Вы тут

Папараць-кветка над Іркутом


У жывапіснай мясціне, пад абярэгам сібірскай ракі, некранутай прыроды ачышчалі Купаллем сваё жыццё-быццё беларусы Іркуцка і шматлікія госці свята


Па лесе, па лузе мы кветкі збіралі…

Іркуцкія беларусы — за тое, каб старажытныя традыцыі продкаў зберагаліся ў іх аўтэнтычнай прыгажосці й мудрасці, а не расквечваліся ўсялякім кічам ды таннай забаўляльнай папсой. І ў плынь сваіх напаўмістычных дзеяў прыгожыя рамантыкі залучаюць усё больш прыгожых людзей, уводзяць іх у таямнічы, жыццядайны свет Першаверы. У ноч з 23 на 24 чэрвеня — па Сонцы, бо якраз у такую пару ўшаноўвалі Крыніцу Жыцця спрадвеку — яны зладзілі пад Іркуцкам сваё Купалле, што сабрала каля 350 чалавек.

Як вядома, ноч з 23 на 24 чэрвеня — гэта й ёсць “аўтэнтычная” Купальская ноч. Бо, скажуць нам і астраномы, самая кароткая ў годзе. У Расіі, аднак, ды часам і ў Беларусі язычніцкае свята, як ні дзіўна, святкуюць на два тыдні пазней, у ноч з 6 на 7 ліпеня: па новым каляндарным стылі, уведзеным пасля рэвалюцыі. Так і ўвайшло ў нашае жыццё мноства казусаў: і Каляды — пасля Новага Года, і Стары Новы Год, і язычніцкае Купалле… па праваслаўным календары. Беларусы ж і цяпер шануюць традыцыі продкаў, памятаючы вытокі свята, вось і адзначаюць Купалле ў найкароткую ноч. Прычым — на прыродзе, з жывою вадою — бо на берагах чыстых рэчак, у абдымках дзівосных Купальскіх траў і кветак. Сёлета Іркуцкі беларускі клуб “Крывічы” зладзіў Купалле на ўзбярэжжы рэчкі Іркут, паблізу вёскі Смаленшчыны Іркуцкага раёна. Да вечара 23 чэрвеня сабралася там шмат людзей: хто самаходзь, хто й на спецыяльна замоўленых для таго аўтобусах. Пашпартоў і радаводаў тут не пытаюцца: далучыцца да Купалля можа любы, хто жадае паглядзець на старадаўнія абрады, паўдзельнічаць у іх, адпачыць і нібы пабываць у іншым вымярэнні.

І вось — прыехалі. Мужчыны ўзяліся ладзіць лагер, а жанчыны абсалютна ўсіх узростаў рушылі па кветкі на вянкі. Хадзілі мы ў лесе, хадзілі ў лузе, вялізныя букеты назбіралі ды ўсе зноў сабраліся на паляне. Дзяўчаты паселі вянкі звіваць, спяваючы пры тым традыцыйныя Купальскія беларускія песні. Мы ўтварылі адзін вялікі круг, куды мужчынам, нават фатографам і аператарам, ходу няма. “Інакш магію дзейства парушым”, — тлумачыць прадстаўнік клуба “Крывічы”, вядучы свята Алег Рудакоў. Тым часам нехта з купальшчыцаў, хто на Купаллі штогод, вянкі з лёгкасцю звівае, хтосьці — згадвае напаўзабытыя рухі з дзяцінства, хто й вучыцца ўпершыню, паглядаючы на суседак па крузе. А ўрэшце кветкавыя кароны ўпрыгожваюць усіх.

А сонца патрохі ўжо амаль села, пара для Агню настае. Бо ў Купальскую ноч ад заходу і да світання, казалі мудрыя продкі, абавязкова павінна вогнішча гарэць, і ні ў якім разе нельга даць яму згаснуць. Каб яго запаліць, на паляне чаруюць па чарзе галоўныя героі свята: Князь Купаліш ды Багіня Купалінка. Менавіта Купалішу выпадае здабыць Агонь па- старому: з дапамогай крэсіва. Прычым таямніцу тую не павінны бачыць жанчыны — таму ўсе іншыя мужчыны шчыльна Князя абступілі, спінамі затулілі. Нарэшце гарыць! З запаленай паходняй Купаліш і Купалінка абышлі ўсіх па крузе, затым запалілі вогнішча. Вакол яго мы й пачалі вадзіць карагоды: традыцыя. Гучаць тым часам і Купальскія песні — гэта дзяўчаты з гурта “Крывічы”. Тыя ж спевы, на сабе адчула, вельмі ўзмацняюць магію Купальскай ночы. І ў карагодзе рукі разрываць ніяк не трэба, каб не парушыць энергетычную плынь свята.

Карагоды патрохі змяняліся танцамі, гульнямі. Танцавалі Польку, Падэспань, Маразулю, гулялі ў Ручаёк. Потым дзяўчыты кідалі свае вянкі праз вогнішча — які хлопец злавіў, з тым дзяўчыне й танчыць. А яшчэ рамянём, чаргуючыся, хлопцы й дзяўчаты выхоплівалі з гурта сабе партнёраў ды цалавалі. Во якія Купальскія гульні ў цнатлівых беларусаў!

