18 Жнівень, субота

Вы тут

Са святам, Наваполацк!


У адным з самых маладых гарадоў краіны, Наваполацку, у мінулую суботу адсвяткавалі 60-годдзе заснавання. Гэта няшмат. Але Наваполацк за гэты час дасягнуў многага. У прыватнасці, аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў Наваполацку складае палову ад агульнага аб'ёму Віцебскай вобласці. Тут знаходзяцца айчынныя гіганты «Нафтан» і «Палімір», якіх добра ведаюць далёка за межамі Беларусі.


У ліку ганаровых і, безумоўна, самых чаканых гасцей на свяце была кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Яна ж — зямлячка: нарадзілася ў Полацку, вучылася ў Наваполацкім політэхнічным інстытуце. У 2007—2014 гадах была мэрам Наваполацка.

Карэспандэнт «Звязды» пацікавіўся ў Наталлі Іванаўны, наколькі, на яе погляд, адрозніваецца горад праз 10 гадоў з таго часу, як тут святкавалі 50-ы дзень нараджэння.

— А вы ведаеце, адрозніваецца! Стаў больш прыгожы, уладкаваны. Кожны год пра гэта можна гаварыць, бо ён сапраўды дынамічна развіваецца. І кожны год тут нешта змяняецца. Я думаю, што яго найлепшая перспектыва яшчэ наперадзе! — упэўнена яна.

Наталля Качанава, віншуючы гараджан, зачытала прывітанне кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. У ім адзначаецца, што дзякуючы карпатлівай і сумленнай працы жыхароў горад стаў буйным прамысловым і культурным цэнтрам, з магутным эканамічным і інтэлектуальным патэнцыялам. Прэзідэнт выказаў шчырую падзяку ўсім, хто ствараў горад і дынамічна развівае яго сёння. «Хай і надалей гісторыя Наваполацка складаецца з вашых добрых спраў і працоўных здзяйсненняў», — пажадаў у віншаванні кіраўнік дзяржавы.

Асабіста Прэзідэнт клапоціцца аб развіцці горада нафтаперапрацоўшчыкаў. У сваім Указе (№ 220 ад 5 чэрвеня 2018 года) Аляксандр Лукашэнка ў ліку іншых даручыў наваполацкай гарадской і віцебскай абласной уладзе да канца бягучага года рэканструяваць палац для заняткаў спортам на лёдзе і пабудаваць лядовую пляцоўку пад дахам для трэніровак.

Віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка паведаміў, што ў наступным годзе павінны завяршыць мадэрнізацыю галоўнага ў горадзе прадпрыемства — «Нафтан». Маштабная мадэрнізацыя доўжыцца каля шасці гадоў. І ўжо зроблена больш за палову з задуманага. Агульны аб'ём інвестыцый складае больш за 1 мільярд 640 мільёнаў долараў.

— Гэтыя сродкі дазволяць дасягнуць узроўню глыбіні перапрацоўкі «чорнага золата» да 90—92 %. Інвестыцыі накіруюць і на мадэрнізацыю «Паліміра». А пакуль што робіцца распрацоўка тэхніка-эканамічнага абгрунтавання, — сказаў ён.

Намеснік старшыні ўрада, разважаючы пра развіццё горада-юбіляра, назваў у якасці «лакаматыва», які паскорыць працэс, нафтахімічны кластар. Мінулай восенню адпаведнае пагадненне аб яго стварэнні падпісалі кіраўнікі гарвыканкама, «Нафтана» і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзякуючы кластару навукоўцы, выкладчыкі, студэнты і прамыславікі змогуць больш плённа супрацоўнічаць.

На святочныя мерапрыемствы прыйшлі паглядзець дзясяткі тысяч гараджан і гасцей горада. Запомніцца тэатралізаваны парад-шэсце. Па падліках арганізатараў, сёлета быў усталяваны рэкорд, бо ў акцыі бралі ўдзел каля трох тысяч гараджан. Яны прадставілі гледачам «вехі» станаўлення і развіцця горада. Гледачы ўбачылі «жывую гісторыю». Напрыклад, як першабудаўнікі (так з павагай тут называюць стваральнікаў горада) жылі ў палатцы. Прадэманстравалі тое, як развіваўся горад на працягу розных дзесяцігоддзяў.

На свяце можна было купіць сувеніры ў рамеснікаў, убачыць паказальныя выступленні майстроў, напрыклад адзін пры дапамозе бензапілы выразаў скульптуру. Можна было паназіраць і за выступленнем аматараў, захопленых гістарычнай рэканструкцыяй.

Увесь дзень у горадзе працавалі гандлёвыя пункты, пляцоўкі для забаў дзятвы.

***

Побач з эпіцэнтрам галоўных падзей святкавання, на пошце, «Звязда» таксама вітала гасцей. Супрацоўніцы паштовага ведамства і рэдакцыі расказвалі пра «Звязду». Прапаноўвалі аформіць падпіску. Усім, хто пажадаў падпісацца на найстарэйшую дзяржаўную беларускамоўную газету краіны, гарантавалі ўручэнне фірменных прызоў. І гэта ўжо наша даўняя традыцыя. А ў якасці дадатковага «бонусу» частавалі цукеркамі.

Прыемна, што наша газета для многіх тутэйшых жыхароў насамрэч стала, як у дэвізе рэдакцыі: «Роднай газетай на роднай мове».

Свята Наваполацка завяршылася канцэртам і шыкоўным феерверкам. Але не скончылася, бо было цікава людзям розных пакаленняў і ў наступны дзень.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БЕЛТА

Да тэмы

У Наваполацку ў межах прафсаюзнай акцыі «Мы — разам!» прайшоў святочны канцэрт.

Па традыцыі ў праекце прынялі ўдзел аматарскія творчыя калектывы, фіналісты рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу «Новыя імёны Беларусі», зоркі беларускай эстрады. Дарэчы, сёлета прафсаюзны праект «Мы — разам!» праходзіць пад дэвізам «З вялікай любоўю да малой радзімы», і гэта адзіная акцыя такога кшталту і ахопу ў краіне.

Як нагадалі ў ФПБ, з 2015 года народна-патрыятычная акцыя наведвае гарады і раёны краіны, ушаноўвае працоўныя дынастыі, маладых спецыялістаў прадпрыемстваў і іх настаўнікаў. За тры гады ў 151 канцэрце акцыі «Мы — разам!» прынялі ўдзел звыш 250 тысяч чалавек. Па інфармацыі нацыянальнага прафцэнтра, сёлета запланавана 25 канцэртаў. Іх адметнасць у яркай анімацыйнай частцы, якая ідзе паралельна з канцэртам. Гэта і спартыўныя спаборніцтвы, і актыўныя зоны ад сацыяльных партнёраў. Наступныя канцэрты адбудуцца ў чэрвені ў Стоўбцах і Чавусах.

Вольга АНУФРЫЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.

Эканоміка

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Калі на Магілёўшчыне павысяцца надоі?

Карэспандэнт «МС» паспрабавала разабрацца.