Карэспандэнты «Звязды» гутараць з генеральным дырэктарам Ваўкавыскага ААТ «Беллакт».
Прадстаўляем суразмоўніка
Аляксандр Яроцкі прыйшоў на завод у 1997 годзе па размеркаванні пасля заканчэння Пінскага тэхнікума мяса-малочнай прамысловасці, працаваў слесарам-наладчыкам. Пасля арміі вярнуўся сюды ж, і яго прафесійная кар'ера цалкам звязана з прадпрыемствам.
Аператар дзіцячага харчавання, механік у цэху дзіцячага харчавання — каля дзесяці гадоў, а гэта сапраўдная школа. Затым галоўны механік завода, галоўны інжынер. У 2011 годзе ўзначаліў калектыў.
Бацька траіх дзяцей. Так што ён абсалютна «ў тэме».
Калі дазваляе час, ахвотна гуляе ў футбол.
— Ваша прадпрыемства па-ранейшаму адзінае ў сваім сегменце рынку ў краіне, Аляксандр Міхайлавіч?
— «Беллакт» — адзіны вытворца сухіх прадуктаў для дзіцячага харчавання, а таксама адзін з лідараў малочнай прамысловасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Сухое дзіцячае харчаванне раздзяляецца на прадукты па ўзросце. З «нуля», як толькі дзеці з'явіліся на свет, у нас ужо ёсць лінейка прадукцыі для іх кармлення. З шасці месяцаў, бо праз паўгода ўжо недастаткова сумесяў ці малака маці, тут дабаўляюцца так званыя прадукты прыкорму. А таксама з года. Дарэчы, сухія прадукты прыкорму — кашы на малочнай і безмалочнай аснове, толькі мы адны выпускаем у краіне. І з'яўляемся адным з вядучых вытворцаў на тэрыторыі СНД. Па афіцыйнай статыстыцы па сухіх прадуктах (сумесі і кашы) у Рэспубліцы Беларусь мы займаем 75 працэнтаў долі рынку, астатняе — імпарт.
На прасторах СНД мы не з'яўляемся адзінымі, ва Украіне ёсць копія нашага завода, але на іх развіцці адчувальна адбілася змена ўладальнікаў. У выніку рэцэптуры іх прадукцыі не адпавядаюць новым павевам. З пяці заводаў, што былі ў савецкі час, засталіся толькі два. У Расіі працуе адзін, і толькі на фасоўцы дзіцячага харчавання еўрапейскай вытворчасці. Хоць эканамічна ім было б больш выгадна фасаваць нашу прадукцыю, бо мы ў адзінай мытнай прасторы.
— Вашы спажыўцы — вельмі далікатная публіка. Тэма якасці стаіць востра? Гэта ваш першы клопат?
— Я не сказаў бы нават «клопат», гэта галоўны абавязак. Дзіцячае харчаванне — толькі высокай якасці. Гэта дадзенасць, якая не абмяркоўваецца.
У сувязі са спецыфікай нас нельга параўноўваць нават са звычайным малочным заводам. Вытворчасць дзіцячага харчавання абавязвае трымаць планку патрабавальнасці вельмі высока. І яна традыцыйна трымаецца высока вось ужо больш за 45 гадоў. Скажу нават так: сваю прадукцыю мы ўспрымаем не як прадукт харчавання, а як медыцынскі прэпарат, гэта нават лекі. У іншых краінах, у прыватнасці ў Грузіі, з якой супрацоўнічаем, сумесі ад нараджэння да паўгадавога ўзросту выдаюцца па рэцэптах. Бо там яны ў статусе лекавых прэпаратаў. І калі мама з нованароджаным становіцца на ўлік да педыятра, мамам выпісваецца рэцэпт на тую ці іншую сумесь.
Сумесі, якія выпускаем, падзяляюцца на сумесі для здаровых дзяцей, лячэбна-прафілактычныя і лячэбныя. Пры распрацоўцы прадуктаў для дзіцячага харчавання ўлічаны самыя сучасныя і перадавыя дасягненні ў дзіцячай дыеталогіі і нутрыцыялогіі. Гэта адносіцца і да вытворчасці дзіцячага малачка, кефіра, ёгуртаў, біялакта, тваражкоў, каш і ўсіх навінак, якія з'яўляюцца рэгулярна.
