Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Зуб за зуб...

А на дабро — дабром

Да слова «дэфіцыт» сучаснае пакаленне, можна сказаць, глухое, бо цяпер у дэфіцыце хіба што грошы. Калі яны ў чалавека ёсць, значыць, «жыццё ўдалося»: купляй што хочаш, і тавар табе (калі верыць рэкламе) мала што прывязуць (хутка і бясплатна), дык яшчэ і падарунак пакінуць... Карацей, усё як у адной радзільні: маўляў, калі вы тут народзіце двойню, то трэцяе немаўлятка вам дадуць задарма.

А некалі ж дэфіцыт быў амаль на ўсё, у тым ліку — на лекі. Таццяна, мая знаёмая, на ўласнай скуры гэта адчула.

Значыць, забалелі ёй неяк зубы, пайшла на прыём да доктара. Той уважліва ўсё агледзеў і прызнаў, што «чацвёрку» з «пяцёркай» трэба выдаляць, прычым тэрмінова.

Трэба — значыць трэба: доктар зрабіў адпаведны ўкол ды выправіў пацыентку ў калідор — чакаць, пакуль дзясна «замарозіцца».

Таццяна паслухмяна сядзіць — і дзесяць хвілін, і пятнаццаць — побач з такімі ж гаротнікамі... Толку ад уколу ніякага, а медсястра тым часам ужо ў кабінет заве.

— Можа, мне яшчэ крыху пачакаць? — просіцца пацыентка.

— Чаго? З мора пагоды? — пытае памочніца эскулапа. — Гэта вы ўжо дома будзеце.

І вось жанчына ў крэсле. Стаматолаг стукае малаточкам па абранай «пяцёрцы», пытае:

— Адчуваеце?.. Вам баліць?

— Угу, — ківае ў адказ кабета.

— Нічога, зараз вырвем і пройдзе, — супакойвае лекар.

Падчапіў ён зуб — у Тані аж іскры з вачэй! Пацягнуў... І жанчына следам.

— Ды сядзіце ж вы! — загадваюць ёй, — трымайцеся за што-небудзь.

«Пад правай рукой, — Таццяна расказвала, — я адразу ж падлакотнік знайшла. І злева хацела, а там — порткі доктара, яго ногі... А боль... Тады я за іх! Ён — за зуб і... Усё, хвала Госпаду!.. «Жывадзёры, — кажу замест дзякуй, выціраючы слёзы. — Застрэліць мала».

— У вас няма з чаго, — пасміхаецца доктар.

— Затое ёсць чым! — прамовіла ў адказ Таццяна.

...А працавала яна, трэба сказаць, у краме «Паляўнічы і рыбалоў» — стрэльбамі не гандлявала, але ж патроны ў продажы амаль заўсёды былі.

— І вось недзе праз тыдзень пасля гэтай «экзекуцыі», — расказвала жанчына, — стаю я за прылаўкам, нешта кажу чарговаму пакупніку і адчуваю чыйсьці ўпарты позірк. Падымаю вочы, — той стаматолаг! Я ад здзіўлення аж рот адкрыла... І ён, відаць, не чакаў мяне ўбачыць. Але ж пазнаў і, не паверыце, уцёк на ўсякі выпадак!..

Я да яго сама праз тыдзень прыйшла — трэба ж яшчэ адзін зуб выдаляць. Села ў знаёмае крэсла, чую: «Падрыхтуйце патрэбную дозу», — загадвае доктар той самай медсястры і называе нейкія лекі. «Але іх зусім мала», — амаль шэптам заўважае памочніца. «Рабіце, што кажу», — можа, успомніўшы, што ў мяне патроны ёсць, а мо і нешта іншае, настойвае стаматолаг і... Праз некалькі хвілін пасля ўколу я ўжо адчуваю эфект прэпаратаў (папярэднім разам іх, відаць, разбаўлялі ці проста эканомілі), потым, яшчэ крыху пачакаўшы, доктар «чапляе» мой зуб і выдаляе яго амаль без болю!

Вось так, — заключыла Таццяна, — у мяне з'віўся знаёмы лекар, а ў яго (дарэчы, заўзятага паляўнічага) — блат у нашай краме.

