе пражывуць не больш за два дні. Таму ведайце, калі купляеце букецік чырванакніжнікаў — падтрымліваеце знішчэнне прыроды.


Пралеска высакародная. Фота Анастасіі ЛЯЎКОВІЧ

Вядома, вырасціць першацветы можна і дома, але гандляры выбіраюць больш просты шлях — узяць іх з лесу. Па словах загадчыка сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алега Маслоўскага, толькі 5 % з усіх вулічных гандляроў маюць неабходныя дакументы для продажу, астатнія з'яўляюцца нелегаламі. І самы дзейсны спосаб барацьбы з імі — не павышаць попыт на такі тавар.

— Сёння вы купіце букецік, а заўтра гэты гандляр вынесе з лесу яшчэ больш кветак, а побач з'явяцца такія ж нелегалы. Не сакрэт, што калі ёсць попыт — ёсць і прапанова, — адзначыў Алег Маслоўскі. — Вось ва Украіне, напрыклад, тымі, хто гандлюе чырванакніжнікамі, займаюцца грамадскія арганізацыі: штрафы яны, вядома, не выпісваюць, а вось прысароміць могуць. Лічу, што і ў нас трэба праводзіць прафілактычныя размовы, а не толькі штрафаваць. Паколькі на ўсіх інспектараў не хопіць.

У Чырвоную кнігу Беларусі ўключаны пакуль толькі дзесяць відаў першацветаў: раўнаплоднік пылюшнікавы, сон расчынены (сон-трава), сон лугавы, чубатка пустая, чубатка прамежкавая, фіялка багнавая, медуніца вузкалістая, медуніца мякенькая, гусіная цыбуля пакрывальцавая і чарамша. Акрамя гэтага, ёсць віды са Спіса раслін і грыбоў, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове, бо пры масавым знішчэнні і яны могуць папоўніць шэрагі чырванакніжнікаў. Самыя вядомыя з іх: пралеска высакародная, першацвет высокі, воўчнік звычайны, белакапытнік гібрыдны, падснежнік беласнежны.

— Першацветы вельмі ўразлівыя расліны, паколькі яны расцвітаюць першыя і жывуць усяго два-тры тыдні. За гэты кароткі перыяд ім патрэбна паспець назапасіць насенне на наступны год, пакуль не заглушыць трава. А масавы збор першацветаў падрывае колькасць іх папуляцый і здольнасць да вегетацыі. Яны не паспяваюць размножыцца, — падкрэсліў спецыяліст. — Таму не трэба ўвогуле чапаць першацветы. Ёсць жа шмат садовых кветак, а першацветамі любуйцеся ў прыродзе!

Сон расчынены. Фота Ірыны СЫСОЙ

Зараз вучоныя імкнуцца захаваць вясновыя расліны на тых тэрыторыях, дзе яны амаль зніклі. Асабліва гэта датычыцца буйных гарадоў — асноўных месцаў гандлю. Для таго каб высветліць, якія аб'екты трэба ўзяць пад ахову ў першую чаргу, навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Анастасія Ляўковіч навучылася «прадказваць» лёс першацветаў. Пры дапамозе матэматычных разлікаў яна можа вылічыць, колькі раслін засталося на той ці іншай тэрыторыі, а таксама якія з іх знаходзяцца ў крытычным стане.

* * *

Мінпрыроды папярэджвае, што ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце», забараняюцца самавольныя канфіскацыі і перасадкі дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу, з асяроддзя іх росту, іх незаконны абарот, а таксама выдаленне і ўчыненне іншых дзеянняў, якія могуць прывесці да іх гібелі, скарачэння колькасці або парушэння асяроддзя іх росту.

За парушэнне гэтых патрабаванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 15.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і караюцца штрафнымі санкцыямі ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь.

Кацярына КІРЭЕВА

Загаловак у газеце: Невялікі букецік — значны «ўнёсак» у знішчэнне прыроды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.