Вы тут

У раёнах адыходзяць ад практыкі закупу малака ў насельніцтва


Здымак носіць ілюстрацыйны характар.

Дакладна па графіку

Усіх малаказдатчыкаў Камянецкага раёна ўжо некалькі гадоў абслугоўвае прыватнае прадпрыемства «БУШсэрвіс». А цяпер у зону абслугоўвання названага прадпрымальніка ўвайшло яшчэ некалькі сельсаветаў Брэсцкага і Жабінкаўскага раёна. Калектыў «БУШсэрвіс» налічвае зараз 13 чалавек.

Яго дырэктар Анатоль ШВЕЙКУС раней працаваў у штаце высокаўскага завода «Белавежскія сыры», па родзе работы — з малаказдатчыкамі. А потым не без падачы кіраўніцтва рашыў заняцца справай прафесійна. Так нарадзілася прыватнае прадпрыемства. Правільней сказаць, ідэя, якая атрымала матэрыяльнае ўвасабленне пасля пакупкі спецыялізаваных аўтамабіляў і найму кіроўцаў. Быў час, калі тут працавалі 12 шафёраў. Потым прайшла аптымізацыя, усе затраты старанна падлічылі, графікі скарэктавалі. Да таго ж тэхніка абнаўляецца, новыя машыны сталі больш эфектыўнымі.

— Зараз у нас працуе восем кіроўцаў, — расказвае Анатоль Швейкус. — Штодня на лінію выходзіць шэсць машын, двое шафёраў на выхадных. Нарыхтоўшчыкі збіраюць малако ў 144 вёсках. Значыць, у сярэднім на аднаго кіроўцу прыходзіцца 24 населеныя пункты, куды трэба заехаць, забраць малако ў гаспадароў, потым завезці ў нашу лабараторыю, пасля гэтага даставіць на завод.

Машыны «БУШсэрвіса» працуюць, нібы маршрутнае таксі, строга па графіку.

— Пяць хвілін прамаруджвання лічыцца ў нас недапушчальным, асабліва на першым маршруце. Час другога і трэцяга выездаў кіроўцы можа быць скарэктаваны лабараторыяй альбо непасрэдна заводам, што залежыць не ад нас. Тады малаказборшчык выбіваецца з графіка, але людзі папярэджаныя, яны ведаюць, што трэба трохі пачакаць. У любым выпадку 460 малаказдатчыкаў з трох раёнаў абслугоўваем кожны дзень.

У свой час Анатоль Швейкус ездзіў вучыцца ў Еўропу. І работу ўласнага прадпрыемства імкнуўся выбудаваць дакладна і рацыянальна. На жаль, гаварыць пра стапрацэнтную скрупулёзнасць і сумленнасць сельскіх гаспадароў пакуль не даводзіцца, таму кантроль якасці малака становіцца адным з асноўных этапаў работы. У прадпрыемства ёсць тры свае лабараторыі: у Высокім, Чэрнях і Відамлі. Спачатку кіроўцы дастаўляюць малако ў найбліжэйшую лабараторыю, дзе спецыяліст робіць аналіз. Калі якасць выклікае нараканні, сыравіна вяртаецца гаспадарам. Добрае малако дастаўляецца на завод, дзе яго правярае заводская лабараторыя.

Дарэчы, цяпер «БУШсэрвіс» вязе прадукт не толькі ў Высокае на «Белавежскія сыры», але і ў Брэст на «Савушкін прадукт». Бывалі, на жаль, выпадкі, калі цэлы малакавоз заварочвае заводская лабараторыя. «На заводах стаіць абсталяванне па праверцы на антыбіётыкі коштам у 50—60 тысяч еўра, — тлумачыць Анатоль Швейкус. — У нас прыборы куды больш сціплыя. Ну і «праскокваюць» асобныя віды антыбіётыкаў. А такое малако вытворцам не патрэбнае. Вось і вяртаюць». Для нарыхтоўшчыкаў гэта абарочваецца зрывам графіка і фінансавымі стратамі.

Што яшчэ адзначае Анатоль Міхайлавіч як станоўчы момант сваёй работы — гэта супрацоўніцтва з сельскімі Саветамі. Паводле яго слоў, без мясцовай улады арганізаваць працэс было б наогул немагчыма. Жыццё ёсць жыццё. І ледзь не штодзень узнікаюць калі не канфліктныя, дык спрэчныя сітуацыі, якія дапамагаюць разрульваць менавіта старшыні сельвыканкамаў.

— Калі выяўляецца наша недапрацоўка, мы стараемся выправіць памылку адразу ж. А калі чалавек прывык разбаўляць малако вадой, а потым скардзіцца, што яго сыравіну няправільна ўлічваюць, тут трэба яму ўказаць на недапушчальнасць паводзінаў, — расказвае дырэктар прыватнага прадпрыемства. — Так што супрацоўніцтва з мясцовай уладай нам неабходна.

