Вы тут

Чым прываблівае Фінляндыя?


На гэтым тыдні Фінляндыя, без сумнення, апынулася ў цэнтры сусветнай геапалітыкі. Як вядома, у Хельсінкі прайшла «сустрэча стагоддзя» — расійска-амерыканскі саміт з удзелам Уладзіміра Пуціна і Дональда Трампа. Прэзідэнты Расіі і ЗША засталіся задаволеныя сустрэчай і яе арганізацыяй, паведамляе фінскае агенцтва навін STT са спасылкай на прэм'ер-міністра краіны Юха Сіпіля. Пры гэтым кіраўнік урада расказаў, што выдаткі на арганізацыю сустрэчы (каля 10 мільёнаў еўра) узяў на сябе фінскі бок. Прэм'ер заўважыў, што ў канчатковым выніку пытанне ў «паляпшэнні іміджу Фінляндыі». Юха Сіпіля безумоўна меў рацыю, паколькі гэтая скандынаўская краіна прыцягнула ўсеагульную ўвагу. Чым жа адметная Суомі?


Сімвалічнае месца

За магчымасць стаць пляцоўкай для перагавораў Пуціна і Трампа канкурыравалі адразу некалькі краін, але ў выніку перамагла Фінляндыя. Чаму выбралі менавіта яе? Версій было вылучана мноства. Напрыклад, партал Tіme прапанаваў такое тлумачэнне: у Хельсінкі ў 1975 годзе былі падпісаны пагадненні, якія адзначылі пачатак разрадкі ў адносінах заходняга і ўсходняга блокаў. Там жа ў свой час сустракаліся Міхаіл Гарбачоў і Джордж Буш-старэйшы. Нарэшце, Фінляндыя не ўваходзіць у НАТА.

Усё гэта так. Іншая рэч, што ў апошнія гады ў Фінляндыі абвастрылася дыскусія з нагоды магчымага ўступлення ў Паўночнаатлантычны альянс, але большасць насельніцтва па-ранейшаму не гатовая развітвацца з нейтральным статусам сваёй дзяржавы. У рэшце рэшт, нават у самыя суровыя гады халоднай вайны фіны прымудрыліся атрымліваць выгаду са сваёй пазіцыі недалучэння. Многія лічаць, што гэты ўдалы вопыт трэба выкарыстоўваць і цяпер. «Нейтральны статус Фінляндыі дае Трампу магчымасць зрабіць своеасаблівы сімвалічны жэст, які будзе мець вялікае значэнне ў міжнародных адносінах: Трамп пакіне тэрыторыю краін НАТА, каб сустрэцца з Пуціным, — і гэты крок зробіць акцэнт на нядаўніх крытычных выказваннях амерыканскага прэзідэнта ў адрас лідараў НАТА, якіх ён спрабуе прымусіць павялічыць выдаткі на абарону і такім чынам зняць з ЗША частку фінансавага цяжару», — нагадаў Tіme.

Тыя ж прычыны акрэсліла і фінскае выданне Іlta-Sanomat. Апроч іншага, там успомнілі, што ў 1997 годзе ў афіцыйнай рэзідэнцыі фінскага прэзідэнта ў Мянцюніемі праводзілі перагаворы Біл Клінтан і Барыс Ельцын. Зрэшты, як заявіў прафесар кафедры еўрапейскіх даследаванняў факультэта міжнародных адносін Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта Мікалай Мяжэвіч газеце «Взгляд», шырока вядомы фінскі нейтралітэт не зусім такі, якім падаецца. «Неабходна разумець, што Фінляндыя цалкам інтэграваная ў Еўрасаюз, а ў НАТА — працэнтаў на восемдзесят, хоць афіцыйна ў альянсе не знаходзіцца. Так, гэта такі асаблівы Захад, куды Пуціну доўга ехаць не трэба. Трампу дабірацца досыць далёка, аднак ён не пакінуў сімвалічнай прасторы. Такім чынам, гэта быў кампрамісны варыянт, які найбольш задавальняе абодва бакі. Ішлі размовы аб адным з гарадоў Швейцарыі, але вырашылі, што Фінляндыя падыходзіць для сустрэчы лепш», — адзначыў Мікалай Мяжэвіч.

Аднак тэорыю Tіme прафесар СПДУ ў цэлым падзяляе, нагадваючы пра такое паняцце, як «магія месца». «Яно, у прыватнасці, адносіцца да такіх месцаў, дзе некалі былі прыняты лёсавызначальныя рашэнні, якія аказалі ўплыў на вялікую колькасць людзей. У Хельсінкі ў 1975-м прыйшлося дамаўляцца дзяржавам, якія не здолелі гэтага зрабіць трыма дзесяцігоддзямі раней. Тагачасныя Хельсінкскія пагадненні сёння ўжо ў значна «пакамечаным» выглядзе, але да гэтага часу служаць сімвалам таго, што дзяржавы, якія супрацьстаяць адна адной, могуць дамовіцца», — заўважыў эксперт.

