Вы тут

Дэкрэт аб садзейнічанні занятасці палепшыць сітуацыю на рынку працы


Мэта дэкрэта аб садзейнічанні занятасці — максімальна палепшыць сітуацыю на рынку працы, адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Яна растлумачыла аспекты рэалізацыі дакумента на семінары ў Гомелі. Міністр падкрэсліла, што сумесная работа розных службаў, структур, ведамстваў дазволіць забяспечыць занятасць людзей і індывідуальны падыход да кожнага чалавека.


Ірына Касцевіч адзначыла, што сітуацыя на рынку працы паляпшаецца і гэтаму спрыяе як эканамічны рост, так і работа, што праводзіцца ў рэгіёнах па садзейнічанні занятасці. Так, узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі на 1 мая склаў 0,5 % да эканамічна актыўнага насельніцтва. Па Гомельскай вобласці ён на 0,1 % вышэйшы. У якасці беспрацоўных у паўднёва-ўсходнім рэгіёне зарэгістравана 3714 чалавек. Пры гэтым у банку вакансій на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца 2,4 прапановы.

Кіраўнік ведамства праінфармавала, што да 1 снежня завершыцца стварэнне базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Пілотную версію плануецца падрыхтаваць да 1 верасня. У далейшым база будзе актуалізавацца штоквартальна. Цяпер таксама завяршаецца фарміраванне складаў камісій па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, рыхтуецца пералік цяжкіх жыццёвых сітуацый, якія будуць служыць падставай для выключэння з базы працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. Міністр заклікала ўдзельнікаў семінара падзяліцца і сваім досведам:

— Мы збяром з усёй краіны прыклады цяжкіх жыццёвых сітуацый, каб максімальна напоўніць пералік, — адзначыла Ірына Касцевіч. — Гэтыя рэкамендацыі будуць затым накіраваны камісіям для працы.

Між тым у Гомелі на 1 мая 2018 года пры садзейнічанні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага гарвыканкама былі працаўладкаваны больш за 2,5 тысячы чалавек, у тым ліку 1,77 тысячы беспрацоўных. Па словах начальніка ўпраўлення Аляксандра Ключынскага, з гэтай мэтай рэгулярна праводзяцца кірмашы вакансій і дні прадпрыемстваў.

Адной з актыўных мер пры рэалізацыі дзяржпраграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады з'яўляецца прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі беспрацоўных. Ужо сёлета ў Гомелі больш за 300 чалавек былі накіраваны на навучанне.

— Для падрыхтоўкі кадраў, запатрабаваных у эканоміцы, створаны групы, у якіх арганізуецца навучанне сумесна з установамі адукацыі, — растлумачыў Аляксандр Ключынскі. — Адна з новых формаў садзейнічання занятасці насельніцтва, якая сёлета атрымала распаўсюджанне, — правядзенне інфармацыйных сустрэч сумесна з інспекцыяй МНС па Гомельскай вобласці. Спецыялісты ў тым ліку тлумачаць нормы Указа № 337 «Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб», якім пашыраны пералік відаў дзейнасці, дзе не патрэбна рэгістрацыя ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.

Аляксандр Ключынскі падкрэсліў, што падтрымка дзелавой ініцыятывы грамадзян з'яўляецца адным з найважнейшых кірункаў палітыкі ў сферы садзейнічання занятасці насельніцтва. Так, на 1 мая гэтага года ў Гомелі субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці выдзелены 38 беспрацоўным.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Дапамагчы з працай, падтрымаць ініцыятыву

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».