Вы тут

Глеб Ганчароў. У кнізе лёсаў


Ганчароў Глеб Уладзiмiравiч нарадзiўся 23 верасня 1965 года у горадзе Мiнску. Скончыў iнжынерна-фiзiчны факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута (1988) i гаспадарча-прававы факультэт Беларускага iнстытута правазнаўства (1999). Аўтар рамана ў вершах «Каятан Чабор», паэм «Анёл Януш», «Цвет нiкацiяны», «Гiпербарэйская легенда», аповесцей, апавяданняў, вершаў, п'есы «Уваскрэсенне Лазара».

Уладальнік гран-пры літаратурнага конкурсу «Мінск — горад майго лёсу» Выдавецтва «Чатыры чвэрці» (2017), першай прэміі Літаратурнага конкурсу «Скарынавай душой узлашчанае слова» Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечанага 500-годдзю беларускага кнігадрукавання (2017).


У кнізе лёсаў

***

…А што, калi Iсусы, Маiсеi

Ды iншая прароцкая гурма

Вялi сябе з людзьмi, як фарысеi,

Бо ведалi, што вечнасцi няма?

 

Што не сустрэць нiколi ўратавання:

Там — пустата i ледзяная твань! —

I хлусiлi з вар’яцтвам спачування,

Каб паства не ўвасобiлася ў здань?

 

Таму ў якiмсьцi насланнi змярцвелым,

У хiжасцi iмглы i скавышу,

Аж сорак дзён над апусцелым целам

Вымотвае i скручвае душу.

 

Яна, што абяссiлены падранак,

Iрвецца марна ў перажыты лёс!

Няўжо настолькi жудасны прыстанак

Наканаваны ёй замест нябёс?

 

 

Клён

 

На схiле сонца ў мёрзлым небе клён

Быў стрэты мной, што адзiноты плён.

Яго чарнiльны ствол у лубе споднiм

Стаяў, як свечка, на пагорку ўсходнiм.

Трывожылася лiсце ва ўнiсоне

Ў яго старэчай парадзелай кроне,

I покрывам з бурштынавай тафты

Драпiраваны быў адхон круты.

 

Маркоўны пук запозненых лiстоў

Пад свежым ветрам быў напагатоў

Удалеч з чаранкоў сухiх сарвацца,

I першы з iх маланкай пяцiпальцай

Ужо iмчаў наўскач да лепшай долi —

У выразным ды прасветлым арэоле.

 

А тыя, што часова засталiся

З галiнамi, працягнутымi ў высi,

Мне прыгадалi зменлiвыя сценi —

Бы подых меланхолii асенняй

На апусцелай, прыбранай зямлi.

Яны сядзелi сцiжмай на галлi

Ва ўзрушанасцi зменлiвых пачуццяў.

I я адчуў, як у кляновым луццi

Спыняецца паволi сок імклівы,

Прыцішвае вясновыя разлівы.

 

Той аблыселы шар лiстоў чаканных

Быў вiдарысам дзён доўгачаканых,

А клён, як перапоўнены фiял,

Іх па адным, шкадуючы, губляў,

I так перада мной яны луналi,

Нiбы малюнкi снежнай бiенале…

 

 

Урывак з апакалiпсiса

 

…Упала цемрадзь, i прыйшла журба,

I вад iголкай прадзіравіў скронi,

Калi ён да распаленага лба

Даткнуўся, як да вогнiшча, далонню,

I падзiвiўся ззянням уначы,

I зазiрнуў iмгле за аверс споднi:

Там небасхiл праменныя мячы

Расквечвалi, як полымя паходнi.

Ён скалануўся i сышоў слязой,

Бо ля свяцiл — янтарных, што пярэсна, —

Iх сем было… I кожнае лязо

Ў зямлю было нацэленым злавесна.

Вятрыска дзьмуў, шпурляючы пясок,

I голы шлях быў мёрзлым, быццам полаз,

I — ад няўцешнасцi на валасок —

Ён раптам з неба счуў паўсюдны голас

I сцiснуўся самотным дзiцянём.

Была бязлюднай цёмная дарога,

А голас пёк нябачным прамянём

I з коранем вымаў душу прарока.

I ў вуха, як у змятую трубу,

Цёк подых, прыпадоблены да гушчы,

Падказваючы вернаму рабу

Пасланне на навуку невiдушчым,

Пасланне на пакорлiвасць глухiм,

Што неслася з навiслага адгор’я…

I ўскрыкнуў Iаан, калi над iм

Няўмольнае застыла сямiзор’е,

Калi запелi трубы i калi

Пад вершнiкамi храпянулi конi,

I з неба наблiжаўся да зямлi

Бяскроўны жах у белым балахоне...

 

 

Мацi

 

… I калi павялi Яго, як абавязваў закон,

Кожны волас Яго аб’яўляючы па-за законам,

Ты, за сон палiчыўшы жахлiвы, ганебны палон,

Да астачы чакала, мо ён зберажэцца палону.

 

У сярэдзiне радаснай, прагнай, што воўк, мiтуснi,

Мiж натоўпу, якi вiнавацiў праклёнам шчаслiва,

Ты хацела сканаць, да гары скiраваўшы ступнi,

Дзе драпежнае мора гуло ад людскога наплыву.

 

Зазiраючы ў бельмы i поўныя слiнай раты,

Падзяляючы ў сэрцы пароўну любоў i пагарду

Двух аскепкаў эпохi, у сэрцы разрэзаным ты

Праз пакору адно не пасмела пакiнуць спагаду.

 

Нават там на вяршынi, калi Яго кат крыжаваў,

А абветраны воiн мiж рэбраў кап’ё Яму ўставiў,

Ты, схаваўшы ў грудзях апустошаных роспачны гвалт,

Разумела, што роднае — гэта цяпер супраць правiл.

 

Пад iржанне п’янчуг, што багата хапiлi вiна,

Скрозь натоўп разявак, што пацех зажадаў па-плебейску,

Ты маўклiва iшла, i расла адчужэння сцяна,

Бо ўзвалiў Яго кроў на сябе твой народ iудзейскi.

 

I, калi вар’явалiся ўсе, бы на ловах звяр’ё,

То маленнем такiм, што не снiлi i высi Сiная,

Выкупляла ад чорнага космасу сэрца тваё

Ўсiх, хто роў «Разапнi!», i твая мiласэрнасць святая!

 

 

***

Адгэтуль мне не страшны галалёд

Ды снегам прыхаваныя палонкi…

У кнiзе лёсаў — драны пераплёт,

Паточаныя шашалем старонкi.

 

I нашы душы безлiччу вятроў

Былi гурмой патопленыя ў моры

Старонак без дакладных нумароў,

У зломках недапiсаных гiсторый.

 

I хто зрабiў пасля дарэмны чын,

Злажыў сюжэт, напiсаны багамi?

Ён аркушы сабраў i спалучыў

Нязграбна, кепска, дагары нагамi.

 

Хто iх хапаў са спрытнасцю гульца,

Не гледзячы на сэнс апавядання,

Што лёсы без пачатку i канца

Паўсталi наўзамен наканавання?

 

Каму крычаць, прыкмецiўшы падлог,

На ўцеху разнастайным фаталiстам?..

Маё жыццё згубiла эпiлог

I маналог аб самым асабiстым.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.