Вы тут

На Гродзеншчыне з'явіліся новыя кіраўнікі раённых Саветаў дэпутатаў


У Гродзенскай вобласці пасля апошніх выбараў часткова памяняўся склад кіраўнікоў раённых Саветаў дэпутатаў. «МС» пацікавілася, на якія пытанні маюць намер звярнуць першачарговую ўвагу новыя старшыні райсаветаў, з чаго пачынаюць сваю работу?


Калектыўны падыход

Алена Ганевіч, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— 2018-ы — Год малой радзімы, таму мы плануем навесці парадак на зямлі. Асаблівай увагі патрабуюць населеныя пункты, дзе шмат пустуючых дамоў, хутары, дзе даўно ніхто не жыве. Добры старт гэтай справе дадзены рэспубліканскім суботнікам — гэта той самы штуршок, які актывізаваў у тым ліку і дэпутатаў. На месцах старшыні сельскіх Саветаў пачалі гэту работу па сваіх новых планах, і яна будзе працягнута.

Галоўнае — каб усе пытанні, якія ставяць перад намі жыхары населеных пунктаў, вырашаліся. Для гэтага неабходна падключаць мясцовую ўладу. Згодна з аналізам зваротаў, многіх хвалюе стан мясцовых дарог. Да гэтай праблемы падключаюцца дарожныя службы, будзем пераглядаць бюджэт раёна і вышукваць сродкі на рамонт дарог, думаю, работа будзе ісці.

Для сябе мы вызначылі, што дэпутаты ўсіх узроўняў павінны працаваць у адзінай звязцы. Для гэтага будзем раз у квартал збірацца і фарміраваць агульны план дзеянняў. Такі калектыўны падыход да праблемы дасць большы эфект. Наш корпус аднавіўся напалову, прыйшлі прадстаўнікі розных службаў, кіраўнікі прадпрыемстваў. Чакаем ініцыятыў ад новых дэпутатаў.

Стварыць дэпутацкі кластар

Валянцін Семяняка, старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў:

— Выбарчая кампанія ў нас прайшла актыўна, людзі ішлі на сустрэчы з дэпутатамі, выказвалі свае пажаданні. З гэтага ў значнай ступені фарміруецца і кірунак дзейнасці. Таму наша задача — актывізаваць дэпутацкі корпус усіх узроўняў на вырашэнне пастаўленых пытанняў. Пры гэтым нашы жыхары ведаюць, над чым працуюць іх абраннікі, мы пастаянна інфармуем іх аб гэтым.

Важным момантам, лічу, стане стварэнне дэпутацкага кластара. Гэта значыць, што дэпутаты ўсіх узроўняў, у тым ліку Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, вядуць сумесны прыём, а затым разам вырашаюць праблемы насельніцтва.

Другі важны кірунак дзейнасці — сумесная з жыхарамі работа па навядзенні парадку. Гэта і могілкі, і пусткі, і агароджы. Такая работа пастаянна вядзецца, і людзі ідуць насустрач, падключаюцца пенсіянеры. Стараемся далучыць да работы і беспрацоўных. Многія жыхары занепакоены станам пустуючых дамоў і патрабуюць вырашыць гэта пытанне. Наогул, мы імкнёмся падтрымаць мясцовыя ініцыятывы, асабліва тых, хто хоча заняцца якой-небудзь справай — аграсядзібай альбо аказаннем паслуг. У маі чакаем прадстаўніка ўрада, які правядзе ў нашым раёне трэнінг па эканоміцы і прававых пытаннях. Накіроўваем увагу на занятасць людзей.

Дайсці да кожнага

Алег Таргонскі, старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў:

— Думаю, што сэнс нашай работы застаецца заўсёды адзіны — вырашаць праблемы людзей. Дайсці да кожнага праз работу дэпутацкага корпуса. І вырашаць разам задачы, якія перад намі ставіць жыццё. А гэта і добраўпарадкаванне тэрыторый, і іншых аб'ектаў. Дэпутаты не будуць убаку ад праблемы працаўладкавання, занятасці насельніцтва. Вядзём работу, каб моладзь заставалася на сяле, бо гэта наш рэзерв.

Стаўка на брэнды

Ганна Хвядзюк, старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў:

— Думаю, што дэпутацкі корпус прадоўжыць усе тыя найлепшыя традыцыі, якія закладзены дэпутатамі папярэдніх скліканняў. Наш корпус аднавіўся напалову, таму ёсць у каго і вопыт пераняць, ёсць каму і новыя ідэі прапанаваць. Вядома ж, усе намаганні і мяне, як старшыні райсавета, і ўсіх маіх калег, будуць накіраваны на тых, каму патрэбна дапамога. У полі зроку і праблемы навядзення парадку на зямлі, удзел у праектнай дзейнасці, пошук новых цікавых формаў работы — гэта тыя тэмы, якія ў нас заўсёды будуць на парадку дня. У нас ёсць вопыт такіх цікавых брэндавых праектаў у асобных сельсаветах. Таму думаю, што мы разам будзем развіваць гэты кірунак, бо ён дае магчымасць атрымаць дадатковыя сродкі, якія можна ўкласці ў развіццё тэрыторыі. Можа, і не ўсё ўдаецца, але пэўны этап пройдзены. А гэта яшчэ і турыстычная прывабнасць раёна.

Шчучын не стаіць на месцы. Асаблівы пад'ём відавочны ў апошнія гады, прыцягнута нямала інвестпраектаў, дзякуючы чаму папаўняецца бюджэт. Для дэпутатаў гэта таксама вельмі важна, бо яны займаюцца размеркаваннем сродкаў і могуць накіраваць фінансы на тыя праблемы, якія трэба своечасова вырашаць. Гэта значыць, што дэпутаты з выканаўчай уладай крочаць у адным напрамку.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Новыя планы на месцах

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.