Вы тут

Як дэпутат можа паўплываць на скарачэнне колькасці няшчасных выпадкаў


Нядаўні трагічны выпадак на прадпрыемстве «Алкід» у Мінскім раёне, дзе адбыўся выбух і былі цяжка траўмаваны людзі, па папярэдніх даных выклікала менавіта парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны. Здавалася б, пасля жахлівага пажару ў расійскім Кемераве, дзе з-за халатнасці адказных асоб загінулі дзясяткі дзяцей, кожны павінен быў зрабіць высновы і прыняць адпаведныя меры. Але... Зноў хтосьці нешта не даглядзеў, праігнараваў... Засцерагчыся ад усіх няшчасцяў, вядомая рэч, немагчыма. Але звычайна бяда адбываецца там, дзе быў аслаблены кантроль. Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Папкоў падчас нядаўняга выязнога пасяджэння ў Слаўгарадзе прапанаваў замацаваць дэпутатаў за канкрэтнымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, каб народныя абраннікі на сваім узроўні маніторылі работу і сігналізавалі, калі там нешта не так. Размова ішла больш пра кантроль эканамічнага стану суб'ектаў гаспадарання, але дэпутаты маглі б звяртаць увагу і на ўмовы бяспекі для людзей.


Дапамогуць «шэфы»

У Хоцімску падобная форма работы існуе ўжо з мінулага года. Пры райвыканкаме створана група для аказання, калі гаварыць проста, шэфскай дапамогі, гаспадаркам і прадпрыемствам раёна. За кожнай арганізацыяй замацаваны чалавек, які кантралюе стан спраў і дапамагае выходзіць са складаных сітуацый. Узначальвае гэтую камісію старшыня Хоцімскага раённага Савета Яўген Нікалаенка. Пад яго асабістым шэфскім наглядам знаходзіцца адкрытае акцыянернае таварыства «Батаева». Сам дэпутат у мінулым супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Вока, як той казаў, напрактыкаванае. Адразу ж вызначае, дзе што не так. Тым больш калі справа датычыцца бяспекі на працоўных месцах.

— Калі пачыналася пасяўная, глядзеў, каб праводзіліся інструктажы па тэхніцы бяспекі, каб былі ў наяўнасці першасныя сродкі пажаратушэння, пытаўся ў работнікаў, ці могуць яны імі карыстацца, правяраў наяўнасць аптэчак і гэтак далей, — кажа Яўген Нікалаенка. — Але нашы дзеянні не абмяжоўваюцца гэтым. Зараз вось, напрыклад, рашаем праблему з сянажнымі ямамі. У гаспадарцы кожныя рукі на ўліку, капаць гэтыя ямы, па сутнасці, няма каму. Таму буду раіцца з калегамі па камісіі, каб сабраць зборную брыгаду з людзей, якія працуюць у іншых арганізацыях, і талакой дапамагчы гаспадарцы.

Больш за 3,5 тысячы парушэнняў

Па слядах трагедыі ў Кемераве ратавальнікі Магілёўскай вобласці праверылі ўжо 1564 аб'екты з масавым знаходжаннем людзей (з запланаваных амаль 1800). Выяўлена больш за 3,5 тысячы парушэнняў пажарнай бяспекі. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 48 службовых асоб. Часцей за ўсё парушальнікі не ўтрымлівалі ў належным стане шляхі эвакуацыі, не падтрымлівалі ў працоўным рэжыме сістэмы сігналізацыі і апавяшчэння людзей на пажарах, у іх адсутнічалі першасныя сродкі пажаратушэння, персанал не ведаў, як дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі.

— Што датычыцца дэпутацкага корпуса, то мы пастаянна просім народных абраннікаў дапамагаць нам у пытаннях прафілактыкі, — кажа афіцыйны прадстаўнік Магілёўскага абласнога УМНС Вадзім УРУБЛЕЎСКІ. — Бяспека — справа народная. Нягледзячы на тое, што за яе на кожным канкрэтным прадпрыемстве адказвае кіраўнік, звяртаемся да нашых дэпутатаў, каб яны пры наведванні прыватных дамоў, іншых аб'ектаў звярталі ўвагу на пячное ацяпленне, праводку, захламленасць дамоў, двароў, гарышчаў.

Спецыяльна займацца маніторынгам тэхнікі бяспекі на прадпрыемствах, у арганізацыях і іншых шматлюдных месцах дэпутаты не ўпаўнаважаныя. Але яны часта прымаюць удзел у семінарах, пасяджэннях, рабоце інфармацыйных груп, падчас якіх тэма бяспекі на працоўных месцах разглядаецца адным з пытанняў.

