Вы тут

Чаму вытворчая гімнастыка стала перажыткам мінулага


Хто застаў савецкія часы, памятае, як у 11 гадзін па ўсесаюзным радыё пачыналася трансляцыя вытворчай гімнастыкі. Прыемны голас дыктаркі агучваў практыкаванні, якія трэба выканаць, каб размяць апорна-рухальны апарат, атрымаць прыліў бадзёрасці.


Мільёны працаўнікоў па ўсёй вялікай краіне ўставалі з рабочых месцаў, пад кіраўніцтвам штатнага альбо пазаштатнага інструктара выконвалі комплекс нескладаных практыкаванняў. І пераставала ныць спіна, ішоў прыток крыві да розных участкаў цела. У неабходнасці такой фізкультмінуткі ніхто не сумняваўся, ніхто не ставіць пад сумненне карысць фізічных практыкаванняў і цяпер. Дык ці ад той спадчыны мы адмовіліся?

Спачатку быў інструктар

З месяц таму давялося пабываць на пінскім трыкатажным прадпрыемстве «Палессе». Некалі — знакаміты ў палескім рэгіёне гігант лёгкай прамысловасці, цяпер ААТ таксама не апошні ў горадзе вытворца і падаткаплацельшчык. Прадпрыемства зараз перажывае не самыя лепшыя часы, знаходзіцца ў стадыі дасудовага аздараўлення і паступова выходзіць з крызісу. Абсалютная большасць работнікаў — жанчыны, многія занятыя ў швейным і іншых цэхах, дзе прадугледжана сядзячая работа. Генеральны дырэктар «Палесся» Таццяна Лукіна сказала тады, што яны падбіраюць кандыдатуру інструктара па спорце і разглядаюць магчымасць укаранення вытворчай гімнастыкі. Зараз, роўна праз месяц, намеснік гендырэктара Людміла Шмат паведаміла карэспандэнту, што такі чалавек падабраны, для яго знайшлі палову стаўкі ў штатным раскладзе, але ён будзе займацца спартыўна-масавай работай. Яна запэўніла, што на прадпрыемстве будуць разглядаць магчымасць укаранення вытворчай гімнастыкі.

Пагалоўная аптымізацыя

Застаецца спадзявацца, што на «Палессі» зробяць добрую справу на карысць здароўя работнікаў. Тут хоць разглядаюць магчымасць, не адмаўляюць таго, што актыўны перапынак патрэбны супрацоўнікам.

На жаль, прыкладу таго, што названая гімнастыка ўвайшла ў практыку вытворчага працэсу, адшукаць на Брэстчыне не ўдалося. Хіба што наадварот. Напрыклад, на вядомым баранавіцкім баваўняным аб'яднанні, таксама гіганце савецкіх часоў, нядаўна скасавалі чвэрць стаўкі спартыўнага інструктара. Зроблена гэта, вядома, у парадку аптымізацыі ў спадзяванні, што фінансавыя справы пойдуць лепей. Але ці выратуе рэнтабельнасць прадпрыемства гэтая чвэрць стаўкі? Як вядома, апошнім часам дзяржава ўкладвала вялікія сродкі ў мадэрнізацыю названага вытворцы баваўняных тканін. Сродкі выдзялялі найперш для таго, каб захаваць калектыў і прадпрыемства ў горадзе. А калектыў — гэта яго людзі з іх здароўем і працаздольнасцю, што асабліва актуальна цяпер, калі пенсійны ўзрост паступова расце.

Наш абласны цэнтр вызначаецца мноствам вялікіх і малых прыватных прадпрыемстваў па пашыве жаночага адзення. І ў горадзе, і ў Брэсцкім раёне такіх фірмаў і фірмачак — дзясяткі. Дырэктару аднаго такога прадпрыемства Уладзіміру Хілько я і патэлефанавала са сваім пытаннем. Вытворчасць у «Бурвіна» салідная: 250 работнікаў, большасць з іх жанчыны, нармальная зарплата, прыстойны сацыяльны пакет. «Чаго няма, таго няма», — адказаў Уладзімір Васілевіч на пытанне і пажартаваў: калі зрабіць перапынак на гімнастыку, то што застанецца нашым дзяўчатам на перакур? Потым назваў факт, які вельмі непакоіць: ледзь не большая палова маладых жанчын фабрыкі курыць, што, вядома, не самым лепшым чынам уплывае на іх здароўе. Дык можа, варта на гэтым прадпрыемстве ўшанаваць тых, хто не выходзіць на перакуры, менавіта карыснай для здароўя гімнастыкай? Напрыклад, у той час, калі іх калегі глытаюць дым? Дырэктар абяцаў падумаць над прапановай.