І да сыравіны прад'яўляем патрабаванні як на фармацэўтычных прадпрыемствах. І вытворчыя працэсы таксама арганізаваны як на фармацэўтычным прадпрыемстве. Важна, што вытворчасць прадукцыі ажыццяўляецца на сучасным абсталяванні апошняга пакалення з выкарыстаннем сучаснай упакоўкі ад вядучых кампаній Польшчы, Нідэрландаў, Германіі, Францыі.
У нас у штаце ёсць медыцынскія работнікі, педыятры-практыкі, усе са спецыяльнай медыцынскай адукацыяй, ёсць спецыялісты з навуковымі званнямі. Яны чытаюць лекцыі будучым і маладым мамам, а таксама сваім калегам-педыятрам на выязных сустрэчах у розных рэгіёнах краіны. Ці ў нас на прадпрыемстве, калі мы па ўзгодненым графіку прывозім вялікія групы ўрачоў да сябе на завод. Паказваем вытворчасць, звяртаем увагу на памылкі мам пры кармленні, слухаем уважліва сваіх партнёраў у белых халатах.
Зыходзячы з усяго гэтага мы і да арганізацыі работы па забеспячэнні якасці сваёй прадукцыі адносімся намнога больш жорстка. Прадукты праходзяць найстражэйшы шматступеньчаты кантроль на ўсіх стадыях вытворчасці. У склад нашага акрэдытаванага выпрабавальнага цэнтра ўваходзяць прыёмная лабараторыя, лабараторыя фізіка-хімічных даследаванняў, лабараторыі бактэрыялагічных і таксікалагічных даследаванняў, пост радыяцыйнага кантролю.
Сыравіну, малако толькі класа экстра, бяром у гаспадарках Ваўкавыскага, Мастоўскага, Зэльвенскага і Свіслацкага раёнаў, якія знаходзяцца на ўскрайку Белавежскай пушчы, у экалагічна чыстым запаведным куточку Беларусі. Большасць гаспадарак, што здаюць нам «белае золата», знаходзіцца ў спецыяльным рэестры Мінсельгасхарча Беларусі на права пастаўляць сыравіну для выпуску дзіцячага харчавання.
Акрамя малака, у дзіцячым харчаванні вельмі многа кампанентаў. З той простай прычыны, што малако каровы вельмі моцна адрозніваецца ад малака маці — па вугляводах, па тлушчы, па бялках і вітамінах. І задача вытворцы — максімальна наблізіць яго да груднога. Уносім усе неабходныя інгрэдыенты, ідэнтычныя саставу мацярынскага малака. Вітаміны закупляем у Еўропе.
Сумесна з інстытутамі Нацыянальнай акадэміі навук мы праводзім шмат даследаванняў беларускіх дзяцей, ведаем, чаго ім не хапае, і робім акцэнт на гэтую пазіцыю. Выходзім на супрацоўніцтва з інстытутамі Расійскай акадэміі навук, бо прадукцыю пастаўляем і ў Расію.
А ўвогуле распрацоўваем рэцэптуры пад кожную краіну, куды экспартуем прадукт, таму што дзеці ад дзяцей адрозніваюцца.
— У выніку ў сваёй прадукцыі вы робіце цэлы кактэйль з карысных рэчываў. Ці ўсе яны нармальна суадносяцца, узаемадзейнічаюць адно з адным?
— Эксперыментаваць на дзецях не будзеш. Стараемся знаёміцца з еўрапейскім досведам і пераймаць найлепшае ў рэцэптурах, калі бываем на спецыялізаваных семінарах у Германіі, Іспаніі, Швейцарыі, Расіі. Самі праводзім даследаванні — паўтаруся, пры ўзаемадзеянні з нашай Акадэміяй навук. Каб як мага бліжэй наблізіцца ўласным прадуктам да малака маці. Складанасць яшчэ і ў тым, што ў розныя перыяды кармлення састаў малака маці розны.
Хоць формулы такой прадукцыі прыкладна аднолькавыя ва ўсіх яе вытворцаў — у еўрапейскіх, азіяцкіх, у нас. Асаблівага адрознення не бывае, бо рэцэптура ўжо ўстаялася, усё максімальна вывучана, даследавана.
