Вы тут

«Неафіцыйны» старт фэсту № 1


Учора, 9 ліпеня, распачалася так званая неафіцыйная частка ХХVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Гэта — шматгадовая традыцыя. Афіцыйнае адкрыццё «базару» пройдзе паслязаўтра, 12 ліпеня. А закрыецца фэст № 1 на постсавецкай прасторы — 16-га. Але потым яшчэ два дні будуць гучаць фестывальныя акорды.


З кожным годам усё больш папулярным становіцца набыццё білетаў праз інтэрнэт. І геаграфія пакупнікоў пашыраецца. Сёлета, напрыклад, набылі квіткі на фестывальныя падзеі нават у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, Японіі і Канадзе.

Між іншым, у гонар 30-й гадавіны з дня адкрыцця галоўнай сцэнічнай пляцоўкі «базару» ў віцебскіх касах два дні можна было купіць білеты з 30-працэнтай зніжкай на амаль дваццаць канцэртаў у амфітэатры. Насамрэч, вельмі сімвалічны падарунак прыхільнікам фэсту.

Учора, 9 ліпеня, у новым віцебскім Музеі гісторыі мастацкага вучылішча адбылася прэзентацыя выставы «Восіп Цадкін. Вяртанне». Аўтар — выдатны скульптар, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў знакамітай Парыжскай школы. Творца — зямляк віцяблян, аднакласнік Марка Шагала, таксама браў урокі малявання ў віцебскай школе-студыі Юдаля Пэна.

А ў амфітэатры адбыўся першы «сольнік» — спявачкі Зары. Сярод спецыяльных гасцей яе праграмы «Мір вашаму дому» былі Жэрар Дэпардзьё, Алег Газманаў, Стас П'еха, Даніл Плужнікаў.

Сёння ж, 10 ліпеня, у Мастацкім музеі прэзентуюць выставачны праект «Кокан», які прадстаўлены Санкт-Пецярбургскім аб'яднаннем мастакоў «Гільдыя тэкстыльшчыкаў». У абласным краязнаўчым музеі прэзентуюць выстаўку «Карэя — краіна ранішняй свежасці».

Але, безумоўна, самай галоўнай сённяшняй падзеяй можна назваць першы дзень правядзення ХVІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2018». За нашу краіну выступае 12-гадовы Арцём Скароль.

Позна вечарам на галоўнай фестывальнай сцэне спяе народны артыст Расіі Мікалай Баскаў.

Заўтра сярод іншых мерапрыемстваў запланаваны канцэрт артыстаў Казахстана, падчас якога заспявае легендарная спявачка Роза Рымбаева. Сёлета, дарэчы, зорка з імем гэтай народнай артысткі Казахстана ўпрыгожыць «Плошчу зорак» каля Летняга амфітэатра.

Фестывальны марафон серады завершыцца канцэртам Ірыны Алегравай.

Трэба дадаць, што, як і ў мінулыя гады, адмыслова падчас «базару» паміж Мінскам і Віцебскам курсіруе дадатковы цягнік. На ім зручна прыехаць на фестываль і вярнуцца.

Віцебскі аэрапорт у гэтыя дні прыме чартарныя барты, на якіх прыляцяць удзельнікі фэсту.

Прыемны сюрпрыз для тых, хто захоча даведацца пра сталіцу «Славянскага базару» — QR-коды з сімвалам фэсту — валошкай. Адпаведныя «арыенціры» можна ўбачыць у цэнтры горада. Дзякуючы кодам, на смартфонах і іншых мабільных гаджэтах можна літаральна «адкрыць для сабе Віцебск», сарыентавацца, куды лепш схадзіць, што ўбачыць. Цікава, што ў рэалізацыі праекта ўдзельнічалі юныя гараджане, гімназісты.

Віцебск у фестывальныя дні мае асаблівую прыцягальнасць. Ён шчыра прымае ўсіх, хто цікавіцца мастацтвам. Тут заўсёды ёсць чаму здзіўляцца. Добры настрой і прыемныя ўражанні гарантаваныя кожнаму, хто пажадае акунуцца ў мора музыкі і танца. І гэта можна зрабіць нават бясплатна, бо пад адкрытым небам з раніцы да ночы праводзяцца канцэрты, конкурсы, забаўляльныя праграмы і шмат чаго іншага. А «Звязда» будзе расказваць пра фестывальныя падзеі.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.