Вы тут

У тэатр не гуляем!


Вялікая прыступка для маленькіх артыстаў.

Дзіцячая музычная тэатр-студыя (ДМТС) пры Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета — з'ява ўнікальная: не кожная тэатральная пляцоўка можа пахваліцца наяўнасцю юных артыстаў. Дэбют студыі адбыўся ў сакавіку 1990 года, калі прайшоў вялікі адкрыты канцэрт у суправаджэнні сімфанічнага аркестра тэатра. А ў канцы таго ж года на суд гледачоў была прадстаўлена першая прэм'ера — мюзікл кампазітара А. Будзько «Пітэр Пэн». Гэтая работа зацвердзіла ДМТС як непасрэднага і паўнапраўнага ўдзельніка опернага дзейства.


Дзіцячы музычны тэатр-студыя — частка вялікага тэатральнага механізма. Юныя артысты ўдзельнічаюць у спектаклях, дзе па задуме рэжысёра-пастаноўшчыка, балетмайстра або самога кампазітара патрабуецца ўдзел дзіцячага хору, мімансу або танцавальнай групы. Заняткі праходзяць, як правіла, тры-чатыры разы на тыдзень, рэпетыцыі цесна звязаны з графікам салістаў і афішай Вялікага. Адзін раз у год, у пачатку тэатральнага сезона, адміністрацыя прызначае дзень, у які ўсе ахвотныя дзеці могуць паспрабаваць патрапіць у ДМТС. Абавязковыя патрабаванні для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія хочуць звязаць сябе з нялёгкім рамяством акцёра музычнага тэатра, — гэта наяўнасць пачатковай музычнай адукацыі, артыстычнасць, пластычнасць, узрост — 7-8 гадоў.

— Студыя дапамагае дзецям раскрыцца ў першую чаргу як асобам, а потым ужо як артыстам. Тут даюць не толькі навыкі харавых спеваў і акцёрскага майстэрства, прывіваюць любоў да опернага мастацтва, але і вучаць уменню кантактаваць з равеснікамі. Я, напрыклад, была вельмі замкнутым дзіцем, але сябры, якіх набыла тут, дапамаглі мне адчуць сябе сваёй у вялікай кампаніі, — кажа Кацярына Ігнаценка, вучаніца 10 класа сталічнай гімназіі № 8.

На рахунку студыі мноства оперных спектакляў: «Чароўная флейта» Моцарта, «Кармэн» Бізэ, «Князь Ігар» Барадзіна, «Сельскі гонар» Масканьі, «Яўген Анегін», «Пікавая дама» Чайкоўскага — гэта толькі пачатак доўгага спіса дасягненняў юнай каманды. Але не толькі ў оперным дзействе ўдзельнічаюць маленькія артысты — у балетных пастаноўках «Шчаўкунок», «Эсмеральда», «Карміна Бурана» таксама задзейнічаны дзіцячы хор. Да таго ж тэатр-студыя — часты госць канцэртных праграм: дзіцячы хор пад акампанемент аркестра Вялікага тэатра выконвае розныя сусветныя творы не толькі разам са знакамітымі салістамі оперы, але і ў адзіночку. Удзельнікі студыі сваімі юнымі, але не пазбаўленымі прыгажосці галасамі літаральна «прабіваюць» велізарную залу.

Алена Сакалоўская, хормайстар студыі, Таццяна Панасюк, яе канцэртмайстар, а таксама Наталля Бараноўская і Наталля Кузьмянкова, рэжысёры тэатра оперы і балета, і салістка Вялікага Таццяна Гаўрылава — выхадцы з дзіцячай музычнай тэатр-студыі. Многія з выпускнікоў звязалі сваё жыццё з выканальніцкім мастацтвам: Іван Вабішчэвіч (больш вядомы як Дзядзька Ваня), Глеб Матвяйчук, знакамітая піяністка Марына Рамейка, якая цяпер жыве ў Германіі і дае мноства канцэртаў па ўсім свеце, джазавая вакалістка Наталля Макарава (Санкт-Пецярбург), кінаактрыса Ксенія Малахвейчук... Іх імёны на слыху, аднак мала хто ведае, што ўсе яны пачыналі свой творчы шлях з дзіцячай студыі беларускага опернага тэатра. Былыя артысты ДМТС навучаюцца не толькі ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, але і ў Маскоўскай кансерваторыі, ды іншых замежных навучальных установах.

— Хоць нашы дзеці і ўдзельнічаюць у «дарослых» спектаклях, не выключана магчымасць пастаноўкі, дзе акцёрскі склад — толькі акцёры ДМТС, — гаворыць кіраўнік студыі з 1992 года Алена Няронская. — Усё залежыць ад рашэння мастацкага кіраўніцтва тэатра. І такія спектаклі былі: «Кот у ботах», «Пітэр Пэн»...

ДМТС можна без перабольшвання назваць першай сур'ёзнай прыступкай у жыцці для яе ўдзельнікаў. «Студыйцы — таксама артысты, толькі маленькія. Мы не гуляем у тэатр!» — не стамляецца паўтараць Алена Няронская, назіраючы за поспехамі сваіх выхаванцаў.

Настасся СУРЫНАВА, вучаніца 10 класа гімназіі № 8 г. Мінска

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Вучоба можа быць у радасць, калі размаўляць з вучнем на адной мове

Уявіце сабе сітуацыю: вучань зрабіў у дыктоўцы 20 памылак... 

Калейдаскоп

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

«Везла сумкі, як падняць, — Сустракаў з вагона зяць...»

Самае вялікае дасягненне «Звязды» — гэта яе чытачы.

Эканоміка

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Горадабудаўнічы пашпарт распрацуюць з улікам магчымых аб'ектаў будаўніцтва

Пра гэта гаворыцца ў новай рэдакцыі палажэння аб парадку падрыхтоўкі і выдачы дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва аб'ектаў, зацверджанаг

Грамадства

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

Свята каравая прайшло на Гродзеншчыне

На фестывалі згадалі і даўнюю традыцыю — услаўляць завяршэнне земляробчага года абрадамі ў гонар Багача.