Эксперымент атрымаўся

У Маларыцкім раёне традыцыйна зборам малака займаюцца сельгаспрадпрыемствы. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег ЯКУБЧЫК адзначае, што не заўсёды справа ідзе гладка. Узнікае шмат пытанняў у насельніцтва, заводы нямала сыравіны вяртаюць па прычыне недастаткова высокай якасці. Такім чынам страты церпяць і сельгаспрадпрыемствы, і малаказдатчыкі. Таму сёлета ў якасці эксперымента рашылі запрасіць у адзін з сельсаветаў малаказборшчыка з суседняга Кобрынскага раёна. Кобрынскае прадпрыемства па зборы малака «Івалга» цяпер забірае яго ад насельніцтва ў Чарнянах, якія размешчаны на мяжы двух раёнаў.

Старшыня Чарнянскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр ПЯТРУЧЫК гаворыць:

— Хоць прайшоў усяго месяц, можна смела сцвярджаць, што эксперымент удаўся. Раней былі бясконцыя скаргі вясковых жыхароў, што прадпрыемства «Савушкін прадукт» вяртае малако, прад'яўляючы неабгрунтаваныя прэтэнзіі. І як тут разабрацца мясцовай уладзе, ці сапраўды ёсць праблемы з якасцю або падыход спецыялістаў занадта строгі? А цяпер, калі малако з нашай вёскі вязуць на Кобрынскі малочны завод, за месяц не было ніводнага выпадку, каб прадукцыю вярнулі. І людзі адрэагавалі вельмі хутка. Напрыклад, адзін гаспадар, які збіраўся прадаць карову, перадумаў гэта рабіць, а іншы нават купіў сабе другую. Бо, жывучы ў вёсцы, малако здаваць выгадна, гэта жывая капейка ў сямейны бюджэт.

Дарэчы, прадпрыемства «Івалга» — гэта былы КУП. Такія амаль два дзясяткі гадоў таму арганізоўвалі ледзь не пры кожным сельвыканкаме. Потым яны па прычыне нерэнтабельнасці адзін за другім спынялі сваё існаванне. А ў Кобрыне адзін КУП выжыў, яго своечасова пераўтварылі ў прадпрыемства па зборы малака. Дырэктар Сяргей КРЫШТАЛЮК расказаў, што ў сваім раёне яны аб'язджаюць за дзень прыкладна 40 населеных пунктаў. Цяпер вось узялі пад крыло і маларыцкія Чарняны. «Івалга» не мае свайго аўтатранспарту, затое мае 13 падвод, на якіх штатныя малаказборшчыкі аб'язджаюць гаспадароў і збіраюць сыравіну кожную раніцу. На цэнтральных сядзібах гаспадарак ёсць халадзільныя ўстаноўкі для ахалоджвання прадукцыі, таксама ёсць лабаранты.

Скажам, у Чарнянах у восем раніцы малако сабралі, прывезлі ў цэнтр, спецыяліст праверыў якасць, за гадзіну малако астыла, а ў дзевяць прыязджае малакавоз. Усе машыны, якія адвозяць прадукцыю на Кобрынскі завод, заводскія. Іх маршрут адладжаны па часе.

«Івалга» прапаноўвала забіраць лішкі малака і ў суседніх Дарапеевічах, але людзі аказаліся не гатовыя здаваць. Там два гады малако не збіралі, таму гаспадары прызвычаіліся прадаваць яго суседзям, дачнікам, адвозіць у горад ці рэалізоўваць нейкім іншым чынам. Тут патрэбны час, каб зноў знайшліся ахвотныя здаваць лішкі прадукцыі, як раней.

Яшчэ адну важную дэталь адзначыў Сяргей Крышталюк. Паводле яго ацэнкі, усе малаказдатчыкі ў Чарнянах надзвычай адказныя і сумленныя гаспадары, таму і не было ніводнага вяртання прадукцыі з завода. «І нам добра, і ім выгадна, — расказвае Сяргей Уладзіміравіч. — А то ў нас нядаўна ў адной з вёсак знайшоўся аматар падліць вады, мы яго так і не вылічылі, а страты панеслі і ўсе яго аднавяскоўцы (паколькі малако зліваецца ў агульную ёмістасць), і наша прадпрыемства. Акрамя таго, былі непрыемныя разборы. У нашай справе важны давер, які грунтуецца на сумленнасці кожнага».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Камянецкі, Маларыцкі раёны

Загаловак у газеце: Малаказдатчык, будзь сумленным!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.