Тым не менш мы з Акадэміяй навук і радзільнымі дамамі праводзім клінічныя даследаванні сваіх новых прадуктаў. Гэта наш святы абавязак. Такое даследаванне праводзілі, напрыклад, у Гродне, калі запускалі ў вытворчасць свой прадукт для дзетак з года. Спецыялісты акадэмічнага інстытута фарміравалі кантрольную групу дзетак, мы кармілі іх сваім малаком. Падчас гэтага даследавання быў выяўлены значны дэфіцыт вітамінаў, макра- і мікраэлементаў у арганізме малышоў. Праз паўгода кармлення нашым прадуктам новай формулы кантрольная група практычна цалкам увайшла ў норму па ўсіх вітамінах. У астатніх выяўлены дэфіцыт заставаўся. Вынікі былі даведзены Міністэрству аховы здароўя. Пасля завяршэння даследаванняў мы змаглі запусціць новую прадукцыю (новую яе формулу) у вытворчасць і рэалізацыю.
— Як наогул вядзецца ўдасканаленне дзіцячых прадуктаў?
— Калі раней проста змешвалі кампаненты, то зараз гэта робіцца на макраўзроўні. Бялок раскладваецца на часткі, тлушчы — таксама, і бяруцца не ўсе, а толькі самыя неабходныя іх кампаненты. Гэта ўжо не простае змешванне, а мембранныя тэхналогіі.
Прадпрыемства ў ліку першых у Беларусі ўкараніла і сістэму менеджменту якасці, і сістэму НАССР, можна нават сказаць, што на нашым прыкладзе яны ў многім і адпрацоўваліся. Без гэтага нельга, так развіваюцца і рухаюцца перадавыя тэхналогіі ва ўсім свеце. І мы не адстаём. Калі вялося ўкараненне сістэм, мы пастараліся іх дапрацаваць так, каб закласці нашу спецыфіку. І цяпер абапіраемся на іх у сваёй рабоце. Тым больш што пастаянна вядзецца ўдасканаленне, і апошнія версіі максімальна набліжаны да патрабаванняў жыцця і сусветнага досведу.
Акрамя таго, тэхнічныя ўмовы і рэцэптуры ўзгоднены з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Прадукты прайшлі абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю на адпаведнасць патрабаванням дзеючых тэхнічных рэгламентаў Еўразійскага эканамічнага саюза, што таксама дазваляе быць упэўненым у іх якасці і бяспечнасці.
Стараемся ўводзіць больш айчынных кампанентаў. Вітаміны — далікатная справа, у краіне яны амаль не выпускаюцца. Але некаторыя іх кампаненты — бялкі, тлушчы і вугляводы выпускаюць і беларускія прадпрыемствы. Сёлета пачалі выпускаць вугляводы ў Магілёўскай вобласці, на прадпрыемстве «Малочныя горкі» — пасля сумеснай работы з намі на працягу некалькіх гадоў. Яны зрабілі мадэрнізацыю, закупілі абсталяванне, пад нас асвоілі вытворчасць лактозы. Пераводзім на іх прадукт ужо дзве формулы дзіцячага харчавання. Ён цудоўна сябе зарэкамендаваў, нармальна ідзе і па працэсе, і па выніковай якасці. Да канца года ў планах перавесці на іх лактозу ўсе тры формулы, каб цалкам адмовіцца ад імпартнай. Яны пастаўляюць нам і свой якасны бялок.
Пастаўляем дзіцячае харчаванне ў мусульманскія краіны — прычым, па стандартах халяльнасці. Арганізаваць вытворчасць халяльнай прадукцыі было не проста, але гэтая задача выканана.
— Вясной на вашым прадпрыемстве прайшоў даволі цікавы семінар...
— Збіраліся правесці як бы звычайную нараду па якасці малака — з намеснікамі кіраўнікоў раёнаў Гродзеншчыны, што курыруюць пытанні сельскай гаспадаркі. Але калі «наверсе» даведаліся, то параілі паўдзельнічаць вельмі шырокаму колу адказных асоб і спецыялістаў. У выніку прысутнічалі таксама галоўныя ветэрынарныя ўрачы з раёнаў вобласці, абласны сельгаскамітэт з ветэрынарнымі службамі і шматлікія прадстаўнікі з астатніх абласцей. Усім было цікава, людзі задавалі шмат пытанняў. Так што атрымаўся самы сапраўдны рэспубліканскі семінар, і гэта на карысць справе.
