Вы тут

Як вёска становіцца горадам


Яшчэ 7 мая 2014 года ўказам Прэзідэнта краіны Жабінцы нададзены статус горада-спадарожніка Брэста. Праз некаторы час пасля выдання згаданага ўказа быў зацверджаны генеральны план развіцця Жабінкі. І ўжо планам прадугледжвалася далучэнне да райцэнтра даволі значных плошчаў зямель, куды ўвайшлі чатыры населеныя пункты. Пройдзе зусім нямнога часу, і вёскі Здзітава, Курпічы, Сцяброва і Шчэглікі спыняць сваё існаванне. Тады 1235 чалавек, якія жывуць у названых вёсках, стануць гараджанамі.


Цяпер без старасты

Пакуль жа і жыхары, і вёскі знаходзяцца ў пераходным стане. Таму што адзін статус яны ўжо, можна сказаць, страцілі, а другі яшчэ канчаткова не набылі. Рашэнне аб скасаванні вёсак было прынята на сесіі Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў 9 лістапада 2017 года. І гэта можна лічыць адпраўной датай. Але Нацыянальнае кадастравае агенцтва пакуль не ўнесла змены ў адзіны рэестр адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. Такое рашэнне і адпаведны дакумент чакаецца літаральна днямі. Пасля гэтага наваспечаныя гараджане атрымаюць запрашэнне прыйсці ў пашпартныя сталы, каб зрабіць адзнаку аб новай рэгістрацыі.

...Са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Анатолем ШАЛТАНЮКОМ мы праехалі па былых вёсках, паразмаўлялі з людзьмі. Многія гаварылі, што пакуль асаблівых перамен не адчулі. Яны і раней жылі не зусім у вёсках, а хутчэй — у прыгарадзе. На працу тутэйшыя жыхары ў асноўным ездзяць у гарады, Брэст таксама побач. А вёскі гэтыя ўжо даўно пакрысе станавіліся «спальнымі раёнамі».

Каля вясковых хат, дзе жывуць найбольш пенсіянеры, і цяпер ходзяць куры з пеўнямі, гаспадыні дастаюць са склепа бульбу ды перабіраюць для будучай пасадкі. Дамы больш позняй пабудовы нагадваюць гарадскія сядзібы з усімі выгодамі і акуратнымі газонамі.

Першым, каго сустрэлі на вуліцы ў Здзітаве, аказаўся былы стараста вёскі. Аляксандр Батуля працуе ў Жабінцы. Ён расказаў, што пасля апошніх выбараў у мясцовыя Саветы страціў свой статус старасты. Але аднавяскоўцы па-ранейшаму да яго звяртаюцца з рознымі пытаннямі. Калі ж Аляксандр спрабуе тлумачыць ім, што цяпер форма самакіравання зменіцца, бо ўсе сталі гараджанамі, то некаторыя выказваюць нязгоду: «Хай сабе мы і ў горадзе, а ты тады будзь у нас старастам часткі горада». Дарэчы, і ў дзень выбараў многія пыталіся, чаму няма ў бюлетэнях дэпутатаў сельскага Савета. Члены камісіі зноў і зноў тлумачылі новаўвядзенні.

— Зараз у вёсцы мяняюць назвы вуліц, — расказвае Аляксандр Віталевіч. — І з вуліцамі, нібы ў той «Іроніі лёсу», здараюцца розныя канфузы. Вось наша, вясковая, раней была Здзітаўская, аказалася, і ў Жабінцы ёсць Здзітаўская. Нам прапанавалі памяняць назву, але мы не захацелі. Навошта нам тыя далёкія палкаводцы, імёны якіх прапаноўвалі ў якасці назвы? Мы рашылі пакінуць сваю назву, дадалі толькі прыстаўку «стара». Цяпер будзе Стараздзітаўская, і ўсе, здаецца, не супраць. Але ж падчас любых перамен блытаніна непазбежная. Думаю, праз паўгода-год арганізацыйныя пытанні вырашацца і ўсё ўтрасецца, — заключыў былы стараста.