Жыві як тутэйшы

Хельсінкі сапраўды аказаліся зручнымі і па лагістычных прычынах. Перад перагаворамі з Пуціным Трамп накіраваўся на саміт НАТА ў Брусель, а затым сустрэўся з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Тэрэзай Мэй і каралевай Лізаветай ІІ. У Маскве ж 15 ліпеня завяршыўся чэмпіянат свету па футболе, і для Пуціна зручна патраціць на пералёт з Масквы ўсяго паўтары гадзіны.

Самі фіны відавочна ўзрадаваліся таму, што расійска-амерыканскі саміт пройдзе менавіта ў іх, як і таму, што гэта стала свайго роду традыцыяй. «Фінляндыя паслядоўна выступала за дыялог у міжнародных адносінах. На працягу мінулага года ў нашай краіне адбыліся ў тым ліку сустрэчы намеснікаў міністраў замежных спраў і камандуючых узброенымі сіламі Расіі і ЗША. Сустрэча прэзідэнтаў у Фінляндыі з'яўляецца натуральным працягам, які выведзе дыялог на самы высокі ўзровень», — адзначыў прэзідэнт краіны Саўлі Ніінісцё. Публіцыст з Фінляндыі Канстанцін Ранкс пацвердзіў газеце «Взгляд»: «Ёсць такі выраз — «дух Хельсінкі». Ён азначае спакойныя, канструктыўныя перагаворы. І так, фіны ўмеюць арганізоўваць падобныя мерапрыемствы».

Жыхары скандынаўскай дзяржавы не без гонару адзначаюць, што іх краіна апынулася ў самым эпіцэнтры сусветнага геапалітычнага працэсу. Мэр Хельсінкі, Ян Вапаавуоры, адзначыў у «Твітэры», што фінская сталіца — «адкрытае і надзейнае» месца. Галоўны маркетолаг горада заўважыў газеце Helsіngіn Sanomat, што фіны загадзя падрыхтаваліся і да наплыву тысяч замежных журналістаў. Са свайго боку, арганізацыя па прасоўванні турызму Vіsіt Fіnland сустракала прадстаўнікоў замежных СМІ слоганам Lіve lіke a local («Жыві як тутэйшы»), каб тыя змаглі акунуцца ў жыццё простых фінаў.

Саўн больш, чым аўто

Госці Суомі нездарма ўсяляк імкнуцца адчуць смак тутэйшага жыцця. Нядаўна жыхароў Фінляндыі абвясцілі самымі шчаслівымі на планеце. Паводле апошняга даклада The World Happіness Report, краіна ўпершыню стала бясспрэчным лідарам у свеце па задаволенасці жыццёвымі рэаліямі, паведамляе часопіс Spіegel.
А як сцвярджае даследаванне Еўрапейскай службы грамадскай думкі Eurobarometer, фіны, як ніхто ў Еўрасаюзе, давяраюць сваім суайчыннікам. А вось самыя недаверлівыя грамадзяне, па даных даследавання, жывуць у Славакіі, Грэцыі і на Кіпры, паведамляе Spіegel. Насельніцтва Фінляндыі і іншых краін — лідараў рэйтынга ўпэўнена, што шчасце грамадзян базуецца на надзейнай сацыяльнай сістэме і якасных дзяржаўных паслугах, нават калі падаткі ў краіне занадта высокія. Акрамя гэтага, як сцвярджае даследаванне, мігранты адчуваюць практычна такое ж задавальненне жыццём у Фінляндыі, як і карэннае насельніцтва. Такім чынам, у гэтай краіне жывуць яшчэ і самыя задаволеныя мігранты, паведамляе выданне. Пры гэтым фіны выдатна разумеюць, што дзеля шчаслівага і спакойнага жыцця неабходна шмат і старанна працаваць.

Як адзначае Spіegel, жыхары Фінляндыі — «самыя задаволеныя падаткаплацельшчыкі ў свеце». На падатковыя сродкі будуюцца каткі, адкрываюцца басейны і лыжныя трасы. Для фінаў працуюць бясплатныя тэнісныя корты і пляцоўкі пляжнага валейбола. Гэта не лічачы выдатна ўкамплектаваных бібліятэк і ўстаноў культуры. У краіне зноў пачалі будаваць бясплатныя саўны, і гэта пры тым, што прыватных саўн тут, як мяркуецца, больш, чым аўтамабіляў.

Дарэчы, пра аўто. Аўтамабільныя штрафы ў Фінляндыі прывязаныя да даходу. Так, самы багаты чалавек на Аландскіх астравах, якія належаць Фінляндыі, прадпрымальнік Андрэас Віклеф, за перавышэнне хуткасці на 21 кіламетр за гадзіну атрымаў квітанцыю на штраф у памеры 63 240 еўра. Бізнесмен у месяц здзяйснення ім парушэння зарабіў 416 463 еўра і палічыў пакаранне справядлівым. А справядлівасць тут перш за ўсё.

Яшчэ. Фінляндыя гатовая пры неабходнасці арганізаваць новы расійска-амерыканскі саміт. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС рэспублікі Ціма Сойні, перадае ТАСС. «Нам добра ўдаецца праводзіць такія мерапрыемствы», — заўважыў дыпламат. Працяг будзе?

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Магія Суомі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.