Вы тут

Мір і лён. Чым жыве Карэліцкі раён


Безумоўна, галоўнае багацце і гонар раёна — гэта людзі, якія старанна, добрасумленна працуюць на карысць дзяржавы, сцвярджае старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзь Шатуеў. Але ёсць у нас яшчэ адно багацце — лён, вытворчасць якога складае аснову эканомікі раёна. Нездарма блакітныя кветкі намаляваны на гербе раёна.


Фота з архіва райвыканкама.

— Генадзь Мікалаевіч, спытайце ў любога беларуса, чым знакаміты Карэліцкі раён, і ён адразу ўспомніць пра Мірскі замак. Але ў раёне ёсць і свая прамысловасць, і развітая сельская гаспадарка. Дык чым на самай справе ганарыцца Карэліцкі раён?

— У першую чаргу — сваімі працаўнікамі. Напрыклад, сёлета сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна вырашчана ў першапачаткова апрыходаванай вазе 105 610 тон збожжа без уліку кукурузы. Мы ганарымся тым, што нашы хлебаробы ўнеслі дастойны і важкі ўклад у караваі вобласці і краіны. Амаль 7,5 працэнта атрыманага збожжа ў вобласці — гэта ўклад аграрыяў Карэліцкага раёна. Наш раён — адзін з чатырох раёнаў Гродзеншчыны, якія перасягнулі статысячную мяжу намалоту збожжа.

Калі казаць пра ўраджайнасць, мы таксама ўваходзім у чацвёрку лідараў Гродзеншчыны пасля Гродзенскага, Бераставіцкага і Мастоўскага раёнаў. Яна, дарэчы, у сельскагаспадарчых арганізацыях Карэліцкага раёна склала 60,3  ц/га. У СВК «Маяк-Заполле» ў 2023 годзе была дасягнута ўраджайнасць 93,1 ц/га, у КСУП «Племзавод «Карэлічы» — 100,6 ц/га.

44 экіпажы ў Карэліцкім раёне намалацілі звыш 1000 тон збожжа, 15 — звыш 2000 тон. Акрамя таго, 37 кіроўцаў перавезлі звыш 1000 тон збожжа, 13 — звыш 2000 тон. Адзін сушыльны комплекс перапрацаваў звыш 3000 тон збожжа, шэсць — звыш 4000 тон.

Сёлета атрыманы вельмі добры ўраджай рапсу. Адзначу, што мы павялічылі пасяўныя плошчы пад гэтую культуру на чатыры тысячы гектараў. Сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі намалочана 16 605 тон рапсу ў бункернай вазе, што складае 108,2 % да ўзроўню мінулага года. З гэтай задачай дастойна справіліся арганізацыі «Жухавічы» (60,3 ц/га), «Племзавод «Карэлічы» (68,7 ц/га), «Свіцязянка-2003» (60,7 ц/га).

Трэба адзначыць, што павялічылася вытворчасць амаль усіх відаў жывёлагадоўчай прадукцыі.

Так, вытворчасць малака за 8 месяцаў 2023 года — 62 061,4 тоны, або 108,4 % да ўзроўню 2022 года. Надоена на карову 4752 кг малака плюс 366 кг да ўзроўню мінулага года. Вытворчасць буйной рагатай жывёлы склала 4713,6 тоны, або 108,8 працэнта да ўзроўню 2022 года. Вытворчасць свіней у жывой вазе склала 7316,4 тоны, або 111,8 працэнта да ўзроўню 2022 года.

За студзень — жнівень 2023 года тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 106,5 працэнта. Сельгасарганізацыямі раёна выпушчана прадукцыі на суму 197,7 млн рублёў, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі на суму 112,4 млн рублёў і прадукцыі раслінаводства на суму 85,3 млн рублёў.

Дадам, што за студзень — жнівень 2023 года ў цэлым па раёне выпушчана прамысловай прадукцыі на суму 17,4 млн рублёў, або 113,3 працэнта да аналагічнага перыяду 2022 года. Дарэчы, цяпер у Карэлічах будуецца яшчэ адно прамысловае прадпрыемства, якое будзе выпускаць электрычнае абсталяванне. А гэта яшчэ 20 працоўных месцаў. Аб'ект будзе ўведзены ў эксплуатацыю ў 2024 годзе.

— А што датычыцца вашай галоўнай сельскагаспадарчай культуры і яе перапрацоўкі?

— ААТ «Карэлічы-Лён», добра вядомае ў краіне, з'яўляецца асноўным валаўтваральным прадпрыемствам. Яно вырабляе доўгае і кароткае льновалакно, алей і жмых, кастрабрыкеты. Мадэрнізацыя прадпрыемства дала магчымасць вырабляць якасную прадукцыю і ажыццяўляць яе адгрузку на экспарт.

Удзельная вага прадпрыемства ў агульным аб'ёме прамысловасці раёна за студзень — жнівень 2023 года складае 74,6 працэнта. Таварная прадукцыя ў асноўным прамысловым прадпрыемстве ААТ «Карэлічы-Лён» склала 13 млн рублёў, або 116,8 працэнта да ўзроўню 2022 года.

Выкананне дзяржаўнага заказу за студзень — жнівень 2023 года па доўгім валакне склала 140,1 працэнта, па кароткім — 128,7 працэнта. На экспарт пастаўлена 571 тона валакна на суму 872,2 тысячы долараў ЗША, у тым ліку кароткага валакна 511 тон і 60 тон доўгага валакна.

— Узровень якасці жыцця людзей напрамую залежыць ад стану сацыяльнай інфраструктуры. Як яна развіваецца ў Карэліцкім раёне?

— Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва забяспечвае Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца. Медыцынская дапамога арганізавана на базе дзвюх паліклінік і дзвюх бальніц. Першасную медыка-санітарную дапамогу ў раёне аказваюць 11 ФАПаў, пяць амбулаторый урача агульнай практыкі. Закуплены тры аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі. На тэрыторыі раёна дзейнічае Жухавіцкі дом інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

Сістэма адукацыі Карэліцкага раёна прадстаўлена 23 установамі адукацыі, сярод якіх дзевяць сярэдніх школ і два базавыя школы. У раёне налічваецца сем дзіцячых садоў, ёсць установа спецыяльнай адукацыі — Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна. Таксама працуюць такія ўстановы, як Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Сацыяльна-педагагічны цэнтр Карэліцкага раёна, Дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка».

Ёсць у нас і ўстанова сярэдняй спецыяльнай адукацыі — Мірскі дзяржаўны каледж, дзе, між іншым, вучацца дзеці амаль з усёй краіны. Таксама ў раёне функцыянуюць Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа, Карэліцкі раённы вучэбна-метадычны кабінет.

У цэлым забяспечваецца выкананне мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы «Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2021—2025 гады».

У дзевяці установах агульнай сярэдняй адукацыі на ІІІ ступені арганізавана вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні. Усяго профільным навучаннем ахоплена 74,4 працэнта навучэнцаў X і XІ класаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянавала пяць педагагічных груп, 1 клас і 2 групы аграрнай накіраванасці, дзе мэтанакіравана рыхтуюцца спецыялісты сельскай гаспадаркі. Бо сельгастэхніка і абсталяванне ўдасканальваюцца хуткімі тэмпамі. Прадоўжана супрацоўніцтва з Акадэміяй Міністэрства ўнутраных спраў у рамках работы з прававым класам.

У Карэліцкім раёне функцыянуе тры дзяржаўныя ўстановы культуры і дзве дзяржаўныя ўстановы адукацыі ў сферы культуры са статусам юрыдычнай асобы. Дзейнічаюць Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці (15 клубных устаноў), Карэліцкі раённы краязнаўчы музей, Карэліцкая раённая бібліятэка (13 бібліятэчных устаноў), дзіцячыя школы мастацтваў у Карэлічах і Міры.

14 калектываў у раёне маюць званне «народны». Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнай праявы творчасці чалавека мае Мірская батлейка.

Інфраструктуру раёна прадстаўляюць тры гасцініцы, восем аб'ектаў грамадскага харчавання, 13 суб'ектаў аграэкатурызму, тры музеі. 38 аб'ектаў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны: сем помнікаў археалогіі, 14 помнікаў архітэктуры, пяць помнікаў гісторыі, дзевяць помнікаў мастацтва і тры помнікі нематэрыяльнай спадчыны.

Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 145 гандлёвых аб'ектаў, з іх 51 размешчаны ў сельскай мясцовасці. Для жыхароў сельскіх населеных пунктаў, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, арганізавана работа аўтакрам.

— Як у раёне ідзе будаўніцтва новага жылля? Якія аб'екты з'явіліся ў райцэнтры і аграгарадках?

— За студзень — верасень 2023 года за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю 2547 кв. м агульнай плошчы жылых памяшканняў, або 94,3 працэнта да гадавога задання. На будаўніцтва жылля за мінулы перыяд накіравана 4 286 000 рублёў уласных сродкаў грамадзян і 296 тыс. рублёў крэдытных рэсурсаў.

У 2022 годзе ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі» на 2021—2025 гады пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю аўтамабільная дарога «Абход г. п. Мір». Працягласць дарогі — 4,57 кіламетра, фактычны кошт — 15,4 млн рублёў.

Дзякуючы гэтаму аб'екту для жыхароў г. п. Мір створана больш спрыяльнае асяроддзе для пражывання, палепшана экалагічная сітуацыя, паколькі транзітны транспарт будзе перанакіраваны на новы ўчастак аўтамабільнай дарогі.

— Візітная картка раёна — Мірскі замак. Што робіцца дзеля захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця турыстычнага патэнцыялу?

— Дзеля прыцягнення большай колькасці турыстаў у нас рэалізаваны шэраг маштабных міжнародных выставачных праектаў, такіх, напрыклад, як «Ultіma Ratіo Regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVІІ — пачатку XVІІІ стагоддзяў», «Ігнат Дамейка — Тытан навукі», прысвечаны 215-годдзю з дня нараджэння сусветна вядомага вучонага, выстава ваеннага касцюма з калекцыі Дзяржаўнага музея-запаведніка «Царскае Сяло» пад назвай «З імператарскага гардэроба», прысвечаная 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны.

Праводзяцца значныя культурныя праекты: «Летнія музычныя вечары ў Мірскім замку», «Вялікі тэатр Беларусі запрашае» сумесна з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета Рэспублікі Беларусь, канцэрты лаўрэатаў Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу класічнай музыкі «Музычны Мір», «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» і іншыя.

Адмысловае месца ў дзейнасці музея займае фарміраванне гістарычнай свядомасці і гісторыка-патрыятычнае выхаванне, захаванне і дэманстрацыя дакладных ведаў аб мінулым, заснаваных на нацыянальных і культурных рэдкасцях.

Штогод праводзяцца традыцыйныя культурныя мерапрыемствы для дзяцей — дзіцячыя калядныя балі, а для дарослых — Сусветны баль у першыя дні Новага года. А ўвогуле, у адносінах да Мірскага замка ў нас вялікія планы.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.