Вы тут

Мясцовыя ўлады сустрэліся з жыхарамі вёскі Дроздава


Больш як дзве з паловай гадзіны доўжылася сустрэча мясцовых уладаў і жыхароў вёскі Дроздава Мінскага раёна ў Доме культуры аграгарадка Лясны — людзей хвалявала далейшае развіццё жыццезабеспячэння і ўдасканаленне ўмоў быту ў гэтым населеным пункце.


Што ёсць і што будзе

Старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Жанна Варабей прапанавала ўсе пытанні разглядаць у комплексе, кантэксце перспектыў і змен, якія адбыліся на тэрыторыі сельсавета, Мінскага раёна і цэнтральнага рэгіёна ў цэлым, паколькі яны датычацца непасрэдна і жыхароў Дроздава. З гэтай мэтай Жанна Аляксандраўна запрасіла на абмеркаванне ўсіх зацікаўленых асоб, прадстаўнікоў раённай улады, дэпутатаў розных узроўняў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Яны расказалі аб планах на перспектыву, адказалі на пытанні.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Нацыянальнага сходу Беларусі Валянціна Курсевіч, якая балатавалася па Заслаўскай выбарчай акрузе № 77, пачынала дзейнасць менавіта ў Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы ў 1988 годзе. Тады насельніцтва прысталічнага рэгіёна складала 126 тысяч, сёння — звыш 220 тысяч чалавек. І штогод прырастае амаль на сем тысяч. Сёння за змену ўрачы прымаюць 1200 пацыентаў. Акрамя таго, на базе «дарослай» паліклінікі абслугоўваецца 13 тысяч дзяцей. І, вядома, наспела патрэба ў новай медыцынскай установе, у тым ліку і дзіцячай. У трэцім квартале ўвойдзе ў строй новы тэрапеўтычны корпус Мінскай раённай цэнтральнай бальніцы з рэанімацыйным, педыятрычным, кардыялагічным, інсультным аддзяленнямі.

Галоўны ўрач Мінскай абласной клінічнай бальніцы, дэпутат Мінскага абласнога Савета Андрэй Каролька канстатаваў, што ў цэнтральным рэгіёне працуюць над стварэннем буйных раённых медыцынскіх спецыялізаваных цэнтраў. Адзін з іх з'явіцца на базе раённай бальніцы і пачне прымаць жыхароў раёнаў, якія прылягаюць да Мінскага. Гэтыя ўстановы будуць аснашчаны сучасным абсталяваннем, цалкам укамплектаваны медыцынскімі кадрамі.

У студзені 2018 года на сесіі абласнога Савета дэпутатаў зацверджана інвестыцыйная праграма будаўніцтва ў Мінскай вобласці. З 60 запланаваных аб'ектаў 11 прадугледжаны на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета. У тым ліку будаўніцтва кансультатыўнай паліклінікі з кардыялогіяй, дыспансерам пры абласной бальніцы, а таксама паліклінічнага корпуса на 800 наведванняў у змену пры Мінскай раённай бальніцы.

Гэтай жа праграмай мяркуецца перавесці Цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя з Бараўлян у вёску Баравая. А на яго месцы плануецца адкрыць дзіцячую паліклініку.

За апошнія тры гады на тэрыторыі сельсавета былі пабудаваны тры дзіцячыя садкі. Першага верасня адкрыецца новая сярэдняя школа ў вёсцы Ляскоўка на 720 месцаў. У недалёкай перспектыве — будаўніцтва дзіцячага садка на 240 і сярэдняй школы на 1020 месцаў у вёсцы Бараўляны.

Ажыўленне ў зале

Яно пачалося, калі перайшлі да абмеркавання пытанняў, якія датычыліся непасрэдна развіцця Дроздава. А жыхароў хвалявала многае: удасканаленне транспартных зносін, медыцынскага абслугоўвання, падвоз дзяцей у школы, экалагічная сітуацыя, уладкаванне тратуараў і дарог.