Старыя славутасці і новыя камунікацыі

Вёска Здзітава знакамітая найперш сваёй Свята-Мікіцкай царквой. Гэта адзін з самых старых драўляных храмаў Беларусі, узведзены ў 1502 годзе. Вядома, перажыў за пяць стагоддзяў некалькі рэстаўрацый. Але здзітаўская царква на беразе Мухаўца лічыцца помнікам заходнепалескай архітэктуры і ахоўваецца дзяржавай. Мясціны, мала сказаць маляўнічыя, — яны прыгажэнныя. Продкі ведалі, дзе храм узводзіць. І побач, таксама блізка ад берага ракі, нядаўна вырасла вуліца з новых забудоў. Кошт участкаў на аўкцыёне даходзіў да 20 тысяч долараў. Але знайшліся ахвотныя, купілі, некаторыя ўжо пабудавалі дамы, іншыя працягваюць работу па ўзвядзенні жылля.

У Жабінкаўскім сельскім Савеце расказалі, што адзін з новых гаспадароў, калі яму паведамілі, што хутка будзе мяняць рэгістрацыю на гарадскую, вельмі абураўся, бо яго марай было працаваць у горадзе, а жыць менавіта ў вёсцы, побач з прыродай. «Дык у вашым жыцці нічога не зменіцца, памяняецца толькі афіцыйны статус», — даводзілі ў сельвыканкаме.

Здзітава разрастаецца на вачах. Новыя шырокія вуліцы, такія як, напрыклад, Васільковая, забудоўваюцца сучаснымі прыгожымі дамамі. Яшчэ летась тут праклалі сеткі водаправода. Да гарадскога водазабеспячэння падключаны і Курпічы.

А вось у Шчэгліках яшчэ вядзецца пракладка інжынерных сетак водазабеспячэння. На вуліцы Сасновай працуе брыгада ПМК-19. Галоўны інжынер Уладзімір Кірылюк сказаў, што працаваць даводзіцца з дапамогай малой тэхнікі, бо траншэі хутка запаўняюцца вадой. Будаўнікі ўлічваюць рэльеф мясцовасці. А паколькі інжынерныя камунікацыі пракладваюцца ўздоўж алеі старых дрэў, трэба быць уважлівымі і акуратнымі, каб не пашкодзіць дрэвы. І зноў жа алея выглядае вельмі прыгожай, нагадвае дарогу да даўнішніх панскіх сядзіб. Згаданыя пейзажы будуць, несумненна, радаваць новых жыхароў, якія пад участак атрымліваюць 15—16 сотак зямлі.

Пракладка камунікацый у Шчэгліках.

Крама і гарадскі аўтобус

У Шчэгліках нядаўна пабудавалі павільён новай крамы райспажыўсаюза. Адкрылі гандлёвы пункт па просьбах насельніцтва. Але пакуль што гэты магазін стратны. Абсалютная большасць жыхароў новых дамоў працуе ў гарадах, ездзяць яны на працу сваім транспартам, там жа і купляюць прадукты. Крыху большую выручку мае крама ў выхадныя дні. Прадавец спадзяецца, што выручка стане большай, калі сем'і заселяцца ў новабудоўлі.

Па дарозе ў Курпічы мы сустрэлі гарадскі аўтобус, які ішоў з былой вёскі ў кірунку райцэнтра. Вось вам прыкмета ўрбанізацыі вёскі — цяпер сюды ходзіць гарадскі транспарт. Курпічы цікавыя тым, што ў свой час тут была ўзведзеная цэлая вуліца так званых прэзідэнцкіх дамоў. ААТ «Жабінкаўскае» пабудавала жыллё для сваіх работнікаў. Гэтая шарэнга светлых будынкаў віднеецца здалёк, з шашы. Яшчэ адну вуліцу забудавала «Сельгастэхніка». Тут яшчэ раней былі падведзены газ і водаправод. З часам з'явяцца і новыя вуліцы. Пенсіянер, былы жывёлавод Анатоль Воўк пра свой новы статус кажа з усмешкай: «Пажыў у вёсцы, пажыву і ў горадзе». Анатоль Канстанцінавіч лічыць, што для яго нічога кардынальна не зменіцца: «Можа, хіба, магазін новы пабудуюць». Пакуль жа ў гэтую вёску прыходзіць аўтакрама, бо стацыянарнай няма.

