Вы тут

У Карэліцкім раёне прайшоў фестываль масак


Пусціцца ў скокі са страусам, рыбай і жабай, пагладзіць ільва, тыгра і слана, сфатаграфавацца з казой, пеўнем і буслом, паслухаць казку зайца, лісы і мядзведзя... Усё гэта і шмат іншага можна было зрабіць на першым фестывалі масак «Ярома і Яроміха запрашаюць», які ў выхадныя прайшоў у аграгарадку Ярэмічы.


Гаспадары свята — дзед-Ярома і баба-Яроміха, якія жывуць каля Нёмана і маюць вялікую гаспадарку. Разам з жывёламі са свайго падворку — сабакам, катом, кароўкай, страусам, свіннёй, пеўнем, казой ды куркай, — суседзямі з ракі: жабай, рыбай ды буслам, а таксама з гасцямі-лялькамі з суседняга Навагрудскага раёна героі прайшліся па аграгарадку. Па дарозе шэсце збірала ўсіх цікаўных. Сапраўды, не кожны дзень сустрэнеш на вуліцы вярблюда ды малпу.

У Гродзенскай вобласці тры калектывы, якія займаюцца лялькамі. Гэта Беларускі ігравы тэатр роставых лялек «Dolls4All» з Дзятлава, тэатр лялек «Шчарсунок» з аграгарадка Шчорсы Навагрудскага раёна і самабытны калектыў з Ярэміч — народнае аматарскае аб'яднанне «Закрытыя твары». Месцажыхарства апошняга і натхніла арганізатараў стварыць на ярэміцкай зямлі самабытны фестываль, які, як спадзяюцца, стане брэндавым святам мястэчка.

Ярома з Яроміхай расказалі ў тэатральнай лялечнай замалёўцы, як яны жывуць: карову дояць, птушак кормяць, рыбу вудзяць, з буслам сябруюць. А леў, тыгр ды слон паказалі сапраўднае цыркавое прадстаўленне. Юныя акцёры з тэатра «Шчарсунок» парадавалі гледачоў лялечнай казкай пра небараку-зайца ды вожыка-свавольніка, які ўсіх звяроў у лесе крыўдзіў, нават лісу з воўкам ды мядзведзем.

— Мы спадзяёмся, што фестываль стане пастаянным і да нас будуць далучацца іншыя калектывы. Ужо цяпер відаць, як зацікавіліся відовішчам не толькі дзеці, але і дарослыя. Тым больш што гледачу не толькі паказваюць прадстаўленне, а і ўцягваюць людзей у працэс, — расказала Іна САНЧУК, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта. — Спецыяльна да фестывалю мы прыдумалі новыя гульні і конкурсы. А пад герояў, якіх несупынна стварае кіраўнік калектыву «Закрытыя маскі» Марыя Пятроўна Крэнь, мы пастаянна пішам новыя сцэнарыі і замалёўкі. Вось нядаўна майстрыха зрабіла шыкоўную лісу, і рыжая хітруха ўжо бегае на свяце.

Сапраўды, прысутныя маглі не толькі паглядзець выступленні лялек і паслухаць нумары мясцовых эстрадных выканаўцаў са сцэны, але і пагутарыць ды пагарэзіць з казачнымі жывёламі, уцягнуцца ў масавую гульню і проста парадавацца, што такое яскравае мерапрыемства прайшло бадай што пад вокнамі роднай хаты.

— Мы прыехалі ў Ярэмічы на дзень нараджэння да зяця і былі прыемна здзіўлены такім святам. Прыйшлі з дзецьмі і ўнукамі, цудоўна правялі час. Усё арганізавана належным чынам. Нашы хлопчыкі вельмі задаволены. Ды і ўсе навокал танцуюць, спяваюць, — падзялілася ўражаннямі Наталля БІРУЛЯ, цяперашняя мінчанка, якая родам з суседняй вёскі Браносава.

— Я ў раённай газеце прачытала пра свята і вырашыла паглядзець, як гэта будзе. Весела, прыгожа, народ сабраўся, і прыезджых шмат. Часцей бы такое праводзілі, — пажадала Таццяна ТАНАНКА з суседняга аграгарадка Турэц.

— Тут весела і так прыгожа ўсё зроблена. Мне вельмі спадабаўся бусел, я таксама ў такім касцюме пабегаў бы, — далучыўся сын Таццяны Міша, які прыбег да мамы ўзяць грошай на конкурс і праз хвіліну знік, пабег весяліцца.

Не давалі сумаваць гледачам і супрацоўнікі Карэліцкага цэнтра культуры і народнай творчасці, якія стварылі на свяце перформанс. Дзяўчаты ў вобразах мімаў моўчкі дарылі дзецям і дарослым маскі з паперы і жэстамі прапаноўвалі рабіць з імі своеасаблівыя партрэты з рамкай. Ад ахвотных не было адбою. Дадайце да гэтага батут для дзетак, конкурсы, салодкія пачастункі — і зможаце яшчэ больш уявіць атмасферу, што панавала на свяце. Аднак, каб адчуць гэта цалкам, трэба пабачыць усё на ўласныя вочы. Наступным годам лялькі ізноў будуць чакаць сустрэчы.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: У гасцях у Яромы з Яроміхай

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.