Вы тут

Людміла Рублеўская: “Цудоўна, калі прыўносім прыгажосць у сваё жыццё…”


Завяршыўся літаратурны конкурс для чытачоў часопіса “Алеся”, вынікам якога стаў “Ліпеньскі сшытак”, што надрукаваны ў гэтым нумары. Літаратурным кансультантам праекта была вядомая беларуская паэтэса, пісьменнік, драматург, літаратурны крытык Людміла Рублеўская.

Пра ўражанні ад конкурса, пачынаючых літаратараў і шляхі, якія яны выбіраюць, наогул, пра захапленне літаратурнай творчасцю і сённяшні дзень беларускай паэзіі і прозы мы гутарым за кубачкам гарбаты з Людмілай РУБЛЕЎСКАЙ.


Людміла любіць падарожнічаць.

— Людміла, свой першы верш вы надрукавалі ў 18 гадоў у газеце “Знамя юности”. Што паклікала вас да заняткаў літаратурнай творчасцю? Вас сёння матывуе прызнанне шматлікіх чытачоў? Вашы творы сталі бестселерамі, яны перакладзеныя на дзясяткі моў свету.

— Найперш мяне матывуе тое, аб чым я хачу сказаць людзям. Калі мне штосьці баліць – мне важна выказацца. Нават асабліва не турбуе, ці будзе гэта ляжаць у мяне ў стале, ці будзе гэта надрукавана…

Я належу да пакалення “Тутэйшых” – так называлася літаратурнае аб’яднанне творцаў, якое прыйшло ў літаратуру ў час перабудовы, у канцы 1980-х. Мы ўсе тады пісалі “ў стол”, з усведамленннем, што гэта ніколі не будзе надрукавана.

Таму што мы пісалі  яшчэ ва ўмовах былой ідэалагічнай сістэмы.

— Вы лічыце, што ствараць у супрацоўніцтве з сістэмай немагчыма? Некаторым жа ўдаецца?..

— Ну дык я ж не кажу, што ва ўсіх творцаў адзіны шлях! У мяне свой. Я лічу, што само паняцце “паэзія”, паняцце “паэт” азначаюць неўбудаванасць у сістэму. Таму што любая сістэма — гэта нейкія рамкі, гэта шаблоны, гэта законы, а творчасць, мастацтва пачынаецца там, дзе шаблоны і стэрэатыпы заканчваюцца. І гэта трэба добра ўсведамляць маладым, якія ідуць у літаратуру.

— Можна лічыць, у вас шчаслівы творчы лёс. Вашы творы друкуюцца, кнігі прадаюцца, яны неаднаразова адзначаліся прэстыжнымі прэміямі. Летась вы сталі лаурэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі за раман «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». А ў 2013 годзе ўвайшлі ў дзясятку самых паспяховых жанчын Беларусі згодна меркавання  Фонда ААН. Што для вас значыць паспяховасць?

—  Мяне дагэтуль здзіўляе, калі я бачу,што ёсць чытачы, хто таксама перажывае за маіх герояў, каму гэта таксама важна, як і мне. Сённяшні свой стан як паспяховы я не ўспрымаю. Для мяне адзінае важна — тое, што я магу працаваць і мая праца камусьці патрэбна. Тое, што я магу ствараць. І каб ствараць, трэба мець аголены нерв. А стан паспяховасці, задаволенасці — ён пакрывае чалавека нейкім слоем, праз які цяжка прабіцца, у тым ліку і ў творчасці. Таму я пра гэта не задумваюся. Тым больш, што ў нас літаратурная сям’я, мой муж — паэт Віктар Шніп. У жыцці мы вялікія мінімалісты. Мы не ўкладаліся ніколі ў тыя рэчы, якія іншымі прынятыя: у нерухомасць або каб нейкія запасы рабіць...

З мужам Віктарам Шніпам.

— Ведаю, што вы любіце падарожнічаць.

— Так, мы любім падарожнічаць, мне гэта патрэба для душы. Ян Парандоўскі, вядомы польскі пісьменнік, у кнізе пра літаратурны побыт сцвярджаў, што пісьменніку патрэбны толькі ціхі дом, магчымасць час ад часу сустракацца з сабе падобнымі і падарожжы. Для мяне гэта таксама формула шчасця.

— Нехта з вядомых казаў, што ўражанні — адзінае, што ў нас ніхто і ніколі не зможа адабраць…

— Безумоўна. Яшчэ даволі юнай я прачытала творы Сартра, дзе пазнаёмілася з тэорыяй пра дасканалыя імгненні. Там героі рамана калекцыяніравалі дасканалыя імгненні. Вось гэта тое, чым я па жыцці займаюся.

     — Магчыма, менавіта жанчына здольная найбольш чуйна ўспрыняць і найбольш дакладна перадаць боль і светаадчуванне іншых. Дарэчы, а як вы думаеце, гэта выпадковасць, што наша жаночая літаратурная творчасць прывабіла Нобелеўскі камітэт? Я маю на ўвазе атрыманне ў 2015 годзе прэстыжнай прэміі беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч.