Што зробіш, на гэтым — ты мне, я табе — тады шмат што трымалася. Як цяпер — на грашах.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы


Коласаў «пачастунак»

Сярод маіх аднакурснікаў па БДУ, а дакладней па беларуска-рускім аддзяленні філфака, значыўся сын таго самага «Юзіка-шаляніцы» з коласаўскай «Новай зямлі», Віктар Міцкевіч. Але ж ён гэтым сваяцтвам зусім не выхваляўся. Сціплы быў хлопец, даступны, адкрыты, з гумарам. Сядзіць, бывала, на лекцыі, канспект вядзе і ў той жа час нешта ў нататнік заносіць. «Вершы?» — пытаюся. — «Ну, — усміхаецца, — працяг «Новай зямлі».

Карацей, не без здольнасцяў быў і вучыўся добра: залікі, экзамены — усё здаваў паспяхова. Але ж аднойчы і ад яго фартуна адвярнулася: атрымаў пасрэдную адзнаку, на цэлы семестр застаўся без стыпендыі. І добра б з дому нешта перападала, а то...

Марнее, бачым, хлапец, перабіваецца з хлеба на ваду. Гледзячы на гэта, нехта з нашых сказаў: «Слухай, браце, а чаму б табе да дзядзькі не схадзіць, да Якуба Коласа. Ён жа, відаць, чалавек грашавіты. І не чужы табе». — «Сумленне не дазваляе, — прызнаўся Віктар. — Сорамна перад дзядзькам».

Але ж і голад яму не цёткаю быў: прымусіў ён хлопца пайсці на паклон.

Мы ў інтэрнаце засталіся чакаць, з чым жа вернецца.

Бачым, і гадзіна прайшла, і дзве... Урэшце Віктар з'яўляецца. Мы да яго: «Ну як?». А той толькі рукой махнуў: лепш, маўляў, не пытайцеся: уляцела — ого-го! Лайдаком мяне абазваў, расказаў, як самому было, як у людзі выходзіў. Але і адпусціўся... Накарміў — ад пуза, дзвесце рублёў мне даў, ладны кавалак сала, сказаў, каб вучыўся і... заходзіў яшчэ.

Пачуўшы гэта, мы ад душы пасмяяліся, а потым, мусіць, кожны падумаў, што неяк іначай наш Колас паступіць і не мог.

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск


Маўчы... За разумнага сыдзеш

...Не, яно нездарма людзі кажуць: хто не быў малады, той не быў дурны. І дур гэты ў кожнага свой. Я, напрыклад, нічога дрэннага ніколі не рабіла. Нават па садах не лазіла — у адрозненне ад іншых дзяцей... Хіба што прастадушнай была, залішне даверлівай. З гадамі, праўда, паразумнела, але ж не настолькі, як хацелася б, бо па цяперашнім часе разумным лічыцца той, хто хітры, а шчыры — дык ужо і прыдуркаваты, яму жывецца цяжэй. Зрэшты, мяркуйце самі.

Скончыла я, значыць, школу, атрымала прафесію — на свой хлеб пайшла. Ды што там — да старшага бухгалтара даслужылася.

(Тут анекдот дарэчы. Маленькі Ізя неяк пытаецца: «Дзядуля, а Карл Маркс быў кім?» — «Эканамістам, унучак». — «Як наша цёця Песя?» — «Не, ну што ты... Наша цёця Песя — старшы эканаміст!»)

Вось і я была ўжо старшым.

А сэнс нашай працы ў чым? Думаеце, зрабіць улік усіх вытворчых працэсаў? Ці падвесці вынікі? Не: у верхнія інстанцыі справаздачу здаць. І паказаць у ёй баланс не столькі паміж прыходам і расходам, колькі тым, што ёсць (рэальна, на самай справе), і тым, што патрабуе начальства. Вызавуць яго ў раён, спусцяць нейкую «дырэктыву», — працэс пасля яе пайшоў ці не пайшоў, а вынік бухгалтэрыя дай. І не абы які, а з выкананнем, перавыкананнем і нават апераджальнымі тэмпамі...

