Вы тут

Брэсцкі вучоны адкрывае для нас гісторыю тысячагадовага Берасця


Анатоль Гладышчук не прафесійны гісторык. Ён фізік, прафесар Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Але для гісторыі горада, правільней сказаць, для яе ўсведамлення, асэнсавання сучаснікамі, ды і проста для ведання сваёй даўніны ён зрабіў многа.


На мінулым тыдні адбылася прэзентацыя другой кнігі трылогіі аўтара «Замак Берасцейскі». Яна складаецца з кніг «Русь», «Літва», «ResPublіka», галоўным героем якіх у пэўным сэнсе і з'яўляецца замак старажытнага горада. Горада, матэрыяльных рэшткаў якога даўно няма. На пачатку ХІХ стагоддзя імператарскія военачальнікі задумалі збудаваць крэпасць на гэтай зямлі, таму горад з яго славутасцямі і старажытнымі храмамі быў знесены, жыхары адселены на тэрыторыю, дзе цяпер і стаіць Брэст. Праўда, замак, пра які ідзе гаворка, быў разбураны значна раней.

Замак вякамі быў сімвалам магутнасці, значнасці і велічнасці другога па значэнні горада ВКЛ пасля Вільні, — так сцвярджае аўтар, і для гэтага ў яго шмат падстаў. Вось адзін з фактаў, прыведзеных у творы. У 1525 годзе ў горадзе быў «сольны» склад, які забяспечваў на той час стратэгічным прадуктам — соллю, — тэрыторыю, роўную палове нашай сучаснай краіны. Княжацкай рэзідэнцыяй Берасцейскі замак стаў у другой палове ХІІІ стагоддзя. Анатоль Гладышчук знайшоў дакументальныя сведчанні таго, што кароль Жыгімонт Стары ратаваўся тут ад скандалаў сваёй жонкі каралевы Боны, жыў у Берасці месяцамі. Таму ў замку з'явіўся водаправод: кароль жа павінен жыць па-каралеўску.

Першы ўспамін пра замак датуецца 1182 годам. Вучоны лічыць, што замак знаходзіўся там, дзе зараз размяшчаецца вядомы музей «Бярэсце». На думку аўтара, тое, што можна сёння ўбачыць у музеі — квартал рамеснікаў, якія жылі ў ХІІІ стагоддзі каля замка і абслугоўвалі яго. Хутчэй за ўсё, для пашырэння замка Кейстут Гедзімінавіч, гаспадар берасцейскай зямлі, знёс гэты квартал. Яго засыпалі, таму ён і захаваўся. Гэта таксама гіпотэза Гладышчука.

Але не толькі замак з'яўляецца сведчаннем значнасці горада на беразе ракі Буг. Берасцейская друкарня, якую ў 1552 годзе пабудаваў староста Мікалай Радзівіл Чорны, была першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1563 годзе тут выйшла ў свет знакамітая Радзівілаўская Біблія. І гэта дае падставы сцвярджаць, што Брэст мае дачыненне да сусветнай гісторыі кнігадрукавання. Фрагмент гэтай кнігі мы маем цяпер у абласной бібліятэцы, дзе і прайшла згаданая прэзентацыя.

Не лішнім будзе напомніць, што Берасце першым з гарадоў сучаснай Беларусі атрымала грамату на Магдэбургскае права (1390 год). Мінск атрымаў гэтае права больш чым праз 100 гадоў. А яшчэ ў Берасці быў свой манетны двор, таксама адзіны на тэрыторыі нашай цяперашняй краіны. Ужо вядома, што ў 1665—1666 гадах тут было выбіта амаль 250 мільёнаў медных шэлегаў. Гэтая дробная манета вядомая яшчэ як «барацінка». Дык вось, манеткі да гэтай пары знаходзяць на палях, бо гэта былі не грошы магнатаў, а народныя грошы. І прыадкрыць гэтую старонку гісторыі брастаўчанам таксама дапамог Гладышчук. Цяпер нават рамеснікі на гарадскіх святах прапануюць выбіць ахвотным памятныя шэлегі.

Яшчэ за чатыры гады да названай прэзентацыі на канферэнцыі «Берасцейскія кнігазборы» аўтар трылогіі выступіў амаль што з сенсацыйным дакладам. Ён прапанаваў скарэктаваць дату нараджэння Брэста, якой афіцыйна лічыцца 1019 год. Разам з калегам Анатолем Нікітчыкам яны знайшлі ў «Сінадальным харацейным наўгародскім спісе старшага зводу» ХІІІ стагоддзя і ў нямецкай хроніцы Цітмара Мерзебургскага цікавыя звесткі. Там сказана, што Яраслаў Мудры ў 1017 годзе хадзіў да Берасця. Але ў Брэсце вырашылі прытрымлівацца даты 1019, вызначанай у 1969 годзе як год першага ўпамінання. Гістарычная праўда мае права быць увекавечанай у кнізе.

Творы Гладышчука — не навуковая праца, а хутчэй навукова-папулярная літаратура. Акрамя аналізу на падставе архіўных матэрыялаў там прысутнічаюць умоўныя героі, зборныя вобразы сярэднявечнага гараджаніна. Зроблена гэта найперш для таго, каб зацікавіць. Добра сказаў Анатоль Антонавіч, звяртаючыся да студэнтаў-гісторыкаў, якія былі ў аўдыторыі: « Я пісаў у тым ліку і для вас, каб вы зацікавіліся, загарэліся ідэяй і ў будучыні працягнулі тэму ў сваіх навуковых распрацоўках». Сапраўды, той хто прачытае і ўспрыме матэрыял, выкладзены ў кнізе, здолее палюбіць тую эпоху і яе герояў, як любіць гісторыю сваёй зямлі аўтар.

Усе ўдзельнікі імпрэзы былі аднадушныя ў тым, што гораду патрэбны далейшыя раскопкі. Аўтар сцвярджае, што вядомы дакладныя каардынаты фрагмента замкавай сцяны, як гарадской ратушы. Патрэбныя сродкі для работы, знаходак і навуковага пацвярджэння. Берасцейскі замак варты таго, каб вывесці яго з «туману гісторыі».

Трэцяя кніга трылогіі ўжо падрыхтаваная і да канца года павінна выйсці ў свет. Удзельнікі прэзентацыі назвалі трылогію падарункам аўтара да 1000-годдзя Брэста.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Каб ганарыцца, трэба асэнсаваць

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

Фігурыст Юрый Гуліцкі: Думаю, турнір у Мінску будзе класны

У дваццатых чыслах студзеня ў Мінску ўпершыню пройдзе маштабны турнір па фігурным катанні.

Грамадства

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

Дзе шукаць рэчы, забытыя ў грамадскім транспарце

​Кожны з нас хоць раз у жыцці адчуваў сябе «машкай-разявашкай».

Калейдаскоп

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

На «Песні года Беларусі» артысты прызнаваліся ў любові да родных мясцін

У мінулую пятніцу ў Мінску прайшоў заключны канцэрт «Песні года Беларусі».