— Дэпутат не зможа купіць спецадзенне або нейкія сродкі першаснай абароны, але звярнуць увагу на іх адсутнасць можа і павінен, — лічыць старшыня Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір КНІГА. — Пры рабоце ў працоўных калектывах мы нагадваем і пра недапушчальнасць ужывання алкаголю на рабочым месцы, і пра выкананне правілаў бяспекі і службовых інструкцый, і пра наяўнасць інструктажаў. На ведамасных семінарах і тых, што праводзяцца пад эгідай прадстаўнікоў сельскай гаспадаркі, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, гэтаму ўдзяляецца шмат увагі. Але дэпутаты там часцей працуюць і як прадстаўнікі канкрэтных арганізацый. Сярод нас шмат кіраўнікоў, якія адказваюць за тэхніку бяспекі непасрэдна па сваіх службовых абавязках. Але своечасова папярэдзіць нешта і прадухіліць бяду — доўг любога грамадзяніна. Вось у нас нядаўна быў выпадак у раёне, калі загінуў работнік аднаго з прыватных прадпрыемстваў. Чалавек быў п'яны, але ніхто не звярнуў на гэта ўвагі. Звычайна пасля трагедыі знаходзяцца людзі, якія нешта бачылі, ведалі, але не думалі, што здарыцца дрэннае. Мы ўсе павінны быць сумленнымі.

Не хапае ведаў

— Для дэпутата вельмі важна, каб на працоўных месцах былі дысцыпліна і парадак, — згодная з калегамі старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў Анжаліка Гоман. — Аднойчы на базе нашай гаспадаркі «Краснапольскі» праходзіў семінар, дзе пытанне бяспекі на рабочым месцы было ў цэнтры ўвагі. Удзел у ім прымалі прадстаўнікі дзяржаўнай інспекцыі працы, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, ратавальнікі. Усе мы ведаем, што правілы накіраваны на тое, каб садзейнічаць захаванню жыцця, здароўя і працаздольнасці людзей на рабоце. Але, на жаль, хапае прыкладаў, калі яны ігнаруюцца, а гэта можа аднойчы прывесці да сумных наступстваў. Тое мерапрыемства прайшло з відавочнай карысцю. Было шмат пытанняў да спецыялістаў. Адчувалася, што многія ўдзельнікі папоўнілі прабелы ў ведах заканадаўства па ахове працы і пажарнай бяспецы. Ёсць у вобласці і канкрэтныя прыклады, калі дзякуючы неабыякавасці народных абраннікаў былі значна палепшаны ўмовы працы некаторых работнікаў. У пасёлку Глуша Бабруйскага раёна дэпутаты дабіліся, каб у мясцовай краме паставілі кандыцыянер, бо працаваць там у летнюю спякоту было немагчыма. А яшчэ дзякуючы дэпутацкім клопатам у сталовай пасялковай участковай бальніцы памянялі старыя пліты на новыя.

— Дэпутат — гэта чалавек, якому аказалі вялікі давер, а значыць, ён павінен быць прынцыповым ва ўсіх пытаннях, — лічыць старшыня Глушанскага сельскага Савета Марыя
СУШЧАНКА.
 — І мне імпануе, што сярод дэпутатаў нашага Савета шмат такіх людзей.

У тэму

Старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый ХАРЫТОНЧЫК:

— Шмат у каго з дэпутатаў пытанні бяспекі на працоўных месцах звязаны непасрэдна з іх прафесійнай дзейнасцю. Гэта кіраўнікі ўстаноў, арганізацый, прадпрыемстваў, гаспадарак. Клопат пра людзей заўсёды быў у дэпутатаў на першым месцы. Адзін з асноўных напрамкаў нашай работы — гэта калі мы адсочваем спраўнасць пячнога абсталявання, патрабуем ад кіраўнікоў сельскіх Саветаў праводзіць тлумачальную работу з насельніцтвам, кантраляваць абстаноўку разам з МНС. Многія нашы раёны запланавалі на найбліжэйшых сваіх сесіях разгледзець гэтыя пытанні і прыняць меры па прафілактыцы няшчасных выпадкаў. Калі людзі будуць дысцыплінаваныя ў адносінах да сябе, яны не будуць дапускаць парушэнняў і на рабочым месцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.