Вы тут

Аб'яўлены конкурс «Славутыя імёны маёй малой радзімы»


«Звязда», «Краязнаўчая газета» і Беларускі фонд культуры распачынаюць новы праект — рэспубліканскі конкурс «Славутыя імёны маёй малой радзімы». Ён праводзіцца ў межах Года малой радзімы і скіраваны на актывізацыю дзейнасці грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, прыватных ініцыятыў, асобных грамадзян па пошуку і зборы гістарычных і сучасных звестак аб вядомых выхадцах з канкрэтных населеных пунктаў і рэгіёнаў у мэтах ушанавання памяці і папулярызацыі іх дзейнасці.


Конкурсныя заяўкі і праекты могуць быць самымі рознымі: збор матэрыялаў і напісанне радаводаў славутых дзеячаў і знакамітых выхадцаў канкрэтных рэгіёнаў; стварэнне кніг, падрыхтоўка хроніка-дакументальных фільмаў, радыё- і тэлеперадач; складанне памятных календароў; падрыхтоўка ілюстраваных альбомаў, прысвечаных вядомым землякам, збор фотаздымкаў, што маюць да іх дачыненне; устаноўка памятных дошак і памятных знакаў, каплічак, прысвечаных вядомым людзям — выхадцам з гэтых мясцін; запісы ўспамінаў старэйшых жыхароў пэўных населеных пунктаў; стварэнне музейных экспазіцый, мемарыяльных залаў (пакояў) у мясцовых бібліятэках, музеях і школах.

Удзельнічаць у конкурсе можна як індывідуальна, так і прадстаўляючы пэўную ўстанову ці арганізацыю.

На конкурс могуць быць прадстаўлены як рэалізаваныя праекты (не раней за 2017 год), так і тыя, што знаходзяцца ў стане рэалізацыі. Ход конкурсу будзе асвятляцца на старонках «Звязды» і «Краязнаўчай газеты», у рэгіянальных і мясцовых СМІ.

Падача матэрыялаў на конкурс (апісанне, фота і відэаматэрыялы, публікацыі ў СМІ) ажыццяўляецца да 31 снежня 2018 года ў Беларускі фонд культуры (220026, г. Мінск, Траецкая набярэжная, 6).

Ацэньваць конкурсныя праекты будзе камісія ў складзе прадстаўнікоў арганізацый заснавальніц і партнёраў конкурсу. Найлепшыя праекты будуць адзначаны спецыяльнымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі.

Па выніках конкурсу найбольш цікавыя праекты будуць прэзентавацца ў Мінску, іх уключаюць у інфармацыйны банк для шырокага інфармавання грамадскасці, а таксама зацікаўленых арганізацый і мясцовых органаў улады.

Загаловак у газеце: «Славутыя імёны маёй малой радзімы»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.