Калі ж наступіла поўнач, то рушылі мы шукаць таямнічую Папараць- кветку. Хоць і кажуць, што папараць не цвіце ў прынцыпе, але ж народныя паданні даносяць таямніцу: нібыта раз на год, у Купальскую ноч яна можа зацвісці. Прычым той, хто знойдзе кветку, будзе заўсёды ўдачлівы, здолее адчуваць, дзе схаваны скарбы, разумець мову звяроў і птушак. Праўда, усявед Алег Рудакоў параіў нам усім, як ішлі на пошукі кветкі, не гаварыць нікому, калі хто яе знойдзе — інакш і сіла чарадзейная страціцца. Вось мы й маўчым па гэты час… А для тых, хто ў цуды не надта верыць, у ваколіцах паляны схавалі кветкі бутафорскія ды прапанавалі адшукаць хаця б іх. І пара, што знайшла “падменку”, атрымала хай сабе й не цудадзейную сілу, але ж памятныя падарункі.

Затым прыйшоў час для вогненнага шоу. Спецыяльна запрасілі на свята калектыў “Шанахи”: артысты жанглявалі падпаленымі паходнямі, запускалі феерверкі. Дарэчы, казалі, што ў некаторых мясцовасцях Заходняй Беларусі па гэты час хлопцы на Купалле робяць факелы- паходні на дроце ды, раскручваючы, запускаюць іх як мага вышэй. Прыгажэннае відовішча!

Да канца вогненнага прадстаўлення на паляне з’явіліся раптам Ведзьма з Лесавіком. Эх, патурбавалі ж мы іх, патлумачыў вядучы, таму прыйдзецца плаціць за тое, што прыйшлі ў іх уладанні: варта паказаць ім свой спрыт, каб нас пакінулі ў спакоі. Хлопцы паказвалі сілу: хадзілі па- старому “сценка на сценку”. Толькі не ў бойцы, а проста імкнучыся выцесніць супернікаў і пры тым рук не растуліць. І для дзяўчат былі заданні: на спрыт.

Урэшце задаволеныя талентамі гасцей “гаспадары ўзбярэжжа” сышлі ў цемру, ды знікла й Купалінка! Выказаўшы здагадку, што лясныя госці яе прыхапілі, Алег Рудакоў прапанаваў: будзем шукаць, ратаваць! Ратавальнікам выдалі запаленыя паходні, бо шукаць багіню можна толькі з імі. Тая пара, што ў лесе знайшла Купалінку, атрымала цудоўныя падарункі: у выглядзе вышываных беларускіх ручнікоў.

А як здорава потым было скакаць праз вогнішча, якое ўжо на той час прагарэла. Гэта, кажуць, лякарства ад усіх хвароб: дазваляе амаладзіцца ды ачысціцца, спаліць усе свае беды-праблемы. Ахвочых было шмат, некаторыя скокнулі й па некалькі разоў. Хтосьці спяшаўся ў першых шэрагах, хтосьці чакаў, каб зыркае вогнішча прагарэла яшчэ больш. А як ачысціліся ўсе, хто хацеў, то вогнішча зноў распалілі мацней: каб згатаваць на ім на ўсіх чароўны адвар, які яшчэ ў некаторых мясцовасцях называюць Купальскі крупнік — настой на травах, рэцэптуру якога арганізатары не выдаюць. Зварылі, Купалінка разлівала ўсім найсмачнейшы напой. А тым часам і небасхіл пачаў святлець, а на паляне з’явіліся Русалкі. Яны спярша пачалі хуліганіць, пырскаючы ў людзей вадой, але ж Купалінка заклікала іх да парадку — і містычныя госці саўладалі з сабою ды пачалі танцаваць.

На досвітку Купалінцы прыйшла пара пакінуць, разам з Русалкамі, што яе суправаджаюць, Купальскае свята. Паданні кажуць: толькі пакуль доўжыцца ноч, багіня застаецца сярод людзей. Мы іх праводзілі, трымаючы ў руках свечкі. Незабыўнае відовішча! Проста сама паэзія ў чыстым выглядзе, аж слёзы ва ўсіх на вачах…

Сплывала ноч. Тыя, хто заставаўся пры вогнішчы, рушылі да рэчкі. Спачатку дзяўчаты кінулі ў Іркут свае вянкі: лічыцца, пры тым трэба загадваць патаемнае жаданне. Калі вянок паплыве, не патоне, то жаданне збудзецца. Пасля ўсе ахвочыя праходзілі ачышчэнне вадой: акуналіся. І я там была, светлую радасць Купальскае раніцы піла. Тым і завяршылася Купалле беларускае на зямлі Сібірскай. А праз год, кажуць мае сябры- беларусы, будзе новае.

Што ж, у гэтым Купальскім іншасвеце варта пабываць.

Алена Пятрова, г. Іркуцк

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.