У раёне ад нас іх чакаў найперш Сазонавіч. Сам па сабе спецыяліст ён моцны, але ж кіраваць яму найцяжэй было, бо сярод бухгалтараў, як вядома, адны жанчыны. Значыць, голас на іх не павысь, мацюка не загні, словаў «каза» і «аўца» тады не было. Атрымліваецца, што Сазонавіч усяго і мог, што стукнуць кулаком па стале, аддаць справаздачу «ўзад» на дапрацоўку ды (калі ўжо зусім не даходзіць) дурніцамі абазваць.

І тое, і другое, і трэцяе страшней за вайну было (для тых, хто яе не бачыў)... А таму, — падумала я, — трэба неяк ад начальства падалей.

Гэта называецца — чалавек мяркуе.

А начальніца мая, галоўная бухгалтарка, неяк пытаецца:

— У горад хочаш?..

—?! (Ну яшчэ б...)

— ...Тады справаздачу завязеш. Здасі Сазонавічу.

— ?!

— Не бойся, ён дзевак любіць: на цябе крычаць не павінен.

«А калі і пакрычыць, — у дарозе ўжо думаю я, — то неяк сцярплю... Затое потым па крамах пабегаю — у кожныя дзверы. Можа, дзе на імпарт нарвуся».

У прадчуванні гэтага іду ў кабінет. Самога, бачу, у крэсле няма.

— І сёння ўжо не будзе, — кажа нейкая сумная цётка.

(Сазонавіч — я ўжо ведала — на прыём справаздач бухгалтарак запрашаў з найбліжэйшых гаспадарак).

— А як жа мае паперы? — пытаюся ў жанчыны, прымаючы яе за калегу.

— Можаце мне аддаць.

— Праўда?! — не паверыла шчасцю я. — Вось гэта лафа!.. А мне казалі, што Сазонавіч кроў па кропельцы вып'е, пакуль справаздачу прыме, што яму сам чорт не дагодзіць і раптам... Дзякуй вам!

Цётка ў адказ чамусьці маўчала — нават вачэй не ўзняла.

Ну дык я і ходу — з думкай, што і ў крамах пашчасціць...

Выйшла на Ленін-авеню (гэта цэнтральная вуліца, раней Старабыхаўскай звалі) — зазірнула ва ўсе дзверы там. На дэфіцыт, на жаль, не нарвалася — без пакупак паехала дамоў, пабегла ж у кантору і давай хваліцца там сваёю ўдачай ды шчырай размовай з цёткай.

— Яна ў хустачцы была? Стол ад начальніка справа? — удакладнілі канторскія.

— У хустачцы... Справа...

— Дык хто ж цябе за язык цягнуў? Дурніца! — засмяяліся каляжанкі. — Гэта ж ягоная жонка!

Я знячэўку і села!

...Дзіва ці не, але пасля гэтага ніякіх рэпрэсій не было. Можа, «падзяку» маю цётка тая міма вушэй прапусціла, можа, пакінула сабе — мужу не данесла.

А ён (гэта я з часам убачыла) — зусім і не монстр быў: «людзей не еў», мог нават пажартаваць...

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уменне ўвасабляць ідэі ў дзеянні можа падрыхтаваць да дарослага жыцця

Як уменне ўвасабляць ідэі ў дзеянні можа падрыхтаваць да дарослага жыцця

Вывучэнне прадпрымальніцтва ў школе — выдатная прафарыентацыя.

Калейдаскоп

Дзіяна Громава: Мае слухачы растуць разам са мной

Дзіяна Громава: Мае слухачы растуць разам са мной

Упершыню дзяўчына выйшла на сцэну ў пяцігадовым узросце. 

Грамадства

Як выратаваць прадукты ад выкідвання на сметніцу

Як выратаваць прадукты ад выкідвання на сметніцу

​Па статыстыцы, беларусы выкідаюць 30 працэнтаў ежы, якую купляюць. 

Спорт

Сёння стартуе адзін з найстарэйшых турніраў Еўропы

Сёння стартуе адзін з найстарэйшых турніраў Еўропы

111-ы чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні пачынаецца на «Мінск-Арэне» жаночымі выступленнямі адзіночак.