Толькі бізнес

У кантэксце гэтых разважанняў праглядваюцца дзве праблемы. Першая — нежаданне кіраўніцтва траціць хоць бы мінімальныя сродкі і намаганні на працэс аздараўлення членаў калектыву. Тым больш што ніхто не прымушае гэта рабіць. У савецкія часы вытворчая гімнастыка пачалася з пастановы ўрада, якая была прынятая ў красавіку 1930 года. А пастановы тады выконвалі, спачатку нібы пад прымусам, потым — па прывычцы. Добрай прывычцы. Адразу практыкаванні рабілі пад строга патрыятычную музыку, а ў 80-х нават пад песню Высоцкага. Памятаеце: «Вдох глубокий. Руки шире. Не спешите: три, четыре!»? І рабілі гімнастыку, і ўсе былі задаволеныя. Адзін з цяперашніх маладых кіраўнікоў сказаў у неафіцыйнай гутарцы, што яму не падабаюцца нашы павольныя работніцы, каб яго воля, ён бы набраў дзяўчат з В'етнама, тыя працуюць як пчолкі, бальнічнага не просяць, пра сацыяльны пакет не згадваюць. Словам, нічога асабістага. Толькі бізнес.

Старшыня Брэсцкага абкама прафсаюзаў работнікаў лёгкай прамысловасці Ірына БАХМУЦКОВА адзначыла:

— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі не раз спрабавала адрадзіць забытую традыцыю вытворчай гімнастыкі. Вярнуць добрую справу хацелі нават на заканадаўчым узроўні, але замацаваць норму заканадаўча не ўдалося. Звычайна парламентарыі гаварылі, што работнікі заўсёды могуць «націснуць» на кіраўніцтва і правесці гэты радок праз калектыўны дагавор. Тэарэтычна гэта правільна, а на практыцы мы бачым, што адбываецца. Мне шкада, але я не ведаю такога прадпрыемства нашай галіны ў рэгіёне, дзе б праводзілі вытворчую гімнастыку.

Час выпраўляць памылкі

Сапраўды, у такой сітуацыі і самі работнікі, скажам, праз прафкамы, маглі б дзейнічаць больш рашуча і настойліва. Гэта другая праблема. Калі для сябе яны адстойваюць хвіліны для перакураў, то маглі б пры жаданні адстаяць карысную для здароўя справу. Але нашы людзі наогул не вельмі прывыклі клапаціцца пра сваё здароўе. Гэта таксама факт. Значыць, здаровы лад жыцця і ўсё, што з ім звязана, трэба прасоўваць рашуча і настойліва з дапамогай грамадскасці альбо пэўных дзяржаўных інстытутаў. Галоўны пазаштатны спецыяліст па лячэбнай фізкультуры галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір ПЕРШУКЕВІЧ сказаў:

— Мы добраахвотна адмовіліся ад найважнейшага мерапрыемства, накіраванага на захаванне здароўя. 10—15 хвілін, выдзеленыя на фізічныя практыкаванні, не зробяць шкоды вытворчаму працэсу, а для здароўя людзей была б вялікая карысць. Хваробы пазваночніка, канечнасцяў цяпер маладзеюць. Выдаткі на лячэнне работніка непараўнальныя са стратамі вытворчасці ад хвілін на гімнастыку. Чамусьці ў нас на гэта зусім мала звяртаецца ўвагі. Што казаць пра бізнес, калі многія ўстановы аховы здароўя скарачаюць штаты спецыялістаў ЛФК. Такія рашэнні лічу глыбока памылковымі. Памылкі ж рана ці позна давядзецца выпраўляць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Удых Глыбокі. Рукі — шырай!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.