Вы тут

Што змянілася для выпускнікоў педагагічных класаў?


Пералік педагагічных спецыяльнасцяў, на якія выпускнікі профільных педагагічных класаў і груп маюць права паступаць без уступных іспытаў, быў скарочаны. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства адукацыі № 24 ад 14 красавіка 2018 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.


Нагадаем, што летась упершыню навучэнцы педагагічных класаў і груп атрымалі права паступаць у ВНУ на 38 педагагічных спецыяльнасцяў без здачы ЦТ, толькі па выніках гутаркі. Праўда, такая льгота давалася не ўсім, а толькі тым з выпускнікоў профільных педкласаў, у каго ў атэстаце па ўсіх прадметах былі адзнакі ад 7 да 10 балаў, а па профільных прадметах, якія вывучаюцца на павышаным узроўні, — не менш як 8 балаў. Гэта патрабаванне задавала даволі высокую планку. Да таго ж вучні павінны былі атрымаць для паступлення разгорнутую характарыстыку-рэкамендацыю педагагічнага савета ўстановы адукацыі.

На калегіі Міністэрства адукацыі, дзе падводзіліся вынікі прыёмнай кампаніі, рэктар БДПУ Аляксандр ЖУК паведаміў, што ў 2017 годзе студэнтамі ВНУ сталі 672 выпускнікі педагагічных класаў з 1350 чалавек, гэта значыць палова. З іх 369 чалавек (каля 55 %) вучацца ў ВНУ, якія рыхтуюць спецыялістаў для сістэмы адукацыі. Непасрэдна на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 230 выпускнікоў педкласаў, дзве траціны з якіх скарысталіся правам льготнага паступлення (166 чалавек, або 72 %). Адпаведна, амаль траціна (64 чалавекі) была залічана на педагагічныя спецыяльнасці па выніках ЦТ.

Правам паступаць без экзаменаў у галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны скарысталіся 107 выпускнікоў педагагічных класаў, і яшчэ 23 чалавекі паступілі ў БДПУ па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Магчыма, кагосьці адмовіцца ад ільготы прымусіла перспектыва пяцігадовай абавязковай адпрацоўкі на тым месцы, куды цябе размяркуюць... Гэта даволі жорсткая ўмова, якая ставіць вельмі моцных абітурыентаў на адну планку з «мэтавікамі», хоць тыя часта маюць далёка не самыя высокія балы. Дарэчы, сярэдні бал атэстата ў выпускнікоў педкласаў, якія паступалі ў БДПУ, быў ад 8 да 9,8 бала (8 з іх былі ўзнагароджаны медалямі).

Рашэнне аб скарачэнні пераліку педагагічных спецыяльнасцяў, на якія можна паступаць без экзаменаў (па выніках гутаркі), стала для многіх нечаканасцю, тым больш што рэгістрацыя на ЦТ ужо распачалася. У прыватнасці, з мінулагодняга пераліку зніклі 8 спецыяльнасцяў: «Гісторыя і сусветная мастацкая культура», «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа», «Выяўленчае мастацтва і камп'ютарная графіка», «Музычнае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы», «Музычнае мастацтва, рытміка і харэаграфія», «Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура», «Лагапедыя» і «Практычная псіхалогія». Разам з тым у пераліку засталіся, напрыклад, такія спецыяльнасці, як «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Сурдапедагогіка» і «Тыфлапедагогіка», «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога», дзе конкурсы звычайна меншыя.

У Міністэрстве адукацыі патлумачылі, што спецыяльнасці, якія былі выключаны з пераліку, запатрабаваныя ў моладзі, і на іх прэтэндуюць абітурыенты з высокімі баламі. Таму стварэнне конкурснай сітуацыі дазволіць выбраць з прэтэндэнтаў найбольш дастойных і прафесійна-арыентаваных.

У любым выпадку ўсім абітурыентам варта паўдзельнічаць у ЦТ, бо гэта найлепшы спосаб паглядзець на свае дасягненні на фоне іншых прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. Да таго ж, маючы на руках сертыфікаты, можна адчуваць сябе больш упэўнена і выбіраць паміж ВНУ, бо тая ж «гісторыя» ёсць не толькі ў БДПУ: гісторыкаў рыхтуюць і ў БДУ, і ў рэгіянальных універсітэтах.

А тым, хто ўсё ж вырашыць скарыстацца льготай, варта нагадаць, што тэрміны падачы дакументаў для выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці, якія паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці пасля праходжання гутаркі, — з 12 па 14 ліпеня (як для асоб, якія паступаюць на «бюджэт», так і на платнай аснове). У 2018 годзе педагагічныя класы і групы выпускаюць 2230 сваіх выхаванцаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: На «практычную псіхалогію» без ЦТ не паступіш

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.