Вы тут

Чым славіцца радавы маёнтак прыродазнаўцы Якуба Наркевіча-Ёдкі?


У вярхоўі Нёмана, на крутым беразе каля вёскі Наднёман узвышаецца помнік сядзібнай архітэктуры ХІХ стагоддзя, радавы маёнтак вядомага ў Беларусі і ва ўсёй Еўропе вучонага-фізіка, прыродазнаўцы Якуба Наркевіча-Ёдкі.


— У 1823 годзе прадстаўнік шляхецкага роду Ануфрый Наркевіч-Ёдка купіў у Радзівілаў бровар у мястэчку Малыскаўшчына і заняўся ўладкаваннем набытай сядзібы. Больш за дзесяць гадоў працягваліся будаўнічыя работы. Стары бровар ператварыўся ў сапраўдны палац з элементамі замка і крэпасці. Тут чаргаваліся старыя і новыя дабудаваныя памяшканні. Кампазіцыю завяршалі тарцовыя вежы шасці- і чатырохграннай формаў. Адна з вежаў мела вышыню 27 метраў і была відаць з усіх ваколіц. Тут была ўладкавана «эолава арфа» — прыстасаванне, якое ўтварала розныя гукі пад націскам ветру. Палац быў выцягнуты ўздоўж ракі і госці маглі любавацца з тэрасы незвычайнымі нёманскімі краявідамі.

Дырэктар Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Лухверчык прапанавала нам экскурсію ў маёнтак, дзе пачалася рэстаўрацыя.

— Дубовыя вароты адноўлены ў першапачатковым выглядзе, аздоблены радавым гербам «Ліс». Рэстаўрацыя старожкі, якая да іх прымыкае, скончана, у кумыснай яшчэ працягваюцца ўнутраныя работы. У наступным годзе, калі ўсё будзе ісці па плане, адкрыем першую музейную экспазіцыю, — кажа суразмоўніца. — Над аднаўленнем аранжарэі ўжо працуюць архітэктары, і спадзяюся, што гэта будзе дзівосны будынак.

— Якуб Наркевіч-Ёдка быў вельмі ўнікальны чалавек. Ён атрымаў добрую дамашнюю адукацыю. Затым закончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Вене, Сарбоне, Фларэнцыі. Яшчэ ён быў цудоўным музыкантам, віртуозам, іграў на многіх інструментах, сам пісаў музыку. Усебакова адораны чалавек, захапляўся біялогіяй, фізікай, прыродазнаўствам.

Якуб Наркевіч-Ёдка займаўся вытворчасцю кумысу. У год выпускаў каля пяці тысяч бутэлек гэтага цудадзейнага напою. Дзесьці тры тысячы прадаваў, а астатнія раздаваў мясцовым жыхарам. У 1892 годзе ён адкрыў санаторый недалёка ад маёнтка ў сасновым бары для паралізаваных і хворых на нервы, сухоты. Пацыентаў лячылі святлом, кумысам, гімнастыкай, чыстым паветрам, мінеральнымі водамі, што здабывалі са свідравіны на тэрыторыі маёнтка, электрычным масажам. Наркевіч-Ёдка лячыў бясплатна мясцовых сялян. У мястэчку Пясочнае дзякуючы яму з'явілася аптэка.

Каля маёнтка было створана доследнае поле, дзе вучоны вывучаў уплыў электрычнасці на стан, рост раслін і іх ураджайнасць. Пры новым гаспадары быў закладзены дэндрапарк з рэдкіх для гэтай мясцовасці відаў дрэў і кустоў, прывезеных з усяго свету. Былі тут алеі серабрыстых таполяў, ліп, елак ды іншыя. Часткова зялёныя насаджэнні захаваліся і да нашых дзён. Напрыклад, сапраўдным упрыгажэннем парку з'яўляецца лістоўніца, пасаджаная ў часы Наркевіча-Ёдкі.

У Наднёмане была створана першая ў гісторыі Беларусі метэаралагічная станцыя, якую ўключылі ў склад галоўнай фізічнай абсерваторыі Расійскай імперыі. Многія вынаходкі Якуба Наркевіча-Ёдкі апярэдзілі свой час: электраграфія і бяздротавая перадача электрасігналаў, метад вымярэння вільготнасці глебы і шмат іншых. Менавіта ён першым узяўся за ўмацаванне сваёй гаспадаркі па еўрапейскім узоры, бо разумеў, што традыцыйныя спосабы гаспадарання, якіх прытрымліваюцца землеўладальнікі краю, састарэлі. Якуб заклаў ферму для гадавання валоў. За кароткі час гаспадарка атрымала мяса, скуру, арганічныя ўгнаенні для павышэння ўраджайнасці, цяглавую сілу для апрацоўкі поля. З'явіўся стабільны даход, які дазваляў далей умацоўваць эканоміку маёнтка. Мяркуецца рэканструяваць палац у максімальна набліжаным да першапачатковага выглядзе. Але ж, бясспрэчна, каб прывесці ў належны стан усе пабудовы, яшчэ патрабуюцца значныя сродкі.

Створаны фонд імя Якуба Наркевіча-Ёдкі, у склад якога ўвайшлі зацікаўленыя асобы, медыкі, выкладчыкі Белдзяржуніверсітэта. Узначальвае яго Уладзімір Самуйлаў. Уладзімір Аляксандравіч — фізік, выкладае ў Нью-Ёрку. Ён сабраў шмат экспанатаў па ўсім свеце, у тым ліку і з перыяду жыцця Якуба Наркевіча-Ёдкі.

Апошнім уладальнікам Наднёмана быў сын вучонага Конрад, які ў 1921 годзе пераехаў у Кракаў. Да вайны ў палацы размяшчаўся дзіцячы санаторый. Падчас вайны партызаны ўзарвалі будынак, каб немцы не змаглі размясціць у ім свой штаб.

У 90-х гадах мінулага стагоддзя ў радавое гняздо прыязджаў траюрадны пляменнік Якуба Наркевіча-Ёдкі — Крысціян Наркевіч-Лейн, які жыве ў Чыкага.

Летам 2002 года на панскіх могілках, як кажуць мясцовыя жыхары, на пахаваннях членаў сям'і навялі парадак і ўсталявалі памятны знак-валун у гонар Якуба Наркевіча-Ёдкі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Cпадчына, якую трэба захаваць

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.