Намеснік дырэктара — начальнік Дзяржаўнага ўпраўлення «Сталічны транспарт і сувязь» Андрэй Іларыёнаў канстатаваў, што перавозкі па гэтым населеным пункце ажыццяўляюцца гарадскім транспартам. У вёску ходзіць аўтобус № 146 і маршрутнае таксі № 1146. Колькасць рэйсаў значна перавышае ўстаноўленыя Саветам Міністраў нарматывы. У той жа час прапановы па карэкціроўцы часу адпраўлення пасажырскага транспарту і схемы руху па самой вёсцы яны гатовы разгледзець. Але для гэтага неабходна прывесці ў адпаведнасць з нарматывамі дарожную сетку, абсталяваць прыпынкі для бяспекі руху. Толькі ў гэтым выпадку маршрут будзе закальцаваны па некалькіх вуліцах Дроздава. Сітуацыю вывучала спецыяльная камісія, якая рэзюмавала, што тэхнічныя магчымасці дазваляюць гэта зрабіць пры захаванні ўсіх правілаў бяспекі. «Пасля паўторнага абследавання, думаю, пытанне будзе вырашана станоўча, — дадала Жанна Варабей. — Але гэта праблема не аднаго дня. Будзем працаваць над яе рэалізацыяй».

Цікавіла прысутных і тое, ці будуць наладжаны транспартныя зносіны паміж Дроздавам і Бараўлянамі. Некаторыя прапаноўвалі пусціць маршрутку з Мінска да Бараўлян з заходам у Дроздава і назад.

Выйсце ёсць

— Усе прапановы мы прымем да ўвагі. Але, зразумела, імгненнага рашэння не будзе. Неабходна прааналізаваць, наколькі гэты маршрут будзе запатрабаваны і самаакупны, — зазначыла Жанна Аляксандраўна. Яна таксама дадала, што ў Мінскім райвыканкаме створана камісія па інвентарызацыі дарожнай сеткі раёна, складзены графік работ і па тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета. Гэтая камісія будзе выяўляць безгаспадарчыя дарогі ў населеных пунктах з мэтай перадачы іх на баланс пэўнай абслугоўвальнай арганізацыі. Паводле спісаў у Дроздаве налічваецца 25 «нічыйных вуліц», пабудаваных гаспадарчым спосабам.

— У Мінскім раёне няма свайго аўтобуснага парка, — нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Мякіннік. — Мы працуем з гарадскім ДУ «Сталічны транспарт і сувязь. У найбліжэйшы час плануецца сустрэча старшыні райвыканкама і дырэктара гэтага прадпрыемства, дзе будуць абмяркоўвацца ўсе пытанні.

Яшчэ адзін выхад з сітуацыі параіў Андрэй Іларыёнаў. «Некалькі месяцаў таму створана аналагічная нашай арганізацыя ў Мінскай вобласці, якая ладзіць рэйсы з раённых цэнтраў у Бараўляны. Мне ўжо прыносілі на ўзгадненне маршрут Валожын — Мінск — Бараўляны, — сказаў ён. — Мы таксама не выключаем падобнае рашэнне па Дроздаве».

На шмат якія пытанні аўдыторыі адказала начальнік сектара агульнай адукацыі аддзела адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама Наталля Міхадзюк. Наталля Аляксандраўна абвергла інфармацыю аб тым, што большасць дзяцей з Дроздава вучацца ў Бараўлянах:

— Па стане на 1 студзеня 2018 года ў Дроздаве пражываюць 92 дзіцяці, якія атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю. Пераважная колькасць іх — 58 — наведваюць сталічныя школы і гімназіі розных форм уласнасці. Па дамоўленасці з установамі адукацыі Першамайскага і Савецкага раёнаў вашы дзеці могуць вучыцца там. У той жа час яны могуць набываць веды і ў навучальных установах Бараўлян, за якімі замацаваны населены пункт.

Намеснік галоўнага ўрача Мінскай цэнтральнай раённай бальніцы Анатоль Сядых закрануў тэму медыцынскай дапамогі. Для таго каб адкрыць у Дроздаве фельчарска-акушэрскі пункт, як таго хочуць жыхары, неабходна памяшканне дзесьці на 50 квадратных метраў. Аднак такога ў вёсцы няма. Цяпер жыхары замацаваны за медыцынскай установай пасёлка Бальшавік, што за пяць кіламетраў ад іх. Сёння камітэт па ахове здароўя Мінгарвыканкама вядзе перагаворы з галоўным упраўленнем аховы здароўя Мінаблвыканкама аб выдзяленні памяшкання на базе 30-й Мінскай паліклінікі для абслугоўвання жыхароў пасёлка Сонечны і вёскі Дроздава.

Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы прапанавалі і сваю кандыдатуру старасты — Ігара Забароўскага. Старшыня сельвыканкама адзначыла, што дадаткова трэба яшчэ выбраць упаўнаважаных па вуліцах. На працягу месяца неабходна прапанаваць кандыдатуры, затым правесці асобны сход для выбару старасты.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Выслухалі, пачулі. Будзем рэагаваць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.