Будзе толькі лепш

— Як толькі з'явіцца інвестар, мы адразу выдзелім у Курпічах пляцоўку. Няхай будуюць краму, — сказаў карэспандэнту газеты старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ. — Са змяненнем статусу населеных пунктаў людзям дакладна горш не стане. Перад прыняццем рашэння мы праводзілі сходы, сустракаліся з вяскоўцамі, адказвалі на іх шматлікія пытанні. Работа, якая зараз вядзецца, скіравана на будучыню найперш абласнога цэнтра. Горад-спадарожнік будзе расці. Тая інфраструктура, якая зараз ствараецца за сродкі, прадугледжаныя праграмай развіцця, паслужыць былым вяскоўцам і новым гараджанам.

Літаральна за паўгода палепшылася транспартнае абслугоўванне жыхароў, дабавіліся аўтобусы, павялічана працягласць некаторых маршрутаў, — кажа кіраўнік раёна. — Напрыклад, у пасёлак цукровага завода аўтобус цяпер ходзіць праз вёску Сцяброва. У Шчэглікі будзе адкрыты гарадскі маршрут з 1 верасня. Працягваецца пракладка інжынерных сетак. Пасля пракладкі водаправода пачнецца рэалізацыя праекта па паляпшэнні дарог. Пракладзена оптыка-валаконная сувязь. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на замену сетак электразабеспячэння ў вёсцы Сцяброва. На стадыі падрыхтоўкі праект новых ачышчальных збудаванняў. Уладкоўваюцца велапешаходныя дарожкі ў Сцяброве і іншых вёсках. Словам, робіцца шмат для паляпшэння якасці жыцця людзей.

Намеснік старшыні райвыканкама Максім АНТАНЮК удакладніў, што ўсе работы, звязаныя з перайменаваннем вуліц, з новымі дакументамі, будуць праведзеныя за кошт бюджэту. Для новых штампаў у пашпарце былыя вясковыя жыхары будуць запрашацца па графіку, каб не ствараць чэргаў і эканоміць час грамадзян. Усе домаўладальнікі атрымаюць паведамленні ад агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры пра змену адраса. А вось рабіць новыя тэхнічныя пашпарты на дом ці ўчастак ім не спатрэбіцца. Такая неабходнасць узнікне ў новага гаспадара, калі ён купіць дом альбо атрымае яго ў спадчыну ці ў дар.

Старшыня райсавета Анатоль Шалтанюк лічыць, што ў названых вёсках даўно сталі сяліцца патэнцыйныя гараджане. Яны набывалі ўчасткі, узводзілі не вясковыя па выглядзе дамы, на працу ездзілі адразу ў горад, вазілі дзяцей у гарадскія школы. На медыцынскім уліку усе гэтыя людзі стаялі ў раённай паліклініцы, для іх у медабслугоўванні фактычна нічога не мяняецца. Жабінкаўскі сельвыканкам пакуль выдае пэўныя даведкі, напрыклад аб складзе сям'і і іншыя. А вось акты грамадзянскага стану, напрыклад аб нараджэнні ці смерці, сведчыць ужо загс, шлюбы рэгіструюцца таксама ў горадзе. «Шкада, вядома, што ў гісторыю адыходзяць назвы вёсак. Але пастараемся ўвекавечыць іх хоць бы ў назвах вуліц», — заўважыў старшыня райсавета.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Жабінкаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.