Вы тут

ЦТ па фізіцы здаюць больш як 25 тысяч чалавек


Цэнтралізаванае тэсціраванне перасягнула свой экватар. Сёння прэтэндэнты на студэнцкі білет пісалі тэст па фізіцы. Гэта традыцыйна самы складаны для абітурыентаў прадмет, але без гэтай дысцыпліны немагчыма паступіць ні на інжынерныя спецыяльнасці, ні трапіць у ІТ-галіну. Усяго па краіне для здачы тэста па фізіцы зарэгістраваліся больш як 25,5 тысячы чалавек.   


Тэставы экзамен па фізіцы доўжыцца тры гадзіны. Да слова, як сведчыць маніторынг часу, выдаткаванага ўдзельнікамі ЦТ на выкананне заданняў па фізіцы ў папярэднія гады, ужо праз 30 хвілін завяршае работу з экзаменацыйнымі матэрыяламі прыкладна чвэрць тэстуемых. Яшчэ праз паўгадзіны аўдыторыі пакідаюць 30 працэнтаў абітурыентаў. А, так бы мовіць, да канца з тэстам працуюць толькі 10% абітурыентаў. Не сакрэт, што многія разлічваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні на элементарнае шанцаванне… Хтосьці спрабуе згуляць у "марскі бой" – расстаўляе ў тэсце крыжыкі наўздагад.

У асноўную хвалю ЦТ абітурыентаў чакаюць яшчэ тры тэсціраванні: 28 чэрвеня — па гісторыі Беларусі, 30 чэрвеня — па геаграфіі і 2 ліпеня — па  сусветнай гісторыі навейшага часу.

Рэгістрацыя абітурыентаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовы дзень будзе весціся з 30 чэрвеня па 3 ліпеня.

Арганізатары ЦТ папярэджваюць: да здачы тэст-іспытаў у рэзервовы дзень будуць дапушчаны толькі тыя абітурыенты, якія змогуць даказаць, што ў іх былі сур'ёзныя прычыны для пропуску экзамену (напрыклад, прад'явяць даведку пра сваю хваробу). Калі абітурыенты ўдзельнічалі ў ЦТ у асноўны дзень, але не змаглі дапісаць сваю работу з-за пагаршэння стану здароўя, яны таксама змогуць скарыстацца рэзервовым днём. Для аказання абітурыентам медыцынскай дапамогі ва ўсіх пунктах правядзення тэсціравання былі арганізаваныя дзяжурствы медыцынскіх работнікаў, таму такія выпадкі фіксаваліся непасрэдна на месцы. А вось тыя, хто парушыў правілы ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні, здаць прапушчаны экзамен у рэзервовы дзень не змогуць.

Звяртацца з дакументамі, якія пацвярджаюць прычыну няяўкі на ЦТ, трэба ў Белдзяржуніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт. З сабой трэба мець таксама пропуск на тэсціраванне, якое было прапушчана, і дакумент, які сведчыць асобу абітурыента.

Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання па ўсіх вучэбных дысцыплінах у рэзервовы дзень вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Іспыты будуць праходзіць на яго базе  6, 8 і 10 ліпеня.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.