     — Яе кнігі – гэта ў нюансах і бытавых дэталях пададзены псіхалагічны партрэт савецкага чалавека ў савецкую эпоху, запісаны, так бы мовіць, з першых вуснаў. І за кожным творам — такое агромністае ўменне слухаць, уменне ўспрымаць дэталі, супастаўляць іх, выпытваць з рэспандэнта штосьці такое, што хаваецца ў самай глыбіні душы і што другім бы не расказаў…

 — Акрамя актыўнай літаратурнай дзейнасці, вы шмат займаецеся з пачынаючымі літаратарамі — не адзін год кіруеце аб’яднаннем маладых творцаў “Літаратурнае прадмесце”.  Але хіба занятак паэзіяй падуладны многім людзям? Мне заўжды здавалася, што гэта справа для выбраных…

— Ведаеце, пры ўсім маім максімалізме, пры перакананні, што на опернай сцэне могуць спяваць толькі спевакі з пэўнымі дадзенымі, я разам з тым лічу, што той, хто спявае ў Доме культуры, не менш важны для сусвету, чым той, хто спявае ў Нацыянальнай оперы.

Вось тут я таксама стаю на тым, што нельга забараняць чалавеку далучацца да творчасці, нават калі ў яго маленькая іскрынка ёсць.Сусвету ўсё важна. Гэта ж цудоўна, калі чалавек прыўносіць прыгажосць у сваё жыццё! Я толькі “за”, і мне ніколькі не шкада часу на пачаткоўцаў. Больш таго, я мару, каб іх было паболей. Праўда, я за тое, каб больш было вершаў на беларускай мове. Таму што справа майго жыцця — гэта замацаванне беларускай мовы, беларускай культуры.  Літаратура ж — лепшае сховішча для мовы. І не проста сховішча. Гэта месца, дзе яна развіваецца, жыве, адкуль яна далей пойдзе. Таму калі ў каго ёсць пакліканне тварыць — не бойцеся, спрабуйце!

— Няўжо для таго, каб заняцца паэзіяй, дастаткова паклікання?

— Не ўсё так проста… Паэзія — гэта спосаб успрыняцця свету, паэтычнае мысленне. Гэта немагчыма ў сябе выхаваць, штучна навязаць. Але калі яно ёсць хоць бы ў невялікай ступені, я думаю, развіць яго можна. Пры ўмове, што гэта будзе чалавек, апантаны тым, што ён робіць. Таму што ў літаратуры, як і ў любой іншай вобласці творчай дзейнасці, талент — толькі невялікі складнік поспеху. Без вялізнай працаздольнасці і адданасці выбранай справе нічога вартага, на жаль, не атрымаецца.

— Вы кажаце, што задаткі можна развіць. У вашай практыцы былі прыклады, калі не самы моцны пачынаючы паэт вырас да прызнанага літаратара?

— Так, на маіх вачах рэальна многа ўжо такіх людзей прайшло. Калі чалавек трапляе ў творчы асяродак, калі ён навучаецца ўспрымаць крытыку адэкватна, калі яму ўдаецца ўбачыць слабыя бакі сваёй творчасці, калі ёсць апантанасць і вялікая матывацыя, калі ўдаецца ўздымацца над сабой  — усё атрымліваецца. Былі асобы, якія пісалі на ўзроўні школьных сачыненняў,  і я не думала, што нешта з іх выйдзе. Але была апантанасць, была вялікая праца, і сёння я імі ганаруся. У іх ужо кніжкі ёсць. Аднак само нічога не прыйдзе – гэта ілюзія, што ты будзеш сядзець, чакаць,і цябе раптам асяніць, і ты напішаш нешта супердасканалае.

— Кожны дзень пісаць, аналізаваць, перапісваць, правіць?..

— Ну, так… У Вазнясенскага ёсць цікавы вобраз. Ён параўноўвае паэзію з іржавай вадой. Спачатку адкручваеш кран — цячэ іржавая вада. Трэба пачакаць, каб яна сцякла, і дачакацца, пакуль з’явіцца чыстая. Іншымі словамі, напачатку, каб напісаць адзін добры верш, трэба напісаць сто кепскіх. І яшчэ неабходна, каб ты зразумеў, што тое былі кепскія вершы, а гэты сто першы – добры.

— Гэта значыць, пачынаючым літаратарам у першую чаргу трэба развіваць літаратурны густ?

— Менавіта. Тым больш, што вось літаратурны густ якраз можна развіць. Я працую з маладымі перш за ўсё над гэтым. І яшчэ я адразу звяртаюся да тых, хто прыходзіць у паэзію, у літаратуру, каб яны стараліся пазбавіцца ад шаблоннага мыслення. Таму што паэзія пачынаецца не з таго, што ты навучыўся правільна рыфмаваць і пішаш пра правільныя рэчы: пра бярозку, пра родную хату, маці і любімую вёску… Трэба, каб у вершы было яшчэ і нешта такое, што больш ніхто да цябе ніколі не сказаў і ніколі не апісаў. Адкрыццё нейкае павінна быць! Нейкі вобраз, нейкая асаблівая інтанацыя, якая закране чытача. Вы самі гэта адчуеце, калі вы ўкладзеце гэта ў свой верш.

Гутарыла Кацярына АГЕЕВА

Працяг чытайце у жнівеньскім нумары "Алесі".

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.