21 Верасень, пятніца

Вы тут

Колеры натхнення і выразнасці


Сёння мы працягваем публікацыю найлепшых работ, якія паступілі на наш конкурс юных і маладых няштатных аўтараў. Творчае спаборніцтва набірае абароты! «Проб пяра» становіцца ўсё больш, канкурэнцыя сярод патэнцыйных пераможцаў расце! Хто яшчэ гатовы прыняць выклік? Далучайцеся, пакуль ёсць час, не адцягвайце з адпраўленнем сваіх работ. Зрэшты, нагадаем заўсёднае: прайграўшых у нашым конкурсе не бывае. Творчы досвед, парада прафесійных журналістаў, публікацыя на старонках рэспубліканскага выдання па-сапраўднаму вартай «пробы пяра» — гэта, пагадзіцеся, таксама не мала для пачаткоўцаў.

Нагадваем, па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто сёлета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўлення матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» будзе працягваць друкаваць і надалей, пасля вызначэння пераможцаў. Вынікі плануецца падвесці да пачатку ўступнай кампаніі.

«Ура! Павел Іванавіч прыйшоў! Будзем маляваць!» — так дзеці сустракаюць кіраўніка гуртка «Вясёлкавая палітра» Паўла Шантарыцкага. У пачатку навучальнага года ён далучыўся да тых, хто арганізуе вольны час школьнікаў у Маладзечанскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік».

Навучэнцы бачаць у ім не толькі педагога, але і сябра, з якім можна падзяліцца любым сакрэтам. Яны з цікавасцю слухаюць, назіраюць за кожным яго дзеяннем і імкнуцца пераймаць яго вопыт.

— Настаўнік павінен разумець дзяцей, прадбачыць, як яны стануць паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі, быць уважлівым да ўсіх без выключэння, — лічыць Павел. — Важна знаходзіцца з імі «на адной хвалі», але ў той жа час не забываць пра навучанне.

За некалькі месяцаў вучні маладога педагога засвоілі, што такое полымя, святло, цень, каляровы пераход. Навучыць дзяцей маляваць прасторавыя фігуры няпроста. Павел Іванавіч стараецца даступна растлумачыць тыя складаныя паняцці, якія ён яшчэ нядаўна сам спасцігаў у гімназіі-каледжы мастацтваў.

— Калі я прыношу на заняткі свае малюнкі, дзеці з вялікай цікавасцю разглядаюць іх, — расказвае педагог.

Павел малюе ў розных жанрах, але аддае перавагу графіцы, таму што трыма колерамі (чорным, шэрым і белым) можна больш выразна паказаць аб'ём. Аднак найлепшай сваёй работай лічыць дыпломную з выявай касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які стаіць на пагорку ў вёсцы Хоўхлава.

— У дзяцінстве мы з бацькамі часта ездзілі на дачу і кожны раз праязджалі міма храма. Мяне, тады яшчэ маленькага хлопчыка, заўсёды заварожвалі яго магутнасць і маштаб, — успамінае малады мастак. — Кожная дэталь карціны сімвалічная. Касцёл — гэта я, аблокі — тое зло, якое хоча праглынуць мяне, а святло, што прабіваецца скрозь хмары, мяне ратуе.

Такое апісанне дыпломнай работы можа належаць толькі сапраўды творчаму чалавеку. І на самай справе, жывапіс — гэта толькі адно са шматлікіх хобі Паўла. Сярод іх знайшлося месца і фатаграфіі. Інтарэс да фотамастацтва ўзнік у дзяцінстве. У прыцэл яго камеры часцей за ўсё трапляюць цікавыя людзі.

— Калі мне спадабалася асоба, — гаворыць Павел, — то я запрашаю чалавека на фотасесію і стараюся перадаць яго ўнутраны свет праз серыю партрэтных здымкаў.

У «партфоліа» фатографа мноства пейзажаў. Асабліва ён любіць захад сонца. У яго больш за дзесяць выяў адыходзячага дня, і кожная з іх непаўторная. Яшчэ Рэй Брэдберы казаў: «Мы таму і любім захад, што ён бывае толькі адзін раз у дзень».

Малады чалавек аддае перавагу не лічбаваму, а плёначнаму фотаапарату.

— Калі ты бярэш у рукі рарытэтны «Зеніт», то працэс здымкі і праяўлення фатаграфій ператвараецца ў сапраўдны рытуал, — прызнаецца наш герой.

На думку Паўла, для фатографа галоўнае не зацыклівацца на нейкім адным аб'екце, а пастаянна рухацца наперад і шукаць сябе. Фатаграфія патрабуе не столькі прафесіяналізму, колькі натхнення, атмасферы і ўмення злавіць «той самы момант».

А яшчэ малады чалавек шукае сябе ў музыцы, піша кампазіцыі, сумяшчаючы розныя стылі: Techno, DeepTechno і House. Нядаўна ў адной з мясцовых кавярняў кампазітар-пачатковец прэзентаваў вынік сваёй працы.

— Сярод музыкантаў прыкладам для мяне з'яўляецца еўрапейскі ды-джэй Amelіe Lens, якая піша ў Techno. А Davіd Guetta і Avіcі падабаюцца мне сваёй мелодыкай, — прызнаецца юнак.

Але бываюць моманты, калі бунтарскае сэрца просіць экстрыму. І тады наш герой становіцца на скейтборд, можа гадзінамі асвойваць новы элемент, пакуль той не атрымаецца. Гэта цудоўна, што ў любой справе, за якую бярэцца Павел Шантарыцкі, ён імкнецца расці і развівацца!


Пра аўтара

Спачатку Ірына хацела стаць доктарам, каб дапамагаць людзям. Потым, наведаўшы дэльфінарый, стала марыць аб прафесіі дрэсіроўшчыка. Затым у яе з'явілася імкненне скончыць БДПУ імя М. Танка, каб, як і яе любімыя педагогі, вучыць дзяцей.

— Але аднойчы я зразумела, што мяне цікавіць журналістыка. Пазнаёміўшыся бліжэй з гэтай прафесіяй, я знайшла ў ёй тое, што сапраўды для мяне блізка і важна. Яна адна з нямногіх дазваляе чалавеку не стаяць на месцы і быць у цэнтры ўсяго таго, што адбываецца навокал, — лічыць 17-гадовая аўтарка.

Застаецца дадаць, што Іра — адна з трох пераможцаў нашага мінулага творчага конкурсу.

Ірына БУБНОВА, вучаніца 11 класа СШ № 12 г. Маладзечна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!