— Прызнайцеся: ці расказвалі ім пра «сакрэты» сваёй вытворчасці?
— У дзіцячым харчаванні не мае значэнне, якімі сакрэтамі мы карыстаемся пры яго вытворчасці — тымі ці іншымі смакавымі дабаўкамі для старэйшай групы, напрыклад. Галоўны вынік павінен быць адзін. Маюць значэнне не тэхналагічныя нюансы, а рэпутацыя, стабільнасць на прадпрыемстве, яго традыцыі. Так што я і сёння не сакрэтамі падзялюся, а дам парады пакупніку. Пакупнік павінен не эксперыментаваць у выбары вытворцы, а выбіраць вытворцу з вялікімі традыцыямі. Ніколі заводзік, якому без году тыдзень, — без традыцый, без тэхналогій, без вышкаленага персаналу, не выпусціць якаснае дзіцячае харчаванне.
— Вы ўпамянулі персанал. Калі можна, хоць бы коратка, аб калектыве. Ці ўдалося сфарміраваць супольнасць аднадумцаў?
— Наша прадпрыемства — буйное, працуе 1350 чалавек. І я ганаруся сваім калектывам. Для мяне гонар працаваць у ім, з гэтымі людзьмі. Бо яны дакладна ўсведамляюць, дзе працуюць і якую прадукцыю выпускаюць. І адчуваюць за яе адказнасць. Лічу, што ўсе мы — як адна вялікая сям'я. У нас шмат сямейных дынастый, пра якія мы хораша расказалі ў кнізе да 40-годдзя завода. І ёсць сем'і да 30-ці чалавек, якія звязалі свой лёс з прадпрыемствам. Пасылаючы свайго маладога прадстаўніка да нас, яны гарантуюць, што ён будзе працаваць не горш за бацьку, за старэйшага брата. Мы такім паручыцельствам верым. Сям'я бярэ на сябе адказнасць. Яна залежыць ад завода, і мы ў сваю чаргу залежым ад яе, яе членаў. Такое вось у нас сваяцтва.
У нас актыўна працуе прафкам, моцная сацыяльная сфера. Маем свой шматпрофільны здраўпункт, паслугі нават аказваюць стаматолаг, гінеколаг. Ёсць масаж і наогул шмат карыснага. Дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы комплекс, на наш погляд, найлепшы ў горадзе. Людзі маюць магчымасць наведваць рэгулярна басейн, спартыўныя залы, у тым ліку трэнажорку, заняткі па фітнесе для дзяўчат. А на беразе ляснога возера свая база адпачынку. Праводзім там «Дзень сям'і», «Свята Нептуна», зімовыя рыбалкі і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.
Ва ўсіх выпадках плата альбо чыста сімвалічная, альбо яе няма наогул. І людзі ўсё гэта цэняць.
— У пачатку года вы чарговы раз правялі чын асвячэння прадпрыемства.
— У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі дзвюх канфесій — праваслаўнай і каталіцкай. У актавай зале была праведзена служба, пасля чаго свяшчэннаслужыцелі зрабілі абход прадпрыемства, сустрэліся з людзьмі. Гэта адна з традыцый. Мне таксама цікава мець стасункі з прадстаўнікамі царквы і касцёла. Яшчэ і таму, што яны дапамагаюць разумець людзей, асабліва сучасную моладзь. Па нейкіх сваіх крытэрыях — па стаўленні да веры, да сям'і, тым не менш... Царква і касцёл могуць і павінны аб'ядноўваць, а не раз'ядноўваць людзей.
— На сваім сайце ў пасланні да дзелавых партнёраў вы пішаце, што кампанія «Беллакт» прытрымліваецца стандарту сумленнасці, пры якім прадпрыемства і партнёры заўсёды гавораць праўду, пазбягаюць памылак і выконваюць абяцанні. Растлумачце крышачку шырэй.
— Скажам, прэзентацыю сваёй прадукцыі падчас сустрэч з мамамі я пачынаю з канстатацыі таго факта, што лепш за грудное малако ніхто нічога не зрабіў. Гэта абсалютна сумленна. І раю максімальна працягла карміць грудным малаком. Вытворцы падышлі да ідэалу, але ніхто пакуль яго цалкам не дасягнуў. У тым ліку і мы. І найлепшае малако — мацярынскае. А калі ў вас яго няма — прыходзьце, раскажам, што ў вашым канкрэтным выпадку лепш прымяняць.
Я не кажу ім, што наша харчаванне лепшае за ўсіх. Я кажу, што яно не горшае. І гэта святая праўда.
Адзін з нашых прыярытэтаў — давер партнёраў і спажыўцоў. Маркетынгавая служба падтрымлівае пастаянную сувязь з кліентамі і атрыманую ад іх інфармацыю — пажаданні, заяўкі, заўвагі — распаўсюджвае падраздзяленням.
— Назавіце, калі ласка, адрасы экспарту. Цікава, дзеці якіх народаў з'яўляюцца «малочнымі братамі» беларусікаў...
— Удзельная вага экспарту ў агульным аб'ёме рэалізаванай прадукцыі — больш за 30 працэнтаў. На экспарт ідуць у асноўным сухія малочныя сумесі і сухое малако, бо маюць адпаведныя тэрміны захоўвання. 31 працэнт рынку складае Расія, 17 працэнтаў — іншыя краіны СНД, 52 працэнты — далёкае замежжа. Самы буйны спажывец сухога малака — Кітай. Так што больш за ўсё «малочных братоў» там. Пастаўляем таксама ў 15 краін Паўночнай Афрыкі і Сярэдняй Азіі. Малачком з густатраўных лугоў Беларусі сілкуюцца малышы Амана, Лівіі, Сірыі, Турцыі, Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Судана, Марока...
— Але вы выпускаеце прадукцыю і для цяжарных жанчын і маладых мам.
— Вырабляем даволі даўно, гэта таксама ключавая пазіцыя. Яна запатрабавана і сябе акупляе. Дзіця бярэ ад маці шмат энергіі і сіл. І мы вяртаем ім тое, што ў іх «экспрапрыіравалі» іх маляняты. Дзіця сваё возьме, і трэба даць нешта карыснае, вельмі неабходнае самой маці. Бывае, што яна не вельмі разнастайна харчуецца, што з традыцыйнай ежай не атрымлівае вітамінную падтрымку.
— А малако казы ў дзіцячым харчаванні — гэта ў стадыі эксперымента?
— Мы адно з нямногіх прадпрыемстваў, што перапрацоўваюць малако коз на прамысловай аснове. Па сваім саставе яно бліжэй да малака маці, чым нават каровіна, і менш алергеннае. Мы сертыфікавалі казіную ферму ў Мацвееўцах Ваўкавыскага раёна на права пастаўкі малака для дзіцячага харчавання. Перад гэтым прафінансавалі гаспадарцы пакупку статка і абсталявання, правялі рамонт будынка. Пару дзён таму каштавалі першую малочную кашку на аснове казінага малака. Кампаненты — грэчка, рыс, авёс, 5 злакаў. Восенню выйдзе першая такая айчынная прадукцыя — кашы на аснове казінага малака.
У гандлі шмат дарагіх імпартных каш на казіным малацэ. Значыць, попыт ёсць, і нельга яго ігнараваць. Беларуская каза не горшая за еўрапейскую.
На Ваўкавыскім ААТ «Беллакт» распрацаваны, укаранёны і функцыянуюць:
- сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць патрабаванням СТБ ІСО 9001-2009;
- сістэма кіравання бяспечнасцю харчовых прадуктаў на аснове аналізу небяспек і крытычных кантрольных кропак СТБ 1470-2012;
- сістэма менеджменту харчовай бяспекі на адпаведнасць патрабаванням FSSС 22000;
- сістэма кіравання навакольным асяроддзем на адпаведнасць патрабаванням СТБ ІСО 14001-2005;
- сістэма кіравання аховай працы на адпаведнасць патрабаванням СТБ 18001-2009;
- сертыфікат «Халяль».
*На правах рэкламы
